4 траўня 2024, Субота, 19:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарадца МЗС Польшчы: ЗША не прызнаюць змяненне межаў у Еўропе

3
Дарадца МЗС Польшчы: ЗША не прызнаюць змяненне межаў у Еўропе

Пазіцыя Белага Дому не зменіцца.

Вынікі першай сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Расеі – Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна, каментуе для «Радыё Польшча» дарадца МЗС Польшчы, эксперт і палітолаг Анджэй Талaга.

Прадстаўнік Белага Дому пацвердзіў, што падчас саміту «Вялікай дваццаткі» ў Нямеччыне адбылася другая неафіцыйная сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Расеі – Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна. Пры гэтым супрацоўнік адміністрацыі кіраўніка амерыканскай дзяржавы не расказаў пра тэмы, якія закраналіся падчас гэтай сустрэчы. Лідары скарысталіся паслугамі перакладніка прэзідэнта Расеі, паколькі перакладнік Дональда Трампа не ведае расейскай мовы. На думку экспертаў, адсутнасць амерыканскага перакладніка на перамовах супярэчыць пратаколу нацыянальнай бяспекі. Ці можа гэты факт нашкодзіць кіраўніку Белага Дому, а таксама пра што дамовіліся лідары Расеі і ЗША падчас перамоваў?

На ягоную думку, гэта не было фармальнай, падрыхтаванай раней сустрэчай, а хутчэй «яны падышлі адзін да аднаго падчас афіцыйнай вячэры ўдзельнікаў саміту, пра што звычайна не інфармуюць».

«На самай справе, кожная сустрэча – асабліва на такім узроўні і, скажам, пры дзіўных абставінах – выклікае альбо надзею, альбо непакой. Непакой, паколькі мы не ведаем, пра што яны размаўлялі, не было ніякага пратаколу. У той самы час, неабходна памятаць пра тое, кім з'яўляецца і як сябе паводзіць прэзідэнт Трамп. Ён не часта ідзе за пратаколам, а раней увогуле яго не прытрымліваўся. Верагодна, і на гэты раз нават пра гэта не падумаў, што павінен прысутнічаць сведка пры гэтай гутарцы, што павінен быць перакладнік, каб Трамп сапраўды ведаў, пра што кажа ягоны суразмоўца. Аднак, на маю думку, гэта хутчэй за ўсё было прадаўжэнне першай сустрэчы, якая была халоднай з пункту гледжання яе вынікаў, у той самы час абодва прэзідэнты ўвайшлі ў смак, паколькі правялі за гутаркай больш за дзве гадзіны».

Як адзначыў Анджэй Талага, у выніках першай сустрэчы не было нічога, што магло б выклікаць непакой у Варшаве, а вынікі другой – застаюцца невядомымі. Пры гэтым, на думку госця Польскага радыё, звычайна пералому ў стасунках магутных дзяржаваў не адбываецца пасля першых сустрэчаў іхніх лідараў, паколькі спачатку бакі дамаўляюцца пра нейкія мінімальныя абавязальніцтвы, а пазней пераходзяць да дыскусіі пра сусветны парадак.

Эксперт таксама звярнуў увагу, што неафіцыйная сустрэча або поціск рукі не значаць, што амерыканскі прэзідэнт дамовіўся са сваім расейскім калегам. І гэтаму, паводле ягоных словаў, ёсць тры прычыны.

«Па-першае, фундаментальная. У амерыканцаў ёсць свае сусветныя інтарэсы, і сімпатыі або антыпатыі да каго-небудзь з сусветных лідараў не значаць, што гэтыя інтарэсы мяняюцца. Па-другое, Злучаныя Штаты – гэта вялікая дзяржава, якая не абавязаная, збольшага, ісці на кампрамісы або прагінацца пад некага, прынамсі не пад Расею. Калі яшчэ Кітай можна назваць роўным партнёрам для ЗША, то Расея ўжо такой не з'яўляецца. А па-трэцяе, гэта падзеі ў ЗША, я маю на ўвазе кантакты сям'і Трампа з расейцамі. Такія падазрэнні, такія агучаныя факты, як размова сына Дональда Трампа на тэму атрымання ад расейцаў кампраметавальных матэрыялаў на Клінтан, – гэта вельмі брудныя рэчы. І, на маю думку, у такой сітуацыі прэзідэнт ЗША будзе рабіць усё, каб не прывесці да кулуарных дамоўленасцяў з Масквой, якія маглі б быць успрынятыя як вынік стасункаў Трампа з Крамлём яшчэ да ягонага прэзідэнцтва».

На думку палітолага, у выніку першых перамоваў прэзідэнты ЗША і Расеі не прасунуліся далёка наперад, аднак некаторы прагрэс ёсць, сярод іншага, часовае перамір'е ў Сірыі на значным адрэзку лініі канфлікту і падзел зоны пералётаў над Сірыяй паміж расейскай авіяцыяй і авіяцыяй антытэрарыстычнай кааліцыі. У той самы час пытанні Усходняй Еўропы і Украіны засталіся адкрытымі. Таксама бакі не прыйшлі да пагаднення ў пытанні адмены санкцыяў.

Што тычыцца новых санкцыяў ЗША супраць Расеі, якія прыняў амерыканскі Сенат, то, на думку палітолага Анджэя Талагі, Вашынгтон можа выкарыстоўваць іх як рычаг ціску на Маскву, паколькі гэтыя абмежаванні вельмі балючыя і накіраваныя на еўрапейскія кампаніі, якія супрацоўнічаюць з Расеяй.

«Яны могуць паслужыць, у пэўным сэнсе, інструментам уплыву, гэта значыць: “Мы не накладзем такія жорсткія санкцыі, а вы адкарэктуеце сваю палітыку ў пэўным рэгіёне, напрыклад у Сірыі”. Там амерыканцы прытрымліваюцца адзінай мэты – знішчэння так званай Ісламскай дзяржавы. Лёс рэжыму Башара аль Асада адміністрацыю Белага Дому цікавіць значна менш. Мне здаецца, што амерыканцы і расейцы змогуць прыйсці да згоды ў пытанні падзелу сфераў уплыву ў Сірыі».

Што тычыцца ўкраінскага крызісу, то адміністрацыя Трампа ўспрымае расейска-ўкраінскі канфлікт гэтак сама, як і адміністрацыя Абамы, гэта значыць не прызнае анэксіі Крыма і асуджае ваеннае ўмяшанне на ўсход Украіны. Анджэй Талага мяркуе, што не можа быць і гаворкі пра тое, што ЗША прызнаюць змяненне межаў у Еўропе, і гэтая пазіцыя не зменіцца. Таксама, паводле ягоных словаў, амерыканцы будуць прадаўжаць пастаўляць нелетальную зброю для ўкраінскай арміі і навучаць украінскіх салдатаў, як абараняцца. І ў гэтым, як падкрэсліў госць Польскага радыё, заключаецца асноўнае адрозненне ад падыходу Белага Дому да канфлікту, напрыклад, на Балканах, дзе ЗША навучалі харватаў не абараняцца, а наступаць.

«У 90-я гады амерыканцы навучалі харвацкія сілы таму, як атакаваць і адбіваць захопленыя тэрыторыі. І тады гэтыя землі былі вокамгненна, за пяцідзённы тэрмін вернутыя. І той аперацыяй кіравалі амерыканцы, а рэалізоўвалася яна харвацкімі сіламі. У той самы час сёння і размовы быць не можа пра вяртанне Данбаса, а тым больш Крыма ваенным шляхам. На другім баку ўжо не Сербія, гэта значыць не краіна з вельмі маленькім геапалітычным і ваенным значэннем, а Расея. У гэтым выпадку амерыканскія войскі не будуць падштурхоўваць украінцаў да вядзення поўнамаштабнай вайны з расейцамі, паколькі не хочуць прыводзіць да глабальнай дэстабілізацыі ў рэгіёне».

Паводле словаў палітолага, для амерыканцаў важна толькі захаваць стабільнасць, і іншых інтарэсаў ва Украіне ў ЗША няма, а ў расейцаў супрацьлеглыя мэты.

«Расея не хоча стабілізацыі, яна хоча захаваць гэты канфлікт, каб час ад часу то падліваць алею ў агонь, то, наадварот, вылучаць сродкі, каб замарозіць сітуацыю. Чаму Масква так робіць? Таму што гэта працуе. Гэта ідэальна працуе ў Грузіі, калі гаворка ідзе пра сепаратысцкія рэспублікі, гэтак сама ў Малдове, калі казаць пра Прыднястроўе, і сапраўды таксама гэта працуе ў Данбасе».

Акрамя таго, паводле словаў госця Польскага радыё, паміж Расеяй і ЗША застаецца фундаментальнае пытанне – анэксія Крыма.

«Амерыка і іншыя сусветныя дзяржавы, напрыклад Кітай, не згаджаюцца на юрыдычнае прызнанне анэксіі. Для іх гэта пагрозлівы прэцэдэнт, які можа быць выкарыстаны супраць іх жа. У большай ступені гэта тычыцца Кітая, чым ЗША. Еўропа таксама на гэта абсалютна не пагодзіцца. І калі б Масква прапанавала абмяняць Данбас на Крым, то на гэта ніхто б не пагадзіўся, такі прэцэдэнт можа быць фундаментальна небяспечным, паколькі на яго можна будзе спасылацца ў будучыні».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках