5 траўня 2024, Нядзеля, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд над топ-мэнэджарамі Беларусбанка высвятляе, як лабіравалі пастаўшчыкоў

3
Суд над топ-мэнэджарамі Беларусбанка высвятляе, як лабіравалі пастаўшчыкоў
ФОТА: ВОЛЬГА ЛОЙКА, TUT.BY

Сёння дапытваюць сведак у справе абвінавачаных у карупцыі топаў Беларусбанка.

25 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Менска ідзе допыт сведкаў у справе абвінавачаных у карупцыйных злачынствах топ-мэнэджараў Беларусбанка. На лаве падсудных Генадзь Гаспадарык, былы першы намеснік кіраўніка ўправы Беларусбанка, і Мікалай Цырто, былы кіраўнік управы касавага абслугоўвання дэпартамента працы з каштоўнасцямі Беларусбанка. Цырто і Гаспадарык адмовіліся даць паказанні ў судзе, пакуль не дапытаюць усіх сведак і абвесцяць пісьмовыя матэрыялы справы, піша tut.by.

Сведка Юрый Керэстэджыянц, намеснік дырэктара дэпартамента адміністрацыі Беларусбанка, даў тлумачэнні пра закупкі 2014 года.

Керэстэджыянц растлумачыў, што на пасяджэннях камісіі пры складанні задання на закупку марак абсталявання не называлася, то-бок агаворвалася колькасць і тып – лічыльна-гатункавальныя машыны. «Гаворкі пра канкрэтных вытворцах і маркі не вялося» – заявіў ён.

На пытанне дзяржабвінаваўцы Юрыя Шарснёва пра тое, чаму ў наяўным у справе заданні на закупку было пазначанае пэўнае абсталяванне дзвюх марак, Kisan і Numeron, Керэстэджыянц не змог даць тлумачэнні, выказаўшы здагадку, што такое абсталяванне ўжо было ў банку і пастаноўлена было закупляць аналагічнае. Хто прапанаваў менавіта так прапісаць заданне ў дакументах, сведка не памятае.

У судзе агучана, што такое заданне на закупку зацвердзіў намеснік кіраўніка ўправы Генадзь Гаспадарык.

На пытанне, ці вядома сведку пра кантакты калегаў з бізнэсмэнам Бучневым, які фігуруе ў справе як той, хто даваў хабар, ён адказаў адмоўна.

Адвакатка Гаспадарыка, задаючы пытанні сведку высветліла, што Гаспадарык падпісваў дакументы ўжо пасля правядзення конкурсу і выбару пастаўшчыка пастановай камісіі. Сведка адзначыў, што пераваг топ-мэнэджарамі кагосьці з пастаўшчыкоў ён не заўважыў. Ключавым крытэрам выбару быў кошт.

Абвінавачанага Гаспадарыка Керэстэджыянц ахарактарызаваў як сур'ёзнага кіраўніка.

Сёння таксама выступіў яшчэ адзін сведка – Ігар Грынюк, які ў структуры Беларусбанка да 2010 года працаваў галоўным спецыялістам аддзела, уваходзіў у склад камісіі ў закупках для патрэбаў банка. Мужчына адказаў на пытанні, якія тычацца закупкі ТАА «Рэгул» дэтэктараў валютаў.

Усяго ў спісе сведак – 46 чалавек, матэрыялы справы складаюць больш за 10 тамоў.

Гаспадарык, затрыманы ў чэрвені летась, абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 і ч. 3 арт. 430 («Атрыманне хабару альбо ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказнае становішча», максімальныя санкцыі паводле гэтага артыкула – ад пяці да пятнаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці), а таксама ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (часткі 2 і 3 артыкула 424). Паводле звестак следства, Гаспадарык у 2010–2015 гадах атрымаў хабару на суму больш за 215 тысячаў даляраў. Адкаты былі ад некалькіх кампаніяў (у справе ў большасці эпізодаў фігуруе іх прадстаўнік Аляксандр Бучнеў) за перамогу ў тэндарах на пастаўку банкаўскага абсталявання. Паводле ўсіх сямі эпізодаў, звязаных з атрыманнем хабару, абвінавачаны прызнаў сваю віну. Абвінавачванні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі Гаспадарык не прызнаў.

Цырто падазраецца ў здзяйсненні тых самых злачынстваў, што і Гаспадарык, а таксама ў даванні хабару (частка 2 артыкула 431), падбухторванні да давання хабару (частка 5 артыкула 16 і частка 2 артыкула 431). Сума атрыманых хабараў – блізу 500 тысячаў даляраў. Мікалай Цырто заявіў, што сваё стаўленне да абвінавачванняў ён выкажа ў ходзе допыту.

Паводле інфармацыі КДБ, Генадзь Гаспадарык быў затрыманы ў сярэдзіне чэрвеня ў момант атрымання хабару памерам 14 тысячаў даляраў. Пазней кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што рэальныя сумы, атрыманыя топ-мэнэджарам Беларусбанка ў якасці хабару, «нашмат большыя».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках