5 траўня 2024, Нядзеля, 10:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хабары не з градкі

5
Хабары не з градкі

У судзе Цэнтральнага раёна пачаўся працэс у «справе банкіраў».

Мінулы тыдзень адзначыўся пачаткам у судзе Цэнтральнага раёна Менска працэсу ў крымінальнай справе аб выкрытай КДБ карупцыі ў «Беларусбанку». На лаве абвінавачаных месцы занялі былы першы намеснік старшыні ўправы Генадзь Гаспадарык і ягоны супольнік Мікалай Цырто, у мінулым намеснік дырэктара дэпартамента - начальнік управы касавага абслугоўвання дэпартамента каштоўнасцяў, піша belgazeta.by.

Аб затрыманні Генадзя Гаспадарыка стала вядома ў чэрвені 2016 года. Паводле паведамлення КДБ, банкір быў узяты з довадамі злачынства ў момант атрымання хабару $14 тысяч. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу паводле ч.3 арт.430 КК (атрыманне хабару). Пазней старшыня КДБ Валерый Вакульчык растлумачыў журналістам, што «фактычна, гэта быў хабар, у які ўмяшаліся мы. Але наогул рэальныя сумы нашмат большыя, на парадкі большыя».

Аб якіх сумах ідзе гаворка, у чым яшчэ абвінавачваюцца топ-мэнэджэры найвялікшага банка краіны, стала вядома з агучаных пракурорам Юрыем Шарснёвым абвінаваўчых высноў. Аднак перад гэтым этапам судовага следства абаронцы абвінавачаных распачалі спробу вызваліць залу пасяджэння ад пабочных асоб - яны заявілі хадайніцтва аб правядзенні працэсу ў закрытым рэжыме, бо, на іхнюю думку, у матэрыялах справы змяшчаецца камерцыйная таямніца банка, якая не падлягае выдаванню.

Генадзь Гаспадарык і Мікалай Цырто падтрымалі хадайніцтва адвакатаў, а пракурор выступіў супраць. У выніку суд пад старшынствам Тацяны Акавітай хадайніцтва пакінуў без задавальнення. Працэс працягнуўся ў адкрытым рэжыме.

Абвяшчэнне абвінаваўчых высноў пачалося з эпізодаў, інкрымінаваных Генадзю Гаспадарыку. На гэта пайшло больш за гадзіну, увесь гэты час былы банкір засяроджана нешта запісваў у агульны сшытак, у якім чыстымі заставаліся толькі некалькі аркушаў. Зрэдку ён штосьці параўноўваў і выпраўляў у іншым такім жа сшытку, цалкам спісаным. Здавалася, што за сваю волю ён мерыцца пазмагацца.

УСТУПІЎ У ЗЛАЧЫННУЮ ЗМОВУ

Пералічыўшы раней займаныя Гаспадарыкам пасады ў «Беларусбанку», Шарснёў працягнуў: «З'яўляючыся службовай асобай, займаючы пасаду, звязаную з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, з'яўляючыся асобай, якая займае адказнае становішча, у абавязкі якой уваходзіла правядзенне тэндэрных таргоў для набыцця касавага ды інкасатарскага абсталявання, які апекаваўся над управай касавага абслугоўвання дэпартамента каштоўнасцяў банка ў перыядзе з канца 2009 да пачатку 2010 года (дакладней час не высветлены), уступіў у злачынную змову з прадстаўніком камерцыйных структур Бучневым на атрыманне незаконнага грашовага ўзнагароджання выключна ў сувязі з займаным ім службовым становішчам...»

Гаспадарык з 2002 года быў намеснікам старшыні ўправы «Беларусбанка». Пасаду першага намесніка ён заняў 1 лютага 2012 года. І, як асобна падкрэсліў дзяржаўны абвінаваўца, у розны час ён кароткачасова выконваў абавязкі кіраўніка ўправы. А першы раз хабар узяў ад Бучнева, паводле абвінавачання, у канцы 2009 года - пачатку 2010 года на суму $4 тысячы ў рэстарацыі «Чумацкі шлях». У гэтай жа ўстанове ў канцы 2010 года ўзяў і другі раз - 3 тысячы еўраў.

Наступны эпізод хабару належыць да красавіка-траўня 2013 года. У аўтамабілі Бучнева Гаспадарык атрымаў ужо $70 тысяч, а 25 красавіка 2014 года, зноў у самаходзе Бучнева, ён прыняў ужо $90 тысяч. Наступны хабар быў атрыманы банкірам ад прадпрымальніка 31 снежня 2014 года на суму $2 тысячы.

Астатнія эпізоды хабараў Гаспадарыка звязаныя з абвінавачаным Цырто, які, паводле высноў следства, перадаў свайму начальніку ў ягоным службовым кабінеце ўвосень 2015 года $32 тысячы і $14 тысячы 15 чэрвеня 2016 года, у дзень затрымання з довадамі злачынства абодвух. Вынік: Гаспадарык абвінавачваецца ў атрыманні сямі хабараў на агульную суму $210 тысяч і 3 тысячы еўраў за тое, што спрыяў камерцыйным структурам у перамозе на конкурсах і ўкладанні пагадненняў на пастаўку рознага абсталявання для патрэб «Беларусбанка».

У іх ліку: табло курсаў валют, лічыльна-сартавальныя машыны банкнот, сартавальнік манет ды іншыя, як адзначаецца ў абвінавачванні, «сродкі аўтаматызацыі».

Акрамя абвінавачванняў ва ўчыненні злачынстваў паводле ч.2 і ч.3 арт.430 КК (атрыманне хабару паўторна на вялікую і вельмі вялікую суму) Гаспадарыку інкрымінуюцца ч.2 і 3 арт.424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) з прычыненнем істотнай шкоды ды істотных страт банку. Паводле высноў следства, з ягонай дапамогай закуплялася вельмі дарагое абсталяванне, хоць былі і больш выгадныя прапановы ад іншых удзельнікаў тэндэраў. Старты ацэненыя на суму BYN564 тысячы.

БРАЎ, ДАВАЎ, ПАДБУХТОРВАЎ

Хаўруснік Гаспадарыка Мікалай Цырто абвінавачваецца ў атрыманні хабару, даванні хабару, у падбухторванні да давання хабару і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

Паводле абвешчанага тэксту абвінавачвання, Цырто пасля затрымання з довадамі злачынства пэўны час знаходзіўся пад хатнім арыштам, пад варту яго ўзялі ў жніўні 2016 года. Ягоная роля ў гэтай крымінальнай гісторыі, ацэнку якой дасць суд, зводзілася да таго, што ён рыхтаваў заданні для правядзення тэндэраў з пазначэннем канкрэтных марак банкавага абсталявання, пастаўкамі якога займаліся падкантрольныя Бучневу фірмы. За свае паслугі, адзначаецца ў абвінавачванні, ён таксама атрымліваў грошы і падбухторваў людзей бізнэсу даваць хабары Гаспадарыку.

З тэксту абвінаваўчых высноў вынікае, што Цырто ў красавіку-траўні 2013 года ў розных месцах Менску і ў паселішчы Калодзішчах за некалькі этапаў прыняў ад Бучнева $220 тысяч, яшчэ $250 тысяч ад гэтага прадпрымальніка ён атрымаў у красавіку-траўні 2014 года.

Пасля абвяшчэння абвінаваўчых высноў суддзя пацікавілася пазіцыяй абвінавачаных шьо да ўсіх эпізодаў абвінавачвання. Аб сямі хабарах Гаспадарык сем разоў адказаў сцісла: «Прызнаю». У той жа час ён адмовіўся прызнаваць сваю віну паводле 424 артыкула КК. Абвінавачаны Цырто на пытанне суддзі адказаў: «Сваё стаўленне да выстаўленых мне абвінавачванняў у частцы прызнання або не прызнання сваёй віны паводле ўсіх артыкулаў я выкажу падчас майго допыту». Абодва разам заявілі, што на гэтым этапе судовага следства яны адмаўляюцца даваць сведчанні.

Працэс працягнуўся сёння.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках