4 траўня 2024, Субота, 20:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Народ супраць «Савушкіна прадукта»: У Зімбабвэ сваё малако прадавайце!

97
Народ супраць «Савушкіна прадукта»: У Зімбабвэ сваё малако прадавайце!

Некалькі тыдняў карыстальнікі інтэрнэту вядуць бітву на старонцы прадпрыемства «Савушкін прадукт» у Фэйсбуку.

Берасцейскія вытворцы малака і ёгуртаў былі тымі, хто рашуча выступіў супраць беларускай мовы на этыкетках прадукцыі. Вытворцы матывавалі гэта тым, што распрацоўка новага пакавання павысіць сабекошт прадукту, што прывядзе да павышэння коштаў.

На ўсе далейшыя запыты і просьбы кіраўніцтва «Савушкіна» не ідзе насустрач сваім кліентам.

У выніку карыстальнікі Фэйсбука пачалі заходзіць на старонку «Савушкіна прадукта» і выстаўляць свае ацэнкі. На гэты момант ужо выказалася больш за 1000 чалавека. Сярэдні бал «Савушкіна» ўпаў з 5 да 1,9. Пры гэтым 828 карыстальнікаў паставілі мінімальную ацэнку.

Паводле правілаў Фэйсбука паставіць проста ацэнку мала. Трэба яшчэ пакінуць невялікі каментар аб працы прадпрыемства. Водгукі спажыўцоў чытаюцца як захапляльны раман.

«Наша Ніва» прапануе невялікую падборку.

«Не станавіўся ні на аніводзін з бакоў у спрэчцы з «Савушкіным прадуктам», скажу проста - мне ўсё адно, на якой мове напісана на пакаванні, але маё меркаванне - ім не трэба было сустракаць у штыкі прапанову з беларускамоўнымі этыкеткамі. Гэтай прынцыповасцю яны сабе больш імідж сапсавалі, чым выйгралі», - піша Сяргей Усцінаў з Менска.

Многіх спажыўцоў таксама непакоіць тое, што на этыкетцы малака «Брэст-Літоўскага» пазначаная дата 1795 - год апошняга падзелу Рэчы Паспалітай і канчатковай акупацыі беларускіх тэрыторый Расейскай імперыяй.

«Здавайцеся ўжо, пасыпайце галаву попелам і рабіце беларускамоўныя этыкеткі. Чым хутчэй, тым менш грошай страціце», - рэакцыя Паўла Сясіцкага з Віцебска.

«З нядаўняга часу байкатуюць прадукцыю абсалютна. Вельмі шкада, што да меркавання нас, спажыўцоў з Беларусі, ставяцца як да гудзення надакучлівых мух. Непавага засмучае! Калі пачняце пісаць на сваёй прадукцыі на беларускай мове - здыму байкот», - паабяцаў менскі юрыст Алег Агееў.

«Раз у «Савушкіна» няма грошай на беларускія этыкеткі - то ў мяне няма грошай на іх прадукцыю. Да пабачэння!» - напісаў Павел Кулік з Горадні.

«Даўно ўжо выключыла «С. П.» з асартыменту спажываных малочных прадуктаў - аддаю перавагу больш смачным. Апошнім часам купляла нарэзаны сыр «Лёгкі», але чамусьці лустачкі яго сталі так злепленыя з паперкамі, якія павінны аддзяляць адну лустачку ад іншай, што стамілася аддзяляць і наважыла больш яго не купляць. А з мовай гісторыя вельмі непрыгожая! Сорам проста!» - так мяркуе Святлана Міхалоўская з Менска.

Дарэчы, выпадак з «Савушкіным» не першы з такіх. «Лідскае піва» таксама нейкі час спрачалася са спажыўцамі з нагоды беларускай мовы, але зрабіла пэўныя высновы з дыскусіі і пачало выпускаць прадукцыю з беларускім лагатыпам. Больш за тое, выпусціла серыю піва «Менск» з рознымі датамі. А ад піва «Менск 1918» некаторых аж рве ад злосці. І здаецца ж - нічога, свет не праваліўся! Піва не падаражэла, асартымент павялічыўся», - заўважае Віктар Юнцэвіч.

«Я з Расеі. Але калі кампанія не паважае тытульную мову нацыі і грэбуе інтарэсамі беларусаў, то чаго нам, расейцам, чакаць? Нездарма вас лавілі на няякаснай прадукцыі. І на спажыўцоў і на якасць вам напляваць. З такім падыходам і на расейскім рынку вам таксама пара згортвацца. У Зімбабвэ сваё малако прадавайце!» - напісаў Юрый Гравін з Масквы.

«Малако смачнейшае, чым малако», - мяркуе Андрэй Шырвель.

«Мая котка не есць нічога з «Савушкіна». Яна прывыкла да «малака», а тут адно малако. Прапаноўваў ёй аблізаць паперку ад тварагу, не пагадзілася, хоча «тваражку». Жывёліну не падманеш! І мы больш не бярэм», - іранізуе Сяргей Яцэвіч з Менска.

«Кожны прадукт павінен быць у першую чаргу накіраваны на патрэбы спажыўцоў, а не на нейкія «прынцыпы» вытворцы. А мова з'яўляецца галоўным фактарам таго, што вытворца сапраўды клапоціцца пра камфорт сваіх патэнцыйных спажыўцоў. Таму пакуль на пакетах «Савушкіна» не з'явіцца беларускай мовы, я буду ігнараваць іх прадукцыю. Тым больш, што гэты сегмент эканомікі дазваляе рабіць адпаведны выбар», - адпісаўся Кірыл Касцян.

«Аб старонцы «Савушкіна» не думаю нічога. А вось якасць прадукцыі рэальна стала горшай. Купляў і карыстаўся ўвесь час. Цяпер практычна не купляю. І нават не ў мове тут асноўная справа, а рэальна ў якасці прадукцыі (адказваю толькі за тое, што спажываю - тварог, кефір, ёгурты)», - напісаў Юрый Фралоў.

Варта таксама адзначыць, што пазітыўныя водгукі на старонцы «Савушкіна» пакідалі супрацоўнікі прадпрыемства.

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках