10 траўня 2024, Пятніца, 8:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Двое жыхароў Віцебска абвінавачваюць супрацоўнікаў АМАП у збіванні

29
Двое жыхароў Віцебска абвінавачваюць супрацоўнікаў АМАП у збіванні
ФОТА З САЙТУ 24MINSK.BY

Пацярпелыя апублікавалі здымкі сваіх траўмаў.

Двое жыхароў Віцебска заявілі, што іх збілі супрацоўнікі АМАП. Паводле заявы праводзіцца праверка. Пасля сустрэчы з «амонаўцамі», распавядаюць хлопцы, у іх на целе засталіся вялізныя гематомы, зламаная рука, пабіты тэлефон і самаход, перадае tut.by.

«Паводле гэтага факту прызначаная праверка. Будуць прызначаныя патрэбныя экспэртызы. Мужчыны напісалі заявы ў Следчы камітэт і ўправу ўнутраных спраў. Пасля заканчэння праверкі грамадскасць будзе азнаёмленая з яе вынікамі», - паведаміла афіцыйная прадстаўніца УУС Віцебскага аблвыканкама Вольга Шкуратава.

Іншыя падрабязнасці афіцыйна не паведамляюцца. Але ўдзельнікі гэтай гісторыі - Уладзімір Ягораў і Сяргей Гарэлікаў - выклалі сваю версію падзей і паказалі фотаздымкі збівання.

УЛАДЗІМІР ЯГОРАЎ
СЯРГЕЙ ГАРЭЛІК

Усё адбылося ўночы 27 ліпеня на ўскраіне Віцебска. Грамада з пецярых чалавек адпачывала на прыродзе ля прыпаркаванага самахода каля рачнога порта. Кажуць, знарок выбралі бязлюдны фабрычны абшар, каб нікому не замінаць. У нейкі момант з'явілася міліцыя.

- Сказалі прыцішыць музыку ў аўтамабілі, мы пагадзіліся і прыцішылі. Потым сказалі, што мы тут распіваем алкаголь і парушаем грамадскі парадак. Хоць побач ні аднаго жылога дома, - распавядае Уладзімір Ягораў.

Ягамосць не хавае: акрамя кіроўцы аўтамабіля іншыя чацвёра мужчын былі п'яныя. Яны напярэдадні балявалі ў бары, а потым знаёмец адвёз іх на свежае паветра.

- Побач знаходзіцца канцавая станцыя аўтобусаў, там ляжалі чужыя кубачкі. І нам заявілі, што гэта нашы. Мы адмаўлялі, пачалася слоўная сварка. На што міліцыянт сказаў «я ўсё зразумеў, чэрці» і выклікаў АМАП.

- З намі гаварылі ў грубым тоне і заўсёды звярталіся на «ты», - дадае ягоны прыяцель Сяргей Гарэлікаў.

У выніку трох чалавек пасадзілі ў міліцэйскі «ўазік». Яшчэ двое засталіся ў асабістым аўто, пры гэтым кіроўца ўвамкнуў камеру на тэлефоне.

- Супрацоўнік АМАП выцягнуў сябра з-за стырна, зламаўшы пры гэтым перамыкальнік шчотак, распыліў пярцовы балончык, забраў у яго тэлефон і выдаліў відэа. А пасля гэтага пачаў збіваць. Я пачаў крычаць з «уазіка»: «Што яны робяць!» і «Што за чорт такі!». І тады ўжо мяне «запырскалі» балончыкам, паклалі на асфальт і білі дубінкамі некалькі хвілін. Пры гэтым зламалі руку. На сцегняках у мяне суцэльны сіняк, на здымках відаць. Цалкам разбілі тэлефон (ён быў у кішэні - заўвага). У майго сябра на целе і твары - адбіткі ад дубінак.

Са слоў віцябляніна, відавочцамі падзей былі як мінімум 11 чалавек: пяцёра сяброў, трое супрацоўнікаў АМАП і трое міліцыянтаў.

Са слоў удзельнікаў канфлікту, балончык з газам распылялі некалькі разоў - нават ва «уазіку» з затрыманымі. Пры гэтым нібыта «амонавец» растлумачыў: «каб весялей сядзелася».

- Калі распылялі газ, Вы перад гэтым чынілі супраціў супрацоўнікам? - цікавімся ў Сяргея Гарэлікава.

- Я крычаў увесь час «за што» і «вы не маеце права», «чаму вы так робіце». У адказ мне сказалі, што калі буду працягваць, то і яны працягнуць.

- У аддзяленні нам заявілі, што «наступны раз акунём галавой у туалет». Я мяркую, гэта запалохванне. Гэта ўсё казалі пры маіх сябрах, - кажа Уладзімір Ягораў.

ФОТА: УЛАДЗІМІР ЯГОРАЎ
ФОТА: УЛАДЗІМІР ЯГОРАЎ

Мужчыны ўжо знялі пабоі, падалі заяву паводле факту збівання і ўжо гутарылі са следчымі. Некаторыя здымкі траўмаў падаюцца ў матэрыяле.

Ноч напярэдадні вызвалення мужчыны правялі ў Першамайскім РУУС Віцебска. Там на ўсіх пецярых склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле арт.17.1 (Дробнае хуліганства), а таксама 23.4 (Непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі) - на траіх з іх.

Суд паводле гэтых матэрыялаў адклалі да 8 жніўня - АМАП чакаюць там у якасці сведак уа справе.

Цяпер пацярпелыя праходзяць лячэнне.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках