5 траўня 2024, Нядзеля, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Майк Пенс едзе ва Усходнюю Еўропу?

Навошта Майк Пенс едзе ва Усходнюю Еўропу?
Майк Пенс
ФОТА: GAGE SKIDMORE/FLICKR.COM

Віцэ-прэзідэнт ЗША наведае Эстонію, Грузію і Чарнагорыю.

Апошнім часам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп змякчыў танальнасць сваіх прамоў, адрасаваных Еўропе. І, выступаючы ў Польшчы ў пачатку ліпеня, нарэшце пацвердзіў прыхільнасць прынцыпам калектыўнай абароны NATO і пятаму артыкулу Вашынгтонскай дамовы. У Еўропе гэтага чакалі.

Але толькі адзін выступ, да таго ж прэзідэнта, схільнага да імпульсіўных учынкаў і ваганняў, цалкам не пераканае хаўруснікаў ЗША ў краінах Балтыі ці дзе-небудзь яшчэ ў тым, што Белы дом сапраўды цалкам адданы еўрапейскім партнёрам. Менавіта таму віцэ-прэзідэнт Майк Пенс і адпраўляецца ў еўрапейскае турнэ - з 30 чэрвеня да 2 жніўня ён наведае Талін, Тбілісі і Падгорыцу, паведамляе Немецкая волна.

Заспакойлівая місія

Раней Майк Пенс ужо ездзіў заспакойваць еўрапейцаў на Мюнхенскую канферэнцыю бяспекі, неўзабаве пасля інаўгурацыі Трампа. "Лагічна, што менавіта Пенса адправілі ў Еўропу. Я думаю, гэта правільны крок, магчыма, праціснуты Дзярждэпартаментам", - заявіў DW прафесар Стэнфардскага ўніверсітэта Норман Неймарк.

"Мэта паездкі віцэ-прэзідэнта - пацвердзіць прыхільнасць еўраатлантычнай бяспецы, саюзу NATO і прынцыпу калектыўнай абароны. Бо як кандыдат, а цяпер як прэзідэнт, Трамп прымусіў панервавацца некаторыя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы", - патлумачыла ў інтэрв'ю DW экспэрт у еўразійскай бяспецы з універсітэта Канзаса Марыя Амелічава. Дзякуючы свайму палітычнаму бэкграўнду і стрыманаму стылю Пенс добра падыходзіць для такой заспакойлівай місіі ў Еўропе, пацвердзіў Неймарк.

Памятаць пра інтарэсы хаўруснікаў

"Як кансерватыўны рэспубліканец ён таксама паспрабуе запэўніць тых усхваляваных хаўруснікаў, якія сапраўды спадзяюцца на абарону ЗША, у тым, што шум з нагоды гульні з расейцамі, які не спыняецца ў Вашынгтоне, не азначае, што Злучаныя Штаты ахвяруюць інтарэсамі хаўруснікаў дзеля ўгоды з Масквой", - указаў Неймарк.

Вялікая ўгода з Крамлём, пра якую Трамп згадваў падчас выбарчай кампаніі, усё больш пад пытаннем, улічваючы выбар краін для ўсходнееўрапейскага турнэ Пенса. Так, перш за ўсё віцэ-прэзідэнт адправіцца ў сталіцу Эстоніі. Там у яго запланаваныя сустрэчы адразу з усімі лідарамі краін Балтыі, у якіх страх перад Расеяй, мабыць, самы моцны.

Вайсковыя гульні Масквы

"Заспакойлівая" паездка Пенса будзе як нельга дарэчы для дзяржаў Балтыі, улічваючы маштабныя вайсковыя вучэнні "Захад-2017", якія ў верасні Масква і Менск правядуць у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Вайсковыя гульні Расеі з удзелам дзясяткаў тысяч салдат выклікаюць занепакоенасць у афіцыйных асобаў у ЗША, NATO і краінах Балтыі.

У мінулым месяцы генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг запатрабаваў ад Масквы больш інфармацыі аб запланаваных вучэннях, а таксама паведаміў, што сілы NATO ва Усходняй Еўропе цяпер знаходзяцца ў рэжыме баявой гатоўнасці. Марыя Амелічава чакае, што ў сваёй прамове ў Таліне Майк Пенс пацвердзіць прыхільнасць бяспецы ў балтыйскім рэгіёне.

Скарачэнне вайсковай дапамогі

Далей Пенс адправіцца ў Грузію, якая не з’яўляецца сябрам NATO. У Тбілісі віцэ-прэзідэнт сустрэнецца з лідарамі краіны і наведае амерыканскіх і грузінскіх салдат, якія ўдзельнічаюць у шматнацыянальных вучэннях у гэтай краіне.

Для Тбілісі візіт Пенса - важная падзея, упэўненая Амелічава: "Раней грузіны былі вельмі занепакоеныя імаверным скарачэннем вайсковай дапамогі з боку ЗША, якое абмяркоўвалася Белым домам вясной". У віцэ-прэзідэнта ёсць і дадатковыя прычыны наведаць Грузію, мяркуе Амелічава: "Урад ЗША можа меркаваць, што ён зрабіў памылку, таму што не адрэагаваў больш рашуча падчас расейска-грузінскай вайны ў 2008 годзе".

Наладзіць стасункі з Чарнагорыяй

Візіт Пенса ў Чарнагорыю, краіну, якая толькі што ўступіла ў NATO, але пры гэтым падтрымлівала традыцыйна добрыя стасункі з Расеяй, можа быць закліканы ўмацаваць разварот Падгорыцы на Захад, мяркуе прафесар Норман Неймарк.

Але і ў гэтым выпадку не выключана схаванае тлумачэнне, чаму малюсенькая Чарнагорыя ўвайшла ў маршрут турнэ амерыканскага віцэ-прэзідэнта. "Я задаюся пытаннем, а ці не звязана гэта з тым, як прэзідэнт Трамп адштурхнуў прэм'ер-міністра Чарнагорыі перад фотасесіяй падчас апошняга саміту NATO?", - дадаў Неймарк.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках