18 траўня 2024, Субота, 20:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп убачыць у Польшчы «новую Еўропу»

Трамп убачыць у Польшчы «новую Еўропу»

У Варшаве з нецярпеннем чакаюць прыезду Дональда Трампа.

Да саміту G20 прэзідэнт ЗША наведае Варшаву, дзе сустрэнецца з 12 кіраўнікамі дзяржаў паўднёва-ўсходняй Еўропы. Польшча прэтэндуе на ролю лідара гэтай групы. Чаго яна хоча ад Трампа?

У Варшаве з нецярпеннем чакаюць прыезду Дональда Трампа. Гэта будзе не першы раз, калі прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі наведае Польшчу: пачынаючы з візіту Рычарда Ніксана ў 1972 годзе, амерыканскія прэзідэнты зрабілі ў гэтую краіну ўжо дзесяць візітаў. Але 5 і 6 ліпеня ўсё будзе па-іншаму: у Варшаву прыляціць не толькі Трамп, але і лідары дванаццаці дзяржаў рэгіёну. Гэта новыя чальцы ЕЗ з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама Аўстрыя, піша «Нямецкая хваля».

Дональд Трамп

З пункту гледжання Трампа, сустрэча ў Варшаве служыць мэце «пацвердзіць абавязанні перад адным з нашых найбольш блізкіх хаўруснікаў і падкрэсліць, што ўзмацненне калектыўнай бяспекі NATO мае прыярытэт для адміністрацыі ЗША», як сказана ў афіцыйным паведамленні Белага дома. У тэксце таксама гаворыцца аб агульных каштоўнасцях і інтарэсах дзвюх краін. Дональд Трамп збіраецца сказаць прамову перад тымі, хто сабраўся ля помніка героям Варшаўскага гета.

Польскі прэзідэнт Дуда і ягоны праект

Для амерыканскіх прэзідэнтаў візіты ў Варшаву - не самая складаная місія: тут практычна не бывае пратэстных мітынгаў у дні іх прыездаў. Затое стае знакаў гістарычна складзенага польска-амерыканскага сяброўства. Польшча хацела б паўстаць перад Трампам не толькі як гасцінны гаспадар і «краіна свабоды», як яе часта хваляць амерыканскія лідары. Варшава мае намер падаць Трампу свой «Праект трох мораў» («ThreeSeas Initiative»). Гэтую ініцыятыву прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда агучыў у праграмнай прамове ў траўні на канферэнцыі аб бяспецы GlobSec у Браціславе.

Анджэй Дуда

Першы рэгіянальны саміт 12 дзяржаў ЕЗ з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы адбыўся ў мінулым годзе ў Харватыі. «Польшча з дапамогай рэгіянальнага аб'яднання хацела б удзельнічаць у развіцці трансатлантычнай супольнасці», - заявіў Дуда, назваўшы гэтую ініцыятыву адным з прыярытэтаў свайго прэзідэнцтва.

«Новая Еўропа» ўкладзецца ў інфраструктуру

Праца групы з 12 краін «новай Еўропы» (так з 2003 года пасля пачатку вайны ў Іраку сталі называць новых чальцоў NATO: Польшчу, Чэхію і Вугоршчыну), паводле задумы, павінна ісці ў рамках наяўных структур Еўрапейскага Звязу і не прадугледжвае стварэння палітычнага блока ўнутры ЕЗ і правядзення ўласнай замежнай палітыкі. Ініцыятыва таксама не замяняе Вышаградскую групу (Польшча, Вугоршчына, Чэхія і Славакія) і не накіраваная супраць ЕЗ, запэўніваюць звязаныя з гэтым праектам дыпламаты.

ПОЛЬШЧА МЯНЕ СХЕМУ ІМПАРТУ ГАЗУ - З РАСЕЙСКАГА НА АМЕРЫКАНСКІ ЗВАДКАВАНЫ ГАЗ (НА ФОТА - ТАНКЕР З ЗПГ)

Удзельнікі абяцаюць канцэнтравацца на інфраструктурных праектах, такіх як аўтамагістраль Via Carpatia ўздоўж усходняй мяжы ЕЗ, а таксама ўмацаванне свабоднага рынку газу і іншых энэрганосьбітаў у рэгіёне.

Трамп выклікае змешаныя пачуцці

Сёння ва ўладзе ў краінах «новай Еўропы» знаходзяцца лідары і ўрады, якія са скепсісам глядзяць на прынцыпы ліберальнай дэмакратыі і на палітычны «істэблішмэнт». Многія з цяперашніх лідараў устрывожаныя выказваннямі Дональда Трампа ў дачыненні да расейскага кіраўніцтва і NATO. Але ў афіцыйных заявах Варшава выказвае толькі надзею на збліжэнне з Вашынгтонам.

Падставу для аптымізму польскаму кіраўніцтву даюць, з аднаго боку, першыя пастаўкі звадкаванага газу наўпрост з ЗША ў Польшчу ў процівагу расейскаму газу, які ішоў праз трубу, а па-другое, прысутнасць сіл NATO ў Польшчы і краінах Балтыі.

З надзеяй на воплескі

Вясной 2017 года ў польскім Эльблонгу, што размешчаны на поўначы краіны, блізу мяжы з Калінінградскай вобласцю, адбылося ўрачыстае адкрыццё штаб-кватэры вайсковых падраздзяленняў NATO ва ўсходняй Еўропе.

Там занялі кабінеты 280 афіцэраў з трынаццаці краін альянсу, у падначаленні ў якіх знаходзяцца 1270 жаўнераў, пераважна з войска ЗША. Адпраўка гэтых вайскоўцаў у рэгіён не звязана непасрэдна з Трампам - пастанову аб гэтым прыняў яшчэ яго папярэднік, Барак Абама ў святле агрэсіі Расеі ў дачыненні да Украіны.

Тое, што ў якасці першага прыпынку ў Еўропе за дзень да саміту «вялікай дваццаткі» Трамп абраў менавіта Польшчу, успрымаецца ў Варшаве як зразумелы палітычны сігнал вернасці двухбаковым абавязкам. Рызыкі расколу ўнутры Еўропы Варшава не бачыць. Для Трампа ж візіт у сталіцу Польшчы - гэта выдатны шанец атрымаць асалоду ад трыумфальнага прыёму і воплескаў - таго, чаго яму не абяцае Гамбург.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках