5 траўня 2024, Нядзеля, 9:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Літва падтрымала санкцыі ЗША супраць Крамля

5
Чаму Літва падтрымала санкцыі ЗША супраць Крамля
Анджэй Пукшта
ФОТА: ZW.LT

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ўхваліла планы ЗША ўвесці новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі.

Пазіцыя Вільні адрозніваецца ад пункту гледжання Брусэля, які ўважае, што санкцыі могуць негатыўна адбіцца на эканоміцы самога Еўрапейскага Звязу. Чаму Вільня падтрымлівае Вашынгтон, а не Брусэль, якія будуць наступствы гэтай пастановы на гэтыя і іншыя пытанні Charter97.org адказаў літоўскі палітолаг Анджэй Пукшта.

- Чаму Літва падтрымала новыя санкцыі супраць Расеі, якія ўводзяць ЗША і супраць якіх пярэчыць Еўрапейскі Звяз?

- Літва з пачатку расейскай агрэсіі на Украіне займае першае месца ў шэрагу краін, якія дзейнічаюць супраць Крамля. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ўпарта і пастаянна прытрымліваецца пункту гледжання, што з Расеяй пакуль працягваецца акупацыя Крыма і Данбаса трэба размаўляць з жорсткіх пазіцый. Грыбаўскайтэ падчас міжнародных самітаў пастаянна ўздымае гэтае пытанне.

Натуральна, што за такі курс замежнай палітыкі Вільня плаціць высокую цану. Перш за ўсё, эканамічнымі сувязямі з Расеяй, бо практычна спыніўся экспарт харчовых тавараў у Расею. Таксама Літва ўкладвае немалыя інвестыцыі ў тое, каб стварыць цалкам незалежную ад Расеі энэргетычную сістэму.

- Якія для Літвы могуць быць наступствы такой пастановы?

- Свой праамерыканскі курс Вільня ўмела спалучае з добрымі стасункамі з Еўрапейскім Звязам. Гэта значыць Літва трансатлантычныя дачыненні не ставіць вышэй, чым еўрапейскія. У Далі Грыбаўскайтэ добрыя стасункі з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель. Літва таксама будуе добрыя стасункі са скандынаўскімі краінамі, якія заўсёды глядзяць на Вільню з разуменнем.

- Тым не менш, у гэтым выпадку Літва падтрымлівае Вашынгтон, а не Брусэль. Ці азначае гэта, што Вільня пачынае арыентавацца на ЗША?

- І Даля Грыбаўскайтэ, і ўрад Літвы падтрымліваюць мадэль інтэграванага і моцнага Еўразвязу, менавіта да гэтага імкнецца Ангела Мэркель. Паралельна Вільня імкнецца праяўляць актыўнасць у структурах Паўночнаатлантычнага Альянсу і ўсяляк падтрымлівае прысутнасць NATO ў балтыйскіх краінах.

Дзякуючы падтрымцы некаторых краін NATO, Літве ўдалося дабіцца поўнага кантролю сваёй паветранай прасторы. Усё гэта адбываецца на фоне актыўных стасункаў з Вашынгтонам. Так, напрыклад, 31 ліпеня Грыбаўскайтэ разам з лідарамі Эстоніі і Латвіі сустрэнецца ў Таліне з віцэ-прэзідэнтам ЗША Майкам Пенсам, тэма сустрэчы - бяспека.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках