5 траўня 2024, Нядзеля, 7:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежны прафсаюз дапамог менчуку дамагчыся справядлівасці ў судзе

Незалежны прафсаюз дапамог менчуку дамагчыся справядлівасці ў судзе
ЮРЫ БЕЛЯКОЎ

Суд нарэшце прызнаў вытворчай траўму аператара атракцыёна «Лаўка-16».

Яшчэ адна перамога на рахунку прафсаюзнага юрыста Юрыя Белякова: суд Фрунзенскага раёна Менска з другой спробы прызнаў вытворчай траўму аператара атракцыёна «Лаўка-16», у выніку якой Сяргей Нікіценка правёў два месяцы ў коме, а цяпер перасоўваецца ў інвалідным вазку, піша praca-by.info.

Пастанове на карысць пазыўніка папярэднічала доўгае – больш за год – бадзянне па судовых інстанцыях і супрацьстаянне «Менскзелянбуда» (якому належаць паркавыя атракцыёны), «Белдзяржстраху», Дзяржпрамнагляду і Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.

Храналогія няшчаснага выпадку

2 траўня 2016 года Сяргей Нікіценка, аператар атракцыёна «Лаўка-16» у парку Чалюскінцаў, выйшаў падмяніць свайго калегу на батутным комплексе «Кенгуру»; з «Лаўкай» жа ў гэты час працаваў іншы аператар. Увечары пачаўся дождж, і Нікіценка схаваўся ў будку «Лаўкі», таму што ў батутным комплексе не было хованкі ад дажджу. Калі дождж аціх, аператар «Лаўкі» запусціў атракцыён, але Нікіценка бачыць гэтага не мог, бо вокны будкі былі закрытыя фанерай. Нікіценка ўбачыў наведвальнікаў, рэзка выйшаў з будкі і ў гэты момант атрымаў удар. Ад удару мужчына атрымаў шматлікія траўмы: страсенне галаўнога мозгу, скальпаваную рану галавы, траўму грудной клеткі, пераломы пазванкоў і адросткаў, і г. д. Два месяцы ён правёў у коме, а цяпер перасоўваецца ў інвалідным вазку і атрымаў інваліднасць I ступені. Сяргею Нікіценку патрэбная аперацыя для ўстаноўкі імплантанта: сцегнавая костка выдаленая праз пролежні.

Пасля таго як Сяргей Нікіценка атрымаў траўму, ягоны наймальнік, КСУП «Менскзелянбуд», правёў расследаванне няшчаснага выпадку і выдаў акт, што траўма супрацоўніка – невытворчая.

З такой пастановай пацярпелы не пагадзіўся і з дапамогай прафсаюза РЭП звярнуўся ў суд. Ягоныя інтарэсы прадстаўляў юрыст прафсаюза РЭП Юры Белякоў:

– Вельмі доўга – паўгода – суды не маглі распачаць адміністрацыйную справу. У першым судзе мы пацярпелі паразу. Прадстаўнікі «Белдзяржстраха» і Дэпартамента працы чаго толькі не казалі на працэсе! Крычалі, пераконвалі мяне, што я няправільна разумею Правілы расследавання няшчасных выпадкаў, што я ўвогуле не разбіраюся ў справе. Настойвалі, што траўма Нікіценкі – не вытворчая, таму што ён атрымаў яе не на батутным комплексе, а на іншым атракцыёне; сцвярджалі, што траўма не была звязаная з выкананнем працоўных абавязкаў. Але ж Нікіценка знаходзіўся ў той дзень на працы!

Юры Белякоў асабліва падкрэслівае тое, што тармазы ў «Лаўкі-16» не працавалі, але Дзяржпрамнагляд дазволіў атракцыён эксплуатаваць:

– Гэтую «Лаўку» запусцілі зусім нядаўна, яна яшчэ не была наладжаная. Любы атракцыён, калі аператар націскае тормаз, як і аўтамабіль, павінен праз нейкі час спыніцца. А тармазы «Лаўкі» не працавалі: інспектар Дзяржпрамнагляду дапусціў да працы атракцыён у такім стане. Ён нават у парк не ездзіў! Праз тэлефон сказалі, што ўсё працуе, рухавік круціцца, і інспектар падпісаў дакументы.

Пасля пастановы суда Юры Белякоў напісаў касацыйную скаргу, і Менская калегія скасавала пастанову, выправіўшы яе назад у суд Фрунзенскага раёна іншаму суддзю. На баку Нікіценкі выступіў пракурор. Суддзя разгледзела справу за два паседжанні і ў ліпені 2017 года задаволіла пазоў.

Цяпер, калі траўма прызнаная вытворчай, Сяргей Нікіценка атрымае страхавыя выплаты за мінулы год, кампенсацыю ад наймальніка за страту працаздольнасці (блізу 20 тысячаў рублёў), а страхоўшчык павінен будзе выплачваць яму пенсію – блізу 150 рублёў на месяц. Таксама пацярпелы зможа падаць пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды, калі ў яго будзе такое жаданне.

Пазоў задаволены, але справа небяспечных атракцыёнаў у парку Чалюскінцаў на гэтым не скончаная. Юры Белякоў разам з кіраўніком прафсаюза РЭП Генадзем Фядынічам напісалі зварот у Дзяржаўны прамнагляд і ў Дэпартамент аховы працы з пытаннямі пра кампетэнцыю іхніх супрацоўнікаў, якія дапускаюць да працы няспраўныя атракцыёны:

– У той самы год у гэтым жа парку на атракцыёне «Джамба Джэт» загінуў чалавек. І ні Дэпартамент, ні Менскзелянбуд на гэты выпадак не адрэагавалі. Яны паводле правілаў расследавання няшчасных выпадкаў павінны былі зрабіць захады, ліквідаваць непаладкі, пакараць вінаватых. Але нічога не зрабілі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках