17 траўня 2024, Пятніца, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улада хаатычна шукае грошы

75
Улада хаатычна шукае грошы

Хутка беларусам не будзе чаго губляць.

У жнівеньскую спёку, нібы маючы спадзеў, што беларусы, якія аблажылі фантаны і вадаёмы, не заўважаць чарговага «сюрпрызу» Міністэрства фінансаў «адкарэктавала» падатковыя правілы для беларусаў.

Цяпер не толькі буйныя фірмы, але і індывідуальныя прадпрымальнікі, і нават шараговыя грамадзяне павінны будуць пад пагрозай штрафу паведамляць у падатковую пра адкрыццё рахункаў за мяжой. Больш старанна сачыць за грашыма беларусаў, асабліва за мяжой, таксама абавязаны ўсе банкі краіны і сам Нацбанк. Адпаведна - і паведамляць «куды трэба». Нарэшце, натарыусы цяпер павінны неадкладна дакладваць у падатковую аб любых маёмасных угодах грамадзян.

Атрымліваецца, падатковая, як рэнтген, цяпер будзе прасвечваць кожнага беларуса? На пытанні Charter97.org адказвае прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме, індывідуальны прадпрымальнік Віктар Марчык:

- Я чытаў пра гэтыя змены ў Падатковым кодэксе 2018. У двух словах пра іх можна сказаць так: татальны кантроль. Гэта і нядзіўна - улада хаатычна шукае грошы.

З гэтай жа мэтай яны «абнавілі» дэкрэт №3. Схема старая, як свет, і простая да прымітыўнасці: трэба прымусіць беспрацоўных працаваць і плаціць у казну. Усе «новаўвядзенні» ад уладаў апошнім часам маюць фінансавую падаплёку.

Змены ж у Падатковы кодэкс мае на мэце запусціць руку ў кішэню зусім іншай катэгорыі грамадзян - тым, у каго ёсць хоць нейкія невялікія ашчаджанні. Зразумела, што гаворка тут ідзе не пра мільённыя сумы, схаваныя ў афшорах. Гэта зусім іншая публіка.

Падатковая будзе «паляваць» на самых звычайных грамадзян, якія адклалі з кроўна, цяжкай працай заробленых грошай невялікую суму і змясцілі для надзейнасці ў замежны банк. Напрыклад, збірае чалавек на машыну або каб дапамагчы з жыллём дзецям. Надрываецца, недаядае, адкладае па капейцы. Але ж не: і тут цягнуць сваю лапу да яго ў кішэню. Улады хочуць кантраляваць і гэтыя невялікія ашчаджанні. Каб мець магчымасць іх забраць.

- А прымус натарыусаў паведамляць пра ўсе ўгоды? Цяпер і са спадчынай могуць узнікнуць праблемы?

- Гэта ўжо проста за гранню! Прамым тэкстам нам кажуць, што хочуць адабраць у людзей тое, што яны зарабілі сумленнай працай, і нават працай не аднаго пакалення. Усё ўпіраецца ў фінансавую ненасытнасць кіраўніка.

Дзень і ноч думае, дзе ўзяць грошы ў казну. А грошай-то няма. Вось і пачынаецца прымяненне «тысячы і аднаго» спосабу, як бы гэта яшчэ залезці ў кішэню простым грамадзянам.

У мінулыя гады ўлады забралі ў людзей тое, што яшчэ можна было забраць. Цяпер, калі беларусы спрабуюць самастойна ціхенька зарабляць, не звяртаючыся да ўладаў і не просячы ніякай дапамогі - іх пачынаюць нахабна «чысціць». Проста ў адкрытую залазяць у кішэню да людзей і выграбаюць адтуль тое, што яны зарабілі сабе на хлеб. Мыслення на перспектыву ўлада не мае ніякага: проста хочуць усіх абабраць і зрабіць беднымі, каб самім пажыць прыпяваючы.

- Вось і Наталля Качанава, ва ўнісон Міністэрству фінансаў, запатрабавала ад мясцовых уладаў адсачыць кожнага чалавека, які трапляе пад абноўлены дэкрэт №3...

- Вось гэтыя іх выказванні - і Лукашэнкі, і Качанавай: «усіх пагалоўна», «вылічыць» - раздражняюць больш за ўсё. Мы ім што - нейкія пацукі ў падваротні, якіх трэба «вылічаць» і «знішчаць»? На іх думку, менавіта так і атрымліваецца.

Лукашэнка выпусціў, мабыць, свой адзіны гістарычны шанец. Ён мог адклікаць дэкрэт аб «дармаедах» пад падставай дапрацоўкі і «замяць» гэтую справу назусім. Але Лукашэнка гэтага не зрабіў. І гэта яго вялікая памылка.

Улады палічылі, што абвядуць народ вакол пальца: штосьці там перакруцяць у дэкрэце, «абновяць» і зноў яго выдадуць. Але вось падмануць у іх цяпер не выйдзе. І вынік ад «абноўленага» дэкрэта будзе адзін і той жа: зноў будзе сацыяльны выбух, людзі зноў пачнуць падымацца. І «душыць» іх цяпер будзе бескарысна - таму што восенню людзям ужо не будзе чаго губляць.

А калі людзям губляць няма чаго - яны выходзяць і змагаюцца за свае правы. Думаю, восень сёлета будзе цікавай і гарачай.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках