1 траўня 2024, Серада, 12:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафтатранспартны ўльтыматум Пуціна

22
Нафтатранспартны ўльтыматум Пуціна
Фота: Getty Images

Што стаіць за гучнай заявай кіраўніка РФ пра беларускую нафтаперапрацоўку?

Прэзідэнт Расеі заявіў пра неабходнасць увязаць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ з транспарціроўкай выпрацаваных нафтапрадуктаў праз Расею.

Ці азначае гэта, што ён ставіць Беларусі ўльтыматум у пытаннях паставак нафты? Навошта гэтая тэма зноў узнікае менавіта цяпер? Сітуацыю тлумачылі экспэрты «Заўтра тваёй краіны».

Са слоў эканаміста Льва Марголіна, гэта праблема з той ці іншай інтэнсіўнасцю ўзнікае ўжо некалькі гадоў.

- Расейцы спрабуюць спачатку вырашыць пытанне пернікам, зніжкамі, але не атрымалася. А вось цяпер паскардзіліся, і пугу атрымаем. На гэта яшчэ ўплывае і пагаршэнне стасункаў Расеі з краінамі Балтыі, і атрымліваецца, што нафтапрадукты, выпрацаваныя хаўруснікам Расеі з расейскай жа нафты, даюць зарабіць балтыйскім чыгункам і партам, што для расейскага боку крыўдна. Але для нашага боку, калі прыйдзецца перайсці на расейскія парты, гэта будзе азначаць пэўныя фінансавыя страты.

Суразмоўца «Заўтра тваёй краіны» ўважае, што іміджавыя страты не будуць моцна хваляваць беларускі бок.

- Праблема для Беларусі перш за ўсё фінансавая. Нашы могуць заяўляць пра доўгатэрміновыя кантракты, пра няўстойкі, кампенсацыі і гэтак далей. Хоць усё залежыць ад таго, як паставіцца да гэтага Расея.

З іншага боку, Леў Марголін не чакае сур'ёзнай і рэзкай рэакцыі афіцыйнага Менска за такія эскапады Пуціна.

- Могуць быць пытанні журналістаў да адпаведных чыноўнікаў. Але не думаю, што хтосьці вышэй за ўзровень віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі на гэта адрэагуе (таму што пакуль не варта будзіць ліха, а паглядзець, што будзе далей, і ўжо потым рабіць заявы).

Палітолаг Валерый Карбалевіч адзначае, што пакуль балтыйскія парты ва ўсіх стасунках больш выгадныя для Беларусі.

- Тут лагістыка нашмат лепшая для Беларусі, і нават змяншэнне на 50% тарыфаў на чыгуначны транспарт з боку Расеі не робіць расейскія парты больш прывабнымі. Таму, мяркую, што гэта чарговае запрашэнне да перамоў, выстаўленае не ў якасці ўльтыматуму.

Але тут, звяртае ўвагу суразмоўца «Заўтра тваёй краіны», існуе яшчэ адна важная праблема.

- У сувязі з падзеннем коштаў нафты беларускія кампаніі імкнуцца мінімізаваць транзітныя выдаткі. Пастаўкі праз парты азначаюць пастаўкі ў далёкія краіны - Нідэрланды, Вялікабрытанію. Але яны ўжо не вельмі выгадныя, таму Беларусь цяпер спрабуе пастаўляць нафтапрадукты ў найбліжэйшыя краіны, напрыклад, ва Украіну, што вельмі выгадна. Гэта яшчэ адзін фактар, які не будзе спрыяць пераарыентацыі на расейскія парты.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках