1 траўня 2024, Серада, 3:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кіраўнікі ад нас бягуць адразу, як кантракт заканчваецца»

15
«Кіраўнікі ад нас бягуць адразу, як кантракт заканчваецца»

Як ішлі справы ў падшэфным МУС калгасе.

Учора СМІ ўзбударажыла навіна аб тым, што ў беларускай міліцыі неўзабаве будзе свой калгас. Але адна падшэфная гаспадарка ў МУС ужо была. Сайт belaruspartisan.org пацікавіўся, як ідуць справы ў былым падшэфным калгасе МУС.

Як і светлагорскі «Хутар-Агра», на які паклаў вока міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, «Гранічы-Агра» (Маладзечанскі раён) мае свінагадоўчы комплекс, малочнатаварныя фермы, вырошчвае гародніну і садавіну.

Таму не вельмі зразумела, чаму МУС адмовілася развіваць ранейшае СВК і навошта шукае новыя, прычым ва ўсёй краіне.

У свой час міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў вельмі ганарыўся падшэфнай гаспадаркай МУС. Калі журналісты цікавіліся, колькі спецназаўцаў адправяць падымаць гаспадарку і ці праўда, што супрацоўнікі МУС купляць у гэтым калгасе бульбу, Навумаў натхнёна адказваў:

«Я атрымліваю вялікае задавальненне ад таго, што ў маёй падшэфнай гаспадарцы людзі вельмі шмат працуюць і ім няма калі злоўжываць спіртнымі напоямі. У гэтым месяцы ў маёй падшэфнай гаспадарцы нарадзіўся вялікі прыплод свіней. І я гэтаму страшна рады, бо свінарнік я ўздымаў фактычна з нуля. Раней там не было ніводнай свінні, а цяпер - вялікі прыплод...

Думаю, што і ўраджайнасць паднімецца ўдвая сёлета. У калгасе з'явілася стабільная праца, людзі атрымліваюць прыбытак...

Што тычыцца бульбы, то яе не так шмат і яна з гэтага калгаса пастаўляецца ва ўстановы МУС. Навошта я буду яе ў кагосьці купляць, калі, дапусцім, у Менску за дзень з'ядаецца дзве тоны бульбы ў падведамных МУС установах. Я больш нізкім коштам сам купіў...»

Навумаў распавядаў, што МУС дапамагае калгасу адзеннем, ботамі, а таксама рабочай сілай - у калгас на сезонныя працы ездзілі курсанты Акадэміі МУС, жаўнеры ўнутраных войскаў. У Гранічах пабудавалі спецкамендатуру: асуджаных таксама прыцягвалі да гаспадарчых работ.

Адным словам, усё тое, пра што з гонарам і налётам нейкай сенсацыйнасці цяпер распавядае цяперашні міністр унутраных спраў Шуневіч, у МУС ужо было.

- Мы ўжо больш за пяць гадоў не з'яўляемся падшэфнай гаспадаркай МУС, - распавялі работнікі СВК «Гранічы-Агра». - Ці можна сказаць, што яны нас кінулі. Адмовіліся, ды і ўсё. Ці былі ў нас вялікія прарывы, калі МУС нам дапамагаў? Ну, як сказаць...Поспехі былі, калі яны нам паліва прывозілі як шэфскую дапамогу. А потым, праўда, выставілі нам за гэта паліва рахунак. Праз суд...Патрабавалі выплаціць суму.

Мы вырошчвалі гародніну, бульбу, а яны за капейкі яе выкуплялі і пастаўлялі ў свае СІЗА, турмы і іншыя ўстановы. Вялікай выгады ад гэтага шэфства, акрамя паліва, напэўна, і не было. Прыязджалі чыноўнікі, раілі нешта, прыгожа гаварылі, ну і ўсё на гэтым.

Да нас на працу адпраўлялі асуджаных. Яны працавалі тут на фермах і палях, заробак атрымлівалі, жыллё ім тут выдавалі. Але ў нас і сваіх людзей, у прынцыпе, заўсёды ставала.

А пасля таго, як цікавасць МУС да нашай гаспадаркі ўпала, і асуджаных не стала. Калі сышоў міністр Навумаў, яны наогул пра нас забыліся, адхрысціліся.

Цяпер у нас няма ніякага шэфа. Мы падпарадкоўваемся выканкаму (у іх 97 адсоткаў акцый) і працуем самастойна. Напэўна, так лепш...

Сярэдні заробак у СВК «Гранічы-Агра» 450 рублёў. «Гэта нармальна», - кажуць тут.

Сёння дырэктар «Гранічаў-Агра» - Сяргей Мікалаевіч Клюеў. Ён працуе з лютага.

«Кіраўнікі ў нас змяняюцца вельмі часта, - адзначаюць у гаспадарцы. - Максімум гады два папрацуюць і да пабачэння. Адны з крымінальнымі скандаламі сыходзяць, іншыя пасля заканчэння кантракту. Работа тут не цукар. Штрафы, указанні, паказчыкі...Напрыклад, заробак своечасова не выплацілі, санстанцыя заўвагу зрабіла - кіраўнік атрымлівае штрафныя санкцыі. і так увесь час. Вось людзі і сыходзяць. Кантракт скончыўся - і бегчы!»

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках