2 траўня 2024, Чацвер, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Затрыманы трэці падазраваны ў тэракце ў Барселоне

Затрыманы трэці падазраваны ў тэракце ў Барселоне
Фота: Reuters

Паліцыя Каталоніі правяла спецаперацыю затрымання ў горадзе Рыполь.

У Каталоніі затрыманы трэці падазраваны ў датычнасці да ўчынення тэракту ў Барселоне. Пра гэта ў сваім twitter паведаміла паліцыя рэгіёну.

Падрабязнасці пра затрыманага не паведамляюцца. Вядома толькі, што гэты чалавек затрыманы ў горадзе Рыполь.

Раней паведамлялася аб затрыманні дваіх падазраваных у датычнасці да тэракту, гэта выхадцы з Паўночнай Афрыкі. Як паведаміла паліцыя, кіроўцы фургона, які ўчыніў наезд на пешаходаў на бульвары Рамбла, сярод іх не было.

Мікрааўтобус, які быў задзейнічаны ў нападзе на турыстаў у Барселону. ФОТА: REUTERS

Мікрааўтобус, які быў задзейнічаны ў нападзе на турыстаў у Барселону. ФОТА: REUTERS

17 жніўня мікрааўтобус наехаў на пешаходаў у Барселоне. Паводле апошніх звестак, загінула 13 чалавек, пацярпелі больш за 100. Адказнасць за тэракт узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».

Некалькі гадзінаў пазней група тэрарыстаў спрабавала здзейсніць аналагічны тэракт у курортным каталонскім гарадку Камбрыльсе. На аўтамабілі Audi яны заехалі ў натоўп мінакоў. У выніку пацярпелі шэсць чалавек, двое з іх у цяжкім стане. Гэтым разам побач была паліцыя, якая стрэламі спыніла машыну, падчас перастрэлкі быў паранены адзін паліцэйскі. Былі застрэленыя чацвёра тых, хто нападаў, яшчэ адзін пазней памёр у бальніцы.

Паводле звестак гішпанскіх уладаў, пры тэракце пацярпелі грамадзяне не менш як 24 краін. Сярод загінулых або пацярпелых - грамадзяне Францыі, Нямеччыны, Гішпаніі, Нідэрландаў, Аргенціны, Венесуэлы, Бельгіі, Аўстраліі, Вугоршчыны, Перу, Румыніі, Ірландыі, Грэцыі, Кубы, Македоніі, Кітая, Італіі, Алжыра і Расеі. Пры гэтым не ўдакладняецца, хто з іх паранены ці загінуў.

Фота: Reuters

Інфармацыі пра грамадзян Беларусі сярод пацярпелых у Барселоне няма. Амбасада Беларусі ў Гішпаніі працягвае адсочваць сітуацыю.

У сувязі з трагічнымі падзеямі ў краіне аб'яўлена трохдзённая жалоба. Хвіліна маўчання пройдзе сёння на плошчы Каталоніі ў Барселоне апоўдні па мясцовым часе (13.00 паводле беларускага). Паліцыя просіць грамадзян прыходзіць на жалобныя мерапрыемствы без заплечнікаў і вялікіх торбаў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках