4 траўня 2024, Субота, 5:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Школьнікі будуць ведаць толькі табліцу множання і літары»

26
«Школьнікі будуць ведаць толькі табліцу множання і літары»

Ці дапамогуць «рэформы» ад урада развязаць праблемы беларускіх школ?

У жніўні сярэдняя адукацыя Беларусі атрымала, бадай, рэкордную порцыю ўвагі з боку чыноўнікаў. Спачатку пра тое, што адбываецца ў беларускіх школах публічна выказваўся Лукашэнка, які чарговым разам заявіў пра неабходнасць паўсюднага ўвядзення школьнай формы.

Пазней ужо віцэ-прэм'ер Васіль Жарко загаварыў пра перспектыву пераходу ад 10-бальнай да 5-бальнай сістэме адзнак у школах. З ягоных слоў, гэта зробіць працэс ацэньвання менш суб'ектыўным і больш зразумелым для вучняў і бацькоў. Плануецца, што гэтыя і іншыя пытанні будуць абмяркоўвацца на вялікім рэспубліканскім педсавеце, дзе і будзе прынятая канчатковая пастанова.

Ці патрэбныя такія новаўвядзенні беларускім школам? «Заўтра тваёй краіны» звярнулася да спецыялістаў.

Севярынец: Любы рух у бок спрашчэння - няправільны

Грамадскі дзеяч і педагог Таццяна Севярынец уважае, што ў беларускай сярэдняй адукацыі сёння «стае праблем зусім іншага парадку», чым сістэма школьных адзнак.

- Гэтыя праблемы бачаць усе, але яны настолькі сістэмныя і глыбокія, што складана сказаць, з якога боку падыходзіць да іх развязання, - адзначае суразмоўца Заўтра тваёй краіны. - Ёсць сумневы, што сённяшняя кіраўнічая каманда гатова іх вырашаць.

На думку педагога, улады не ведаюць, што рабіць з праблемамі адукацыі - і менавіта таму канцэнтруюцца на такіх дробязях, думаючы, колькі балаў выстаўляць вучням.

- Хоць я і прыхільніца 10-бальнай сістэмы, у сённяшніх рэаліях усё роўна, якая гэта сістэма: яна будзе ў любым выпадку дрэнна працаваць, - кажа Таццяна Севярынец.

Экспэрт пракаментавала і планы профільных чыноўнікаў яшчэ больш спрасціць школьныя падручнікі - пасля таго, як кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў іх за празмерную складанасць.

- Любы рух у бок спрашчэння - няправільны, - заўважае яна. - Трэба рухацца ў бок сістэматызацыі, перагляду акцэнтаў, перагляду падыходаў у адукацыі. А ў нас зноў збіраюцца спрашчаць. Я заўсёды кажу, што так можна прыйсці да таго, што дзеці будуць ведаць толькі табліцу множання, літары і дарожныя знакі.

На думку суразмоўцы, усе спробы кропкава памяняць сітуацыю, захоўваючы існуючую сістэму ў цэлым, асуджаныя на правал.

- Нічога нельга зрабіць кропкава, калі ўся сістэма знаходзіцца ў крызісе. Трэба падыходзіць комплексна - гэта як капітальны рамонт дома. Калі мы перафарбуем толькі фасад, то гэта будзе ніякі не рамонт, - падкрэслівае Таццяна Севярынец.

Мацкевіч: Нам патрэбна паўнавартасная канцэпцыя развіцця адукацыі

Тамара Мацкевіч згодна з меркаваннем, што пераход на пяцібальную сістэму не вырашыць кардынальна праблемы сярэдняй адукацыі.

Экспэрт крытычна ставіцца і да прапаноў «зрабіць усіх вучняў аднолькавымі» - з дапамогай школьнай формы.

- Ужо даўно існуюць даследаванні аб тым, што школьная форма ніяк не ўплывае на якасць адукацыі, не паляпшае паспяховасць, - звяртае ўвагу Тамара Мацкевіч. - Гэта проста інфармацыйны шум, які ствараецца, толькі каб адцягнуць увагу грамадства ад больш важных праблем.

Што тычыцца маючага адбыцца рэспубліканскага педсавета, то Тамара Мацкевіч прапануе абмеркаваць спіс базавых кампетэнцый, якімі павінен валодаць школьнік пасля заканчэння сярэдняй школы.

- У першую чаргу, трэба зразумець, якія ў выпускніка павінны быць веды, каштоўнасці, навыкі. Мы павінны разумець, каго мы будзем мець на выхадзе - патэнцыйнага эмігранта, «расейца» са знакам якасці ці патрыёта Беларусі. Усе развітыя краіны так робяць - гэта павінна быць мэтай адукацыі. А ўжо на базе гэтага можна будзе пісаць праграмы, падручнікі і рыхтаваць настаўнікаў

Другое пытанне, пра якое павінны задумацца профільныя чыноўнікі, тычыцца прынцыпаў мэнэджмэнту ў адукацыі - у першую чаргу, у сістэме фінансавання.

- Школы не могуць стымуляваць найлепшых настаўнікаў, якія сыходзяць, бо яны адчуваюць ураўнілаўку і не бачаць перспектывы... І галоўнае - нам цяпер як паветра патрэбны якасны і сучасны закон аб адукацыі, у якім павінны быць ясна прапісаныя мэты адукацыі. Нам патрэбна паўнавартасная канцэпцыя развіцця адукацыі. І з гэтага трэба пачынаць, - падкрэслівае Тамара Мацкевіч.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках