29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адно паўшар'е не ведае, што робіць іншае»

56
«Адно паўшар'е не ведае, што робіць іншае»

МАЗ лёг – і ўлады ўзяліся за адукацыю.

Напэўна, ні адзін школьны год за апошні час не пачынаўся з такога аўралу і неразбярыхі. На дварэ ўжо другая палова жніўня, а славутага раскладу «пад Колю», над якім так доўга біліся, да гэтага часу так і няма. Пытанне пра перанос пачатку заняткаў будзе развязвацца ў самым канцы месяца на рэспубліканскай педагагічнай радзе.

Магчыма, там разгледзяць і іншыя пытанні, пра якія, узварушыўшы лянотную спякоту адпачынкавага сезону, заявілі днямі Лукашэнка і ягонае найбліжэйшае асяроддзе. Гаворка перш за ўсё ідзе пра аднолькавую для ўсіх школьную форму (якая, магчыма, дагоніць і настаўнікаў) і пра вяртанне да пяцібальнай сістэмы.

Як падрыхтаваць дзіця да школы ў такіх хутка зменлівых варунках? На гэтую тэму карэспандэнт Charter97.org пагутарыў з вядомым блогерам Яўгенам Ліпковічам, у якога сёлета дачка пойдзе ў апошні клас.

– Як Вам навіна пра тое, што дагэтуль не вызначыліся з часам пачатку заняткаў, хоць «накруцілі» людзей гэтым графікам «пад Колю» яшчэ паўгода таму?

– Ды яны проста псіхі, па-мойму! Ёлкі-палкі, у краіне і так багата праблемаў...

Калі вы памятаеце, некалі міністрам адукацыі быў Аляксандр Радзькоў, які казаў, што краіне патрэбныя ПТВ-шнікі. Потым ён пайшоў на павышэнне і стаў кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі. Так што я думаю, што ўсё, што адбываецца, – гэта прадаўжэнне ягонай палітыкі. Вядома, Радзькоў ужо не кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, але ягоная справа, як той казаў, жыве і квітнее.

Цяпер у нас ва ўладзе назіраецца такая, так бы мовіць, млявапраяўная шызафрэнія, калі адно паўшар'е не ведае, што робіць іншае.

З аднаго боку, Google набывае беларускую кампанію і як бы паказвае гэтым, у які бок трэба рухацца.

З іншага боку, яны там спрабуюць увесці 4-бальную сістэму ацэнкі ведаў школьнікаў. Ну ці не ідыёты? Увогуле, усё гэта выглядае як нейкія курчы, агонія сістэмы. Наверсе ўжо самі не ведаюць, чаго хочуць.

– Пра 4-бальную – гэта ж скандальны «дэпутат» Ігар Марзалюк прапанаваў? Афіцыйна віцэ-прэм'ер Жарко пакуль з Лукашэнкам толькі пра 5-бальную размаўляў. Думаеце, апусцяць планку да 4?

– Ды гэта не так істотна. Сама такая пастаноўка пытання, усе гэтыя размовы пра балы – гэта проста жах. У краіне трэба тэрмінова ўводзіць абавязковае вывучэнне праграмавання: незалежна ад таго, кеміць Коля ў гэтым ці не кеміць. Уводзіць літаральна сілком, калі мы хочам захавацца як краіна.

– Мы гутарылі цяпер пра вучэбную частку працэсу, а ёсць жа яшчэ і выхаваўчая. Лукашэнка і тут «вызначыўся», запатрабаваўшы, каб да 1 верасня ўсе дзеці былі «аднолькавымі». Як думаеце – увядуць абавязковую форму, як у СССР?

– Дык гэта кожны год адбываецца! Вы, можа, і не ведаеце, а ў мяне дачка ў школу ходзіць. І кожны год у краіне пачынаецца загрузка «Беллегпрама». Ніякага дачынення да выхавання або школьных традыцыяў гэтая «форма» не мае. Першы месяц-два-тры дзеці ходзяць у гэтай форме. А потым апранаюць звычайную вопратку, у якой ім зручна.

Усе гэтыя рухі цела – толькі для таго, каб разгрузіць склады «Беллегпрама». Ніякага дачынення да адукацыйнага або выхаваўчага працэсу гэта ўсё не мае. Хай «Беллегпрам» яшчэ папрацуе – вось іх асноўная ідэя. Увогуле гэта проста абуральна! Хочаце ўвесці школьную форму – зрабіце яе бясплатнай.

Як нехта казаў гэтаму Жарко: у вас што, куры не растуць, што вы ўсё нейкія змены выдумляеце? Якасць адукацыі падае ў краіне – а яны кожны год усё нешта прыдумляюць...

Увесь час ідзе паніжэнне сярэдняга бала на ЦТ. Сёлета, праўда, нешта там «успыхнула», але агульная тэндэнцыя – ідзе паніжэнне сярэдняга бала.

А замест гэтага займаюцца тым, што першыя месяцы кожнага года прымушаюць набываць дзецям гэтую «форму». Тое самае і з харчаваннем у школе: дачка не можа есці гэтага, яна скардзіцца ўвесь час. А адмовіцца нельга, трэба плаціць. Адзіны варыянт – узяць даведку ў лекара. Я ўжо не кажу пра іншыя паборы і ўнёскі, якія школа прыдумляе. Гэта зусім не бясплатная адукацыя.

– Коля Лукашэнка яшчэ шэсць гадоў будзе вучыцца... Кожны год будуць нейкія нечаканкі?

– Шчыра кажучы, мне на гэта напляваць. У наступным годзе дачка заканчвае школу, спадзяюся, яна будзе вучыцца ў ВНУ. А калі народ будзе цярпець – сюрпрызы кожны год будуць.

Пакуль Коля рос, змянялася вечаровая праграма «Космас-ТВ». Яны падладжваліся пад яго, адны каналы прыбіраліся, замест іх з'яўляліся іншыя, дзіцячыя. Я не хачу пераацэньваць «чыннік Колі», але прасочваецца нейкі дзіўны ўплыў.

Няма чаго ім проста рабіць: МАЗ здох – вось яны і заняліся адукацыяй. МАЗ падняць не могуць – а тут як бы нешта «паднімаюць».

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках