Зяленскі даручыў Узброеным Сілам Украіны падрыхтаваць адказ на ўдары Расіі
- 14.05.2026, 23:42
Пасля завяршэння перамір'я войскі РФ нанеслі па Украіне масіраваныя ўдары.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў узброеным сілам і спецслужбам краіны распрацаваць варыянты адказу на маштабныя ўдары расійскай арміі па ўкраінскіх гарадах, нанесеныя пасля заканчэння трохдзённага перамір'я. «Даручыў Сілам абароны Украіны і спецыяльным службам прапанаваць магчымыя фарматы нашага адказу на гэты ўдар», — напісаў Зяленскі ў сацсетках па выніках пасяджэння Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ў чацвер, 14 мая.
«Прыярытэтам нумар адзін» ён назваў антыбалістычныя сістэмы і ракеты да іх, падкрэсліўшы, што іх забеспячэнне будзе ўплываць на ацэнку працы ўкраінскай дыпламатыі ў маі — чэрвені. Уладзімір Зяленскі нагадаў, што за апошнія двое сутак Расія выпусціла па Украіне 1567 дронаў і 56 ракет. Найцяжэйшыя наступствы гэтых атак зафіксаваныя ў Кіеве: удар па жылым доме забраў жыцці не менш як дзевяці чалавек, яшчэ 45 былі параненыя. 15 мая ў Кіеве абвешчаны дзень жалобы.
Украінскі прэзідэнт яшчэ 10 мая папярэдзіў, што яго краіна будзе люстранна рэагаваць на дзеянні Расіі. «Калі расіяне вырашаць вярнуцца да паўнамаштабнай вайны — нашы «санкцыі» за гэта будуць неадкладнымі і адчувальнымі», — заявіў ён, дадаўшы, што далёкасць украінскай зброі робіць адлегласць усё менш значным фактарам.
У апошнія месяцы Украіна наносіць усё больш глыбокія ўдары па расійскай тэрыторыі. З канца красавіка пад абстрэлы з сур'ёзнымі наступствамі трапілі Туапсэ, Перм, Чабаксары і Арынбург.