6 траўня 2024, панядзелак, 8:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вяскоўцы пра працоўныя лагеры Шуневіча: Нам яны не патрэбныя

24
Вяскоўцы пра працоўныя лагеры Шуневіча: Нам яны не патрэбныя
Ігар Шуневіч

Работнікі «Хутар-агра» абураныя ідэяй адправіць да іх былых зняволеных.

Аграгарадок «Хутар-агра» на Светлагоршчыне можа стаць першым эксперыментальным прадпрыемствам, на якім будуць працаваць былыя асуджаныя. Пра нашумелую ініцыятыву міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча тут ведаюць, аднак далёка не ўсе радыя бачыць такіх суседзяў, гаворыцца ў рэпартажы «Белсата».

«Будзе абы што»

«Мы людзі спакойныя, ціхія. Не патрэбныя яны нам»

«Тут усе людзі занепакоеныя, што пачнуцца крадзяжы, будуць па агародах лазіць, паўсюль».

«Не дамо мы ім працы, дык яны назад пойдуць што-небудзь рабіць. Ці сапʼюцца. Таму трэба надзею людзям даваць».

«Будзе абы што, гэта я вам проста кажу». – мяркуюць жыхары аграгарадку.

Міністр уважае інакш

Са слоў Ігара Шуневіча, праект дазволіць знізіць колькасць рэцыдываў ды створыць умовы для сацыяльнай рэабілітацыі былых вязняў.

«Для таго, каб яны мелі жытло, працу, заробак, маглі забяспечваць сябе і сваю сямʼю, калі гэта патрэбна, выплачвалі запазычанасці перад дзяржавай, ну і ўрэшце вярталіся да нармалёвага жыцця», – малюе цудоўныя перспектывы міністр унутраных спраў.

Калі ж ініцыятыву, анансаваную Шуневічам, прызнаюць паспяховаю, яе разгорнуць ува ўсіх абласцях краіны.

Ці будзе яна эфектыўнай?

«Вялікія выдаткі, якія потым спішуцца. Гэта тэхніка, якая будзе ламацца, бо гэтыя людзі не разумеюць, як яна працуе, не жадаюць на ёй працаваць, не ўмеюць на ёй працаваць», – даводзіць эканаміст Мікалай Новікаў.

Што ж да якасці гаспадаркі, то сітуацыя ў «Хутар-агра», хоць і далёкая да ідэалу, але пакуль дазваляе людзям хоць недзе працаваць. Таму кіраўніцтва прадпрыемства і мясцовыя ўлады, паводле вяскоўцаў, мусяць у першую чаргу вырашыць надзённыя праблемы: адрамантаваць дарогі, закупіць новае абсталяванне, павысіць заробкі.

«Улады замест таго, каб займацца рэальнай сацыялізацыяй людзей, якія выйшлі з месца зняволення, спрабуюць знайсці вось такія танныя варыянты, фактычна стварыўшы вось такія паўвайсковыя, паўтурэмныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы», – упэўнены праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Пры гэтым новая ініцыятыва Ігара Шуневіча, вядомага не толькі прапановаю шыць дзіцячую хакейную форму сіламі асуджаных, але і любоўю да формы НКВД, бярэ свой пачатак акурат з часоў дзейнасці гэтае каральнае структуры: менавіта ў 30-ыя–50-ыя гады мінулага стагоддзя прымусовая праца вязняў, вядомая як сістэма ГУЛАГ, зазнала свой найвялікшы росквіт.

Адмыслоўцы, з якімі паразмаўляў «Белсат» кажуць, што ні да чаго новая ініцыятыва не прывядзе. Невядома, паводле якога графіку экс-вязні будуць працаваць, колькі яны будуць зарабляць, каб выплачваць запазычанасці перад дзяржавай, ці змогуць самастойна звольніцца з працы ды галоўнае – ці змогуць сацыяльна рэабілітавацца ў гаспадарках, якім сёння самім як ніколі патрэбнае новае жыццё.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках