6 траўня 2024, панядзелак, 3:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Расея ўтойвае рэальную колькасць сваіх войскаў на вучэннях «Захад-2017»

15
Як Расея ўтойвае рэальную колькасць сваіх войскаў на вучэннях «Захад-2017»

Добраахвотнікі развянчалі асноўныя тэзісы расейскай прапаганды.

Напярэдадні шырокамаштабных манеўраў «Захад-2017» перад вайсковым кіраўніцтвам Расейскай Федэрацыі паўстала дылема як адначасова «запалохаць» NATO раздзьмутай моцай расейскага войска, але пры гэтым змясціцца ў 13 000 групоўку войскаў, рэгламентаваную Венскім дакументам АБСЕ, як падрыхтаваць плацдарм для агрэсіі, але стварыць бачнасць «перабольшання пагрозы». Рэцэпт быў даўно адпрацаваны на практыцы і паспяхова выпрабоўваецца і сёння, піша informnapalm.org.

З 15 жніўня ў Беларусь пачалі прыбываць падраздзяленні тылавога і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі. Як паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, прыбылыя расейскія падраздзяленні з 21 да 25 жніўня адпрацуюць разам з беларускімі калегамі «пытанні тэхнічнага прыкрыцця аб'ектаў на даручаных адцінках вайскова-аўтамабільных дарог, эвакуацыі, рамонту і аднаўлення няспраўных узораў тэхнікі і ўзбраення, разгортвання палявога магістральнага трубаправода, а таксама ўчасткаў масавай запраўкі тэхнікі».

Гэтыя спецыяльныя манеўры пройдуць у рамках падрыхтоўкі супольных стратэгічных вучэнняў РФ і Беларусі «Захад-2017». Аднак варта звярнуць увагу, што падрыхтоўка самых маштабных сёлета вайсковых манеўраў ля межаў краінаў NATO і Украіны паўстае некалькі ў іншым святле, калі азнаёміцца з паведамленнем прэс-службы беларускага Мінабароны за 21 ліпеня, у якім сказана, што падраздзяленні матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Заходняй вайсковай акругі Узброеных сіл Расеі прыбываюць «з 23 ліпеня».

Дык, з 23 ліпеня або з 15 жніўня? Аналіз інфармацыі аб падрыхтоўцы будучых манеўраў у дакументах і адкрытых крыніцах дазваляе нам выкрыць два галоўныя тэзісы расейскай прапаганды пра вучэнні «Захад-2017».

Тэзіс першы: «Захад-2017» не пагражае бяспецы і стабільнасці ў рэгіёне з прычыны малой колькасці заяўленых у манеўрах сіл.

17 ліпеня расейскае Дзяржаўнае інфармагенцтва «ТАСС» змясціла інтэрв'ю з міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым. Адзначым, што гэта інтэрв'ю без перабольшання можна ўважаць за адну з нешматлікіх крыніц падрабязнай (наколькі гэта дазваляе пасада Раўкова) інфармацыі аб «Захадзе-2017». Расейскія генералы не распавядалі журналістам аб будучых манеўрах і чвэрці той інфармацыі, якой падзяліўся беларускі міністр. Адпаведна, ён быў вымушаны сказаць тое, што сказаў.

Паводле слоў Раўкова, «практычныя дзеянні органаў вайсковага кіравання і войскаў пройдуць у Беларусі на шасці палігонах: Лепельскім, Барысаўскім, Лосвіда, Асіповіцкім, палігонах ВПС і войскаў СПА Ружанскі і Даманаўскі, а таксама на адным участку мясцовасці на тэрыторыі рэспублікі паблізу населенага пункта Дрэтунь». Усяго сем пляцовак. Выконваць пастаўленыя задачы на іх будуць блізу 10 200 вайскоўцаў, у тым ліку блізу 7 200 ад Узброеных сіл Беларусі і блізу 3 000 – ад Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі. Раней, 20 сакавіка, агенцтва «Sputnik Беларусь» працытавала таго ж Раўкова аб тым, якія менавіта падраздзяленні прыбудуць у Беларусь з Расеі – гэта часткі 1-а гвардзейскага Чырванасцяжнага танкавага войска Заходняй вайсковай акругі РФ, адноўленай восенню 2014 года ў Падмаскоўі.

Адзначым, што Раўкоў заўсёды публічна падкрэсліваў: агульныя сілы, задзейнічаныя ў вучэннях і ў Беларусі, і ў Расеі – не перавышаюць 13 000 чалавек. Лічба гэтая не выпадковая. У «Венскім дакуменце 2011 года аб захадах умацавання даверу і бяспекі», які абавязаны выконваць усе дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ), выразна рэгламентуецца: на манеўры з колькасцю асабістага складу ад 13 000 чалавек павінны запрашацца назіральнікі ад іншых краін-удзельніц АБСЕ. Менавіта таму мы сёння бачым свядомае акцэнтаванне ўвагі на лічбах, якія тычацца вучэнняў нібыта толькі на беларускай тэрыторыі. Больш таго, у інфармацыйную прастору цягам апошняга месяца запускаецца тэзіс, нібыта ў Расеі пройдуць зусім іншыя вучэнні – проста называцца яны будуць таксама. Хоць нават беларускі міністр Раўкоў, кажучы аб колькасці да 13 000 чалавек, падкрэсліваў (свядома ці не – ужо не важна), што не падзяляе мерапрыемствы ў рамках «Захаду-2017» на Кольскім паўвостраве, у Балтыйскім моры, у заходніх абласцях Расеі і ў Беларусі. Міністр казаў аб геаграфіі манеўраў, як аб адзінай прасторы. І ўжо тут пачалі раздавацца занепакоеныя галасы з краін-удзельніц NATO аб тым, што заяўленыя 13 000 чалавек лёгка могуць вырасці да 100 000.

Асцярогі апраўданыя. Да прыкладу, 11 жніўня расейская «Независимая газета» надрукавала камандуючага расейскіх ПДВ Андрэя Сердзюкова, які распавёў аб планах задзейнічаць у вучэннях «Захад-2017» тры даручаных яму дывізіі. Але не на тэрыторыі Беларусі, а ў Пскоўскай вобласці. Нагадаем, гэта толькі адна з абласцей Заходняй вайсковай акругі. На сайце Мінабароны Расеі ёсць інфармацыя аб падрыхтоўцы да вучэнняў падраздзяленняў, якія дыслакуюцца ў Калінінградскай, Ленінградскай, Пскоўскай, Маскоўскай, Бранскай, Варонежскай абласцях. Акрамя войскаў Заходняй вайсковай акругі, у манеўрах будуць задзейнічаныя сілы Балтыйскага і Паўночнага флатоў.

І тут варта вярнуцца да «Венскага дакумента», які таксама абавязвае краіны-ўдзельніцы АБСЭ не праводзіць цягам трох каляндарных гадоў больш за адно вайсковае мерапрыемства, у якім удзельнічаюць больш за 40 000 чалавек. Расея, пачынаючы з 2013 года, штогод праводзіць стратэгічныя вучэнні, перакідаючы войскі колькасцю асабістага складу далёка за 40 000 чалавек. Такая практыка сфармавалася яшчэ падчас вучэнняў «Захад-2013» і была вывастраная вясной 2014-га на мяжы з Украінай. Сакрэт мае два складнікі. Па-першае, перад кожным са штогадовых Стратэгічных вучэнняў Мінабароны пачынае раптоўную агульную праверку боегатоўнасці ў той ці іншай Вайсковай акрузе. Пад ружжо падымаюць усіх. А колькасць асабовага складу ў заяўленых вучэннях на паперы, так і застаецца да 13 000 чалавек. Па-другое, ужо апісанымі вышэй ўкідамі фармуюць меркаванне аб некалькіх незалежных адзін ад аднаго вучэннях. Памятаеце «Раптоўную праверку боегатоўнасці войскаў Заходняй і Цэнтральнай вайсковых акругаў» 26 лютага 2014 года? Войскі тады былі паднятыя а 14.00 паводле маскоўскага часу. Менавіта ў гэты дзень у Сімферопалі крымчукі блакавалі будынак Вярхоўнага Савета Крыма і не дапусцілі прыняцця пастановы аб правядзенні «рэферэндуму» аб аддзяленні аўтаноміі ад Украіны. А ўначы ўжо з'явіліся «зялёныя чалавечкі». Пазней, 24 красавіка 2014-га, Расея «пачала» (напраўду прадоўжыла) канцэнтрацыю ўзброеных сіл у памежных з Украінай раёнах. Назвалі гэта «вучэнні батальённых тактычных груп агульнавайсковых злучэнняў Паўднёвай і Заходняй вайсковых акругаў». Але ўжо не з мэтай праверкі боегатоўнасці, а з прычыны распачатай Антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе. У выніку, да пачатку траўня толькі ад Бранска да Растова-на-Доне ўздоўж мяжы з Украінай было засяроджана да 40 000 чалавек. А «Венскі дакумент» фармальна быў выкананы.

Тэзіс другі: «Захад-2017» не пагражае бяспецы і стабільнасці ў рэгіёне з прычыны «абарончага» характару манеўраў.

І беларускі, і расейскі генералітэт паўтараюць, што вучэнні «Захад-2017» носяць выключна абарончую накіраванасць, служаць умацаванню міру і бяспекі.

Заходнія крыніцы ж, наадварот, адзначаюць, што ў рамках вучэнняў у Калінінградскай вобласці могуць адпрацоўвацца элементы падрыхтоўкі да пуску ракет з ядзернымі боегалоўкамі з аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр». Што само па сабе не паспрыяе ўмацаванню бяспекі ў рэгіёне.

Але нават, калі адкінуць не пацверджаную інфармацыю і звярнуцца толькі да афіцыйных крыніц, задумацца ёсць над чым. Яшчэ раз працытуем камандуючага ВДВ Расеі Андрэя Сердзюкова аб задачах, якія паставяць перад асабістым складам толькі ў Пскоўскай вобласці: «...у варунках рэальнай вайны дэсантнікам трэба будзе выконваць задачы ахопу войскаў праціўніка з паветра. Яны павінны весці баявыя дзеянні і праводзіць аперацыі ў аўтаномным рэжыме, у адрыве ад асноўных сіл...». Зрэшты, і без гэтай цытаты зразумела, што сама спецыфіка задач, якія звычайна ставяцца перад падраздзяленнямі ПДВ, мае мала агульнага з абаронай.

У Ленінградскай вобласці інжынерныя падраздзяленні Заходняй вайсковай акругі яшчэ ў канцы чэрвеня пачалі праводзіць працы ў фартыфікацыйнаму і інжынернаму абсталяванню палігонаў напярэдадні вучэнняў «Захад-2017». «Пры адпрацоўцы тактычных дзеянняў вайскоўцам трэба будзе праводзіць размініраванне мінных палёў, рабіць у іх праходы для асабістага складу і тэхнікі», – паведамляе прэс-служба Акругі.

З вясны да вучэнняў рыхтуецца і пераведзенае пасля пачатку вайны ва Украіне з Ніжняга Ноўгарада ў Варонеж 20-е гвардзейскае Чырвонасцяжнае агульнавайсковае войска. Афіцыйна яго называюць «самым буйным аб'яднаннем Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі».

Тут не лішнім будзе адзначыць, што, пачынаючы з 2014 года, у Заходняй і Цэнтральнай вайсковых акругах Расеі фармуецца ўдарны кулак з трох войскаў, накіраваных на захад. І ўсе яны «абрастаюць» новымі падраздзяленнямі з дыслакацыяй ля расейска-беларускай і расейска-ўкраінскай межаў. Так, у Падмаскоўі, як ужо адзначалася вышэй, размясцілася 1-е гвардзейскае Чырвонасцяжнае танкавае войска. У Смаленскай, Бранскай, Белгарадскай і Варонежскай абласцях разгарнулася 20-е агульнавайсковае войска. У Растоўскай вобласці сфармаванае 8-е гвардзейскае агульнавайсковае ордэна Леніна войска.

Дарэчы, з гэтай нагоды цікава нагадаць цынічную заяву амбасадара Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, якую ён агучыў у 2016 годзе. Ён паказаў, што беспрэцэдэнтнае ўзмацненне вайсковай прысутнасці расейцаў ля заходніх межаў – «прэвентыўны захад» у сувязі з радыкалізацыяй украінскага грамадства. Гэта значыць, пасол апраўдаў разгортванне паўнавартасных дывізій «абаронай расейскіх межаў» ад нападу з боку Украіны.

Адзначым, што ў гісторыі Узброеных сілаў Расеі апошняга часу вылучаюцца як мінімум два Стратэгічныя вучэнні, якія былі выкарыстаныя далёка не ў імя ўмацавання міру і бяспекі, а заяўленая «абарона» насіла характар нападу на суседнія дзяржавы. Напрыклад, вучэнні «Каўказ-2008» Масква выкарыстала для разгортвання групоўкі войскаў. Адразу ж пасля манеўраў РФ ажыццявіла ўварванне ў Грузію. А на вучэннях «Захад-2013», якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі, аператыўная пабудова групоўкі войскаў цалкам супала з пабудовай войскаў уздоўж расейска-ўкраінскай мяжы ў наступным 2014 годзе. Ніжэй прывядзем слайды, якія ілюструюць гэтую тэзу, апублікаваныя раней Галоўнай управай выведкі Мінабароны Украіны.

Нарэшце, застаецца адкрытым пытанне аб прычынна-следчай сувязі нядаўняга ўсплёску публікацый аб «Захадзе-2017». Як вядома, топ-навіной будучыя манеўры зноў сталі 10 жніўня, пасля падачы прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным на ратыфікацыю ў Дзярждуму Пратакола са зменамі ў Пагадненне паміж РФ і Беларуссю аб супольнай ахове вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА.

Як ужо пісаў InformNapalm, змены былі прынятыя яшчэ ў лістападзе 2016 года і носяць тэхнічны характар: у Пагадненні змяняецца шэраг тэрмінаў у адпаведнасці з новымі Вайсковымі дактрынамі дзвюх дзяржаў (Беларусь новую дактрыну зацвердзіла ў ліпені 2016-га, Расея - у снежні 2014-га).

Прынцыповае значэнне тут мае дата падачы Пуціным дакумента на ратыфікацыю. Згодна з заканадаўствам Беларусі, такі Пратакол сцвярджае сваім указам прэзідэнт рэспублікі. Лукашэнка гэта зрабіў яшчэ 10 сакавіка 2017 года. А паводле расейскага заканадаўства подпісу прэзідэнта недастаткова - павінна быць ратыфікацыя ў парламенце. Вось толькі Дзяржаўная Дума РФ выходзіць з летніх вакацый 11 верасня. Ці знойдуцца галасы ў Думе ў падтрымку дакумента? Пытанне рытарычнае. Прагаласуюць у першы ж дзень аднагалосна. Іншымі словамі, з лістапада да ліпеня Пуцін не заўважаў прынятых змяненняў да Пагаднення. Але і не стаў чакаць фармальнага 10 верасня. Баяўся доўгага праходжання ў камітэтах, у выніку чаго вучэнні, асноўная частка якіх павінна стартаваць ужо 14 верасня, пройдуць без абноўленага Пагаднення? Думаецца, што адказ на гэтыя пытанні палягае не ў бюракратыі, а ў неабходнасці трымаць у напрузе дзяржавы, якія Масква яшчэ ў 2000-х вызначыла для сябе ў якасці ворагаў.

Расея з лёгкасцю ўцягнула Лукашэнку ў сваю гібрыдную вайну (пра тое, у абмен на што - тэма асобнага матэрыялу). І уцягнуты ён быў яшчэ ў 2013 годзе, калі на беларускіх вайсковых аэрадромах несла баявое дзяжурства расейская авіяцыя. Вось толькі статус суб'ектаў у гэтым супрацьстаянні для Беларусі цяпер, відавочна, апусцілі да аб'екта. Лукашэнка, магчыма, не разумее, што пасля такой правакацыі абавязкова будуць і іншыя. У Маскве зусім не забылі аб праекце міждзяржаўнага Пагаднення аб сваёй авіябазе на тэрыторыі Беларусі. Таксама, як і не забыліся пра планы размяшчэння ў Беларусі комплексаў «Іскандэр», не гледзячы на тое, што пакуль пра гэта кажуць не афіцыйныя асобы, а адстаўныя генералы.

Варта памятаць, што метады вядзення гібрыднай вайны, вывераныя Расеяй з 2008 года, не заўсёды азначаюць страявы крок па праспектах еўрапейскіх сталіц. Для іх значна больш выгадна выкарыстоўваць Беларусь у якасці пляцоўкі для сталага нагнятання сітуацыі на межах з ЕЗ і Украінай.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках