19 чэрвеня 2024, Серада, 22:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект аб выкарыстанні СПА на мяжы Беларусі з ЕЗ

41
Пуцін унёс у Дзярждуму законапраект аб выкарыстанні СПА на мяжы Беларусі з ЕЗ

Прэзідэнт Расеі хоча ўнесці змены ў пагадненне паміж РФ і Беларуссю аб супольнай ахове мяжы ад 3 лютага 2009 года.

Прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін 10 жніўня ўнёс у Дзяржаўную думу праект федэральнага закона №245943-7 аб выкарыстанні СПА на межах Беларусі. Аб рэгістрацыі дакумента паведамляе сайт расейскага парламента.

Так, Пуцін просіць Дзярждуму ратыфікаваць пратакол «аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Пагадненне паміж Расейскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь аб супольнай ахове вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы і стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2009 г».

Адзначаецца, што пратакол быў падпісаны 2 лістапада 2016 года ў горадзе Менску.

«Яго раздзеламі ўдакладняецца сэнс Пагаднення, а таксама ўносяцца змены, якія тычацца арганізацыйна-штатнай структуры Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі і парадку выкарыстання зброі і баявой тэхнікі дзяжурнымі ў супрацьпаветранай абароне пры супольным выкананні задач баявога дзяжурства», - сказана ў паведамленні.

Паказваецца, што рэалізацыя пратаколу дазволіць «павысіць надзейнасць аховы вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы, будзе садзейнічаць умацаванню бяспекі дзвюх дзяржаў і не запатрабуе дадатковых асігнаванняў федэральнага бюджэту».

Дамова аб стварэнні саюзнай дзяржавы была падпісаная Расеяй і Беларуссю ў 1997 годзе. У 2010 годзе праз ускладненні ў дачыненнях краін інтэграцыя практычна спынілася.

19 верасня 2015 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін загадаў падпісаць пагадненне з Беларуссю аб стварэнні на яе тэрыторыі расейскай авіябазы.

Прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што мэта гэтага вайсковага аб'екта - «ахова паветранай мяжы саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

У кастрычніку таго ж года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «нічога не ведае» пра авіябазу ў Беларусі, і гэта расейскі «ўкід». Таксама ён гаварыў пра немэтазгоднасць размяшчэння такой базы.

У лютым 2017 года вайсковы журналіст Аляксандр Гольц у каментары «Медузе» паведаміў, што на тэрыторыі Беларусі «ёсць два расейскія вайсковыя аб'екты: гэта сістэма ранняга папярэджання аб ракетным нападзе і сістэма далёкай сувязі, якая забяспечвае расейскія субмарыны».

З 14-га да 20 верасня ў Беларусі пройдуць расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017». Вайскоўцы РФ пачалі прыбываць у краіну 24 ліпеня.

Сваю заклапочанасць з нагоды іх правядзення ўжо выказалі краіны Еўрапейскага Звязу, NATO і Украіна.

У жніўні міжнародная выведвальная супольнасць InformNapalm зафіксавала маштабнае перасоўванне расейскай вайсковай тэхнікі па ўсёй лініі еўрапейскай мяжы. Экспэрты папярэдзілі, што вучэнні могуць стаць этапам «акупацыі і ўцягвання Беларусі ва ўзброены канфлікт».

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках