3 траўня 2024, Пятніца, 15:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Грыб напісаў ліст расейцы, якая завабіла яго ў Беларусь

11
Павел Грыб напісаў ліст расейцы, якая завабіла яго ў Беларусь
Павел Гриб

Украінскі патрыёт напісаў ліст з Краснадарскага СІЗА.

Украінец Павел Грыб, які знік на тэрыторыі Беларусі, а потым з'явіўся ў СІЗА ФСБ Краснадарскага краю Расеі, напісаў ліст дзяўчыне, якая завабіла яго на загад расейскіх спецслужбаў. Пра гэта Таццяна (прынамсі, так яна называе сябе) сама распавяла, піша «Еўрарадыё».

«Мне ўжо аддалі ягоныя лісты - яны ў мяне. Потым мне яшчэ паказвалі відэа з ім. Там ён нічога асаблівага не казаў: супакойваў мяне і казаў, што ўсё з ім нармальна. У лістах у асноўным пісаў пра тое, што яму трэба перадаць. Казаў пра вопратку і ежу. Пра таблеткі ён чамусьці нічога не сказаў, але я ўсё адно іх перадам - у мяне спіс неабходных лекаў ёсць. Хутчэй за ўсё, я ўжо сёння перадам іх туды».

19-гадовы грамадзянін Украіны Павел Грыб прыехаў у Гомель для сустрэчы з Таццянай з расейскага горада Сочы 24 жніўня. У гэты ж дзень Павел павінен быў вярнуцца на радзіму, але дома так і не з'явіўся. 28 жніўня бацька зніклага хлопца Ігар Грыб выступіў з заявай, што ягонага сына з тэрыторыі Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ. 29 жніўня «Еўрарадыё» з неафіцыйных крыніц стала вядома, што Паўла ўтрымліваюць у СІЗА Краснадара.

Але афіцыйнае пацверджанне гэтага з'явілася толькі 7 верасня, калі да хлопца нарэшце дапусцілі адваката. Вядома, што ФСБ абвінавачвае яго ў тэрарызме. А гісторыя з выкраданнем выглядае наступным чынам:

«Мне гэта вядома толькі са слоў Паўла, якія я праверыць не магу, - распавядае «Еўрарадыё» адвакат Грыба Андрэй Сабінін. - Але, з ягоных слоў, у яго быў зваротны квіток з Гомеля ва Украіну і ён ужо ішоў на аўтавакзал з праспекта Праўды (дзе сустракаўся з дзяўчынай з Расеі Таццянай). Па дарозе да вакзала да яго падышлі некалькі чалавек, пасадзілі яго ў мінівэн, а ён хлопец невысокі, і пасадзіць яго кудысьці праблем няма, і некуды павезлі. Куды павезлі, ён не ведае, але было гэта паміж 17-18 гадзінамі 24 жніўня. А гадзіны праз 2-3 яго ў нейкім лесе перадалі іншым людзям. Потым ён знаходзіўся ці то некалькі гадзін, ці то дзень або два (тут не зусім зразумела) у спартзале нейкага будынка. Потым прыехала краснадарская следчая брыгада, аформіла затрыманне. На афармленне яго вазілі ў райаддзел паліцыі, там ён убачыў надпіс, калі я не памыляюся, «Рабцава Смаленскай вобласці». Там Паўлу зрабілі дактыласкапію і адтуль з новымі людзьмі яго адправілі ў Краснадар».

ПАВЕЛ ГРЫБ

Афіцыйнай версіі з'яўлення Паўла Грыба на тэрыторыі Расеі адвакату не агучылі. Як і нічога не вядома пра тое, з якімі нумарамі быў той мінівэн, на якім хлопца вывезлі з Гомеля. Падрабязнасці ж крымінальнай справы адвакат раскрываць не мае права. Што да здароўя затрыманага, то Андрэй Сабінін супакойвае, маўляў, нічога незвычайнага ў паводзінах і выглядзе хлопца не заўважыў. А патрэбныя лекі яму будуць абавязкова перададзеныя.

«Я адмыслова імкнуўся звяртаць на гэта ўвагу, але хоць нейкай неадэкватнасці я не заўважыў. І ён ніякіх скаргаў на гэты конт не выказаў. Хоць я пытаўся ў яго. Акрамя таго, ніякіх слядоў катаванняў, збіцця ці гвалту на ім таксама няма, - дадае Сабінін - вонкава хлопец выглядае нармальна, нічога асаблівага няма, відавочных скаргаў ён не выказвае. Ну, ён перажывае, што ў зняволенні ён не зможа атрымліваць паўнавартасную дапамогу, на якую ён мог бы разлічваць на волі. Думаю, часткова гэтыя ягоныя засцярогі будуць знятыя, калі найбліжэйшым часам ён атрымае лекі, якія яму прызначылі ў Кіеве. А ён іх атрымае, бо гэтае пытанне я развязаў - ніякіх перашкод гэтаму ствараць не будуць».

АНДРЭЙ САБІНІН

Толькі не ўсё так проста, заўважае бацька хлопца Ігар Грыб.

«У Паўла спецыфічная хвароба. Гэта не проста лекі: іх трэба піць па гадзінах, піць комплексна, каб быў эфект. Але ўжо прайшло больш за два тыдні, і мы не ведаем, які ў яго стан: можа, тыя лекі, якія яму былі прапісаныя два тыдні таму, цяпер ужо і не патрэбныя. Ці нават могуць яму нашкодзіць. Таму яму патрэбен медыцынскі агляд вузкаспецыялізаванага лекара. Хваробу Паўла, яе не ўбачыць проста так. Нечакана можа пачацца крывацёк, які прывядзе да фатальнага зыходу - у гэтым, на жаль, спецыфіка хваробы Паўла», - тлумачыць Ігар Грыб.

ІГАР ГРЫБ

Разважаць пра перспектывы справы Паўла Грыба Андрэй Сабінін не жадае - занадта рана. Але расказаныя ім падрабязнасці пакідаюць шмат пытанняў. І першае ж з іх: што за людзі ў цывільным захапілі Паўла на вуліцы беларускага горада, а праз некалькі гадзін у лесе перадалі камусьці іншаму? І ці будуць беларускія праваахоўнікі пачынаць крымінальную справу аб факце выкрадання чалавека?

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках