2 траўня 2024, Чацвер, 1:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада БНР заклікала патрыётаў быць гатовымі да абароны незалежнасці Беларусі

3
Рада БНР заклікала патрыётаў быць гатовымі да абароны незалежнасці Беларусі

Беларускі народ не мае ніякага дачынення да сумнеўных вайсковых гульняў двух дыктатараў.

«Вывад расейскіх частак з тэрыторыі Беларусі павінен адбыцца не пазней, чым 30 верасня... У адваротным выпадку кожны дадатковы дзень знаходжання расейскіх вайсковых частак і расейскай тэхнікі павінен разглядацца як акупацыя Беларусі», - пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

«У Беларусі афіцыйна пачынаюцца вайсковыя вучэнні «Захад-2017», якія праводзяцца супольназ вайсковымі фармаваннямі Расейскай Федэрацыі. Гэтыя манеўры адбываюцца на фоне анэксіі Масквой Крыма, вайны ва Украіне і Сірыі, кібератакі на дэмакратычныя інстытуты Захаду.

Рада БНР далучаецца да асцярог, якія выказвае дэмакратычная супольнасць Беларусі і некаторыя міжнародныя назіральнікі наконт таго, што, нягледзячы на заявы прадстаўнікоў міністэрства абароны Беларусі, асобныя фармаванні расейскіх войскаў могуць застацца на тэрыторыі Беларусі пасля заканчэння вучэнняў. Рада БНР падкрэслівае, што гэта стала б новым чыннікам небяспекі не толькі для Беларусі, але і для іншых краін Еўропы - Латвіі, Літвы, Польшчы. Асаблівую пагрозу гэта будзе несці для Украіны, бо расейскія наземныя часткі ў гэтым выпадку маглі б нанесці ўдар па яе паўночных і заходніх рэгіёнах.

Рада БНР адзначае, што вывад расейскіх частак з тэрыторыі Беларусі павінен адбыцца не пазней, чым 30 верасня, як пра гэта заяўлена афіцыйным Менскам. У адваротным выпадку кожны дадатковы дзень знаходжання расейскіх вайсковых частак і расейскай тэхнікі павінен разглядацца як акупацыя Беларусі.

Рада БНР усведамляе, што нават пры ўмове выхаду ўсіх расейскіх вайскоўцаў з тэрыторыі Беларусі сам факт супольных вучэнняў з Расеяй, краінай-агрэсарам, чыніць вялікую палітычную шкоду Беларусі, а таксама шкоду яе рэпутацыі перад міжнароднай супольнасцю.

Рада БНР заяўляе, што беларускі народ не мае дачынення да сумнеўнага вайсковага альянсу паміж аўтарытарнымі рэжымамі Беларусі і Расеі. У Беларусі ніколі не было дэмакратычнага рэферэндуму, падчас якога народ бы выказаўся за вайсковы звяз з Расеяй.

Само далучэнне Беларусі да сістэмы Дамовы аб калектыўнай бяспецы СНД (АДКБ), якая кантралюецца маскоўскім Генштабам, адбылося ў 1993 годзе пад ціскам пракамуністычнай прарасейскай большасці ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь і насуперак Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, якая абвяшчала курс на будаўніцтва нейтральнай дзяржавы.

Прынятая ў 1994 годзе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь таксама замацоўвала курс на вайсковы нейтралітэт Беларусі. Такім чынам, фактычнае далучэнне Беларусі да вайсковага блоку з Расеяй было і застаецца парушэннем нават дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Рада БНР, як і дэмакратычная грамадскасць Беларусі, неаднаразова звяртала ўвагу на небяспечныя крокі Крамля ў дачыненні да Беларусі, на спробы размяшчэння дадатковых вайсковых баз, на ўсё больш шчыльнае ўцягванне Беларусі ў арбіту расейскіх вайсковых інтарэсаў. Цяперашнія манеўры яшчэ больш абвастрылі гэтую праблему.

Рада БНР папярэджвае, што з улікам поўнай залежнасці Лукашэнкі ад Масквы, адсутнасці ў Беларусі ўжо больш за два дзесяцігоддзі дэмакратычных выбараў, легітымнага парламента, свабоды сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ва ўмовах татальнага панавання расейскай прапаганды ў інфармацыйнай прасторы Беларусі, усякія агрэсіўныя дзеянні Крамля могуць мець самыя непажаданыя наступствы для беларускай незалежнасці.

Рада БНР заклікае ЗША, Вялікабрытанію і Францыю, у выпадку патрэбы, выканаць свае абавязкі ў справе гарантыі беларускага суверэнітэту, дадзеныя ў адпаведнасці з Будапешцкім мемарандумам узамен на вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі.

Рада БНР заклікае беларускае грамадства і беларускіх патрыётаў у шэрагах узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь быць гатовымі да абароны незалежнасці Беларусі ад усялякай замежнай пагрозы».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках