3 траўня 2024, Пятніца, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вячаслаў Касінераў прадаўжае бараніць сваё сумленнае імя

Вячаслаў Касінераў прадаўжае бараніць сваё сумленнае імя
ВЯЧАСЛАЎ КАСІНЕРАЎ
ФОТА: BELGAZETA.BY

Былы палітвязень абскардзіў пастанову суда, які не задаволіў яго пазоў у абароне гонару і годнасці.

Актывіст Вячаслаў Касінераў накіраваў касацыйную скаргу на пастанову суда Цэнтральнага раёна Менска, які не задаволіў яго пазоў у абароне гонару і годнасці. Касінераў просіць скасаваць папярэднюю і прыняць новую пастанову аб справе, паведамляе ПЦ «Вясна».

Улетку Вячаслаў Касінераў звярнуўся ў суд з пазовам супраць кіраўніка ГУУС Менгарвыканкама Аляксандра Барсукова і вядучай тэлеканала АНТ Кацярыны Цішкевіч, а таксама іх наймальнікаў - тэлеканала і МУС. Касінераў уважае за абразу для сябе наступныя словы Барсукова У эфіры АНТ: «гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць, па вялікім рахунку... Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за псаванне маёмасці».

Але на момант выхаду тэлесюжэтаў Касінераў прыцягваўся да крымінальнай адказнасці толькі аднойчы паводле вядомага «справы графіцістаў». І судзілі яго тады за псаванне маёмасці, а не за хуліганства.

На судовым пасяджэнні, якое адбылося 17 жніўня, суддзя падтрымаў пазіцыю адказчыкаў ад МУС, якія сцвярджалі, што імя Касінерава ў тэлесюжэце не згадваецца, і, адпаведна, ідэнтыфікаваць яго немагчыма. На гэтай падставе суд адмовіў Касінераву ў задавальненні пазову аб абароне гонару і годнасці й кампенсацыі маральнай шкоды.

Актывіст уважае такую пастанову незаконнай і неабгрунтаванай і таму з дапамогай Праваабарончага цэнтра «Вясна» накіраваў касацыйную скаргу на гэтую пастанову.

У скарзе Касінераў нагадваў пра тое, як прадстаўнікі адказчыка сцвярджалі, што распаўсюджаныя Барсуковым звесткі не дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу пазоўніка. Але пры гэтым сам Барсукоў у сваім пярэчанні на заяву прызнаў, што распаўсюдзіў звесткі менавіта аб Касінерава. Такім чынам, пазіцыя Барсукова разыходзіцца з пазіцыяй прадстаўнікоў двух адказчыкаў ад МУС і тэлевізіі. Суд пакінуў гэты факт без увагі. Таксама суд не даў адказу, да каго ж, калі не да пазоўніка, еалежаць звесткі аб наяўнасці «трох судзімасцяў за хуліганства і трох за псаванне маёмасці».

Юрыст ПЦ «Вясна» Аляксей Лойка мяркуе, што пададзеныя ў судзе довады яскрава дэманструюць тое, што распаўсюджаныя Барсуковым звесткі тычыліся менавіта Касінерава і дакладна абражаюць ягоны гонар і годнасць.

«Згодна з Пастановай Пленума Вярхоўнага суда ад 23 снежня 1999 г №15 «Аб практыцы разгляду судамі грамадзянскіх спраў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі» і норме арт.153 ГК РБ падставай для пазоваў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі з'яўляюцца тры ўмовы: наяўнасць факту распаўсюду звестак у дачыненні да асобы, якая падае пазоў, неадпаведнасць распаўсюджаных звестак рэчаіснасці і абразлівы характар гэтых звестак. Наяўнасць факту распаўсюду ў нашым выпадку ні ў кога не выклікае сумневу. Таксама ніводзін з адказчыкаў не падаў судовых прысудаў аб прыцягненні пазоўніка тры разы да крымінальнай адказнасці за хуліганства і тры разы да крымінальнай адказнасці за псаванне маёмасці. Адпаведна, звесткі аб судзімасці пазоўніка не адпавядаюць рэчаіснасці. Характар распаўсюджаных звестак з’яўляецца ганьбавальным, бо звесткі носяць абвінаваўчы характар у дачыненні да пазлўніка і пацвярджаюцца словамі Барсукова аб тым, што колькасць судзімасцяў «напэўна, неяк ужо характарызуе названага грамадзяніна». Такім чынам, заяўленыя пазоўныя патрабаванні адпавядаюць усім неабходным умовам», - адзначае юрыст.

Нагадаем, падставай для відэасюжэту «Хуліган-анархіст, які апаганіў скульптуру гарадавога ў Менску, застанецца ў СІЗА да пастановы суда», стаў праведзены Вячаславам Касінеравым перфоманс ля будынка МУС. Падчас яго актывіст накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцыянта-гарадавога, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. За гэты ўчынак Касінераў быў абвінавачаны ў хуліганстве (ч.1 арт.339 КК РБ) і затым прысуджаны да штрафу сумай 5 базавых адзінак.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках