4 траўня 2024, Субота, 21:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Der Spiegel: Масква можа ўмяшацца ў выбары ў Нямеччыне

2
Der Spiegel: Масква можа ўмяшацца ў выбары ў Нямеччыне

Расея мае ў Берліне стратэгічныя інтарэсы.

Два гады таму расейскія хакеры зладзілі кібератакі на Бундэстаг і выкралі шэраг дакументаў. Аб гэтым піша выданне Der Spiegel (пераклад - zn.ua), дадаючы, што нямецкія чыноўнікі сумняваюцца, што гэтыя звесткі будуць апублікаваныя напярэдадні выбараў у нямецкі парламент, якія пройдуць у гэтым месяцы.

Хоць у нямецкай Федэральнай службе бяспекі ў сферы інфармацыйных тэхналогій такі сцэнар не выключаюць.

«Нельга быць упэўненым, што выкрадзеныя звесткі не будуць апублікаваныя перад выбарамі ў Бундэстаг або што могуць адбыцца новыя хакерскія напады супраць розных структур ці палітычных партый», - адзначыў старшыня службы Арнэ Шэнбом.

Зрэшты, існуе і шэраг прычын, чаму гэта не адбудзецца. Да прыкладу, падчас нямецкіх выбараў не будзе жорсткай сутычкі паміж двума кандыдатамі, як гэта было ў ЗША ці Францыі. А таму выкарыстоўваць палітычнае напружанне для ўплыву на нямецкую выбарчую сістэму будзе не так проста. Акрамя таго, цяпер уладзе канцлеркі Ангелы Мэркель, здаецца, нічога не пагражае. Усе апытанні сведчаць пра цвёрдую перавагу яе партыі ХДС/ХСС, якую расейскія спецслужбы не змогуць пахіснуць з дапамогай кібератакі.

Таксама досвед Францыі сведчыць на карысць сцвярджэння, што можна не дазволіць расейскім хакерам уплываць на нямецкія выбары. Падчас французскіх галасаванняў кіберзлачынцы таксама скралі інфармацыю з сэрвераў выбарчай каманды Эмануэля Макрона і апублікавалі іх. Аднак, іх чаканні не апраўдаліся. Публікацыя лістоў ніяк не дапамагла прарасейскай кандыдатцы Марын Ле Пэн. Усё таму, што каманда Макрона падрыхтавалася да такой магчымасці. Сярод выкрадзенага масіву звестак была наўмысна размешчаная бессэнсоўная і ілжывая інфармацыя. Таму выбуховага эфекту не адбылося.

Не менш важна і тое, што дакументам, якія хакеры скралі ў Бундэстагу, ужо два гады. А гэта, як сказаў адзін з дэпутатаў нямецкага парламента, можна параўнаць з «халоднай кавай».

Разам з тым, нямецкія палітыкі перакананыя, што Расея пераследуе ў ФРГ стратэгічныя інтарэсы, якіх яна будзе дамагацца нават з дапамогай дэзінфармацыі і спробаў раскалоць нямецкае грамадства.

Як паведамлялася раней, рэйтынг канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель напярэдадні парламенцкіх выбараў складае 59%, у той час як за яе асноўнага канкурэнта сацыял-дэмакрата Марціна Шульца гатовыя прагаласаваць 33% выбаршчыкаў.

Партыя ХДС, якую ўзначальвае Мэркель, таксама захоўвае за сабой лідарства. За яе гатовыя прагаласаваць 39% выбаршчыкаў, у той час як за Сацыял-дэмакратычную партыю - 24%. «Свабодныя дэмакраты» і «Левыя» маюць па 8% рэйтынгу, тады як «Альтэрнатыва для Нямеччыны» і «Зялёныя» атрымалі па 7% падтрымкі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках