19 траўня 2024, Нядзеля, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым знакаміты беглы бізнэсовец Авяр'янаў

15
Чым знакаміты беглы бізнэсовец Авяр'янаў
ЮРЫЙ АВЯР'ЯНАЎ
ФОТА: TUT.BY

Свае першыя сур'ёзныя грошы выхаванец дзіцячага дома зарабіў яшчэ ў канцы 80-х.

У чацвер Следчы камітэт паведаміў аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага беларускага бізнэсоўца Юрыя Авяр'янава і затрыманні ягоных паплечнікаў. Многім ягонае прозвішча можа ні аб чым не сказаць. Хоць Авяр'янаў стаў першаадкрывальнікам самых буйных рынкаў і забаўляльных устаноў у Менску. Журналісты tut.by наважылі сабраць разам даступную інфармацыю аб адным з першых беларускіх даляравых мільянераў.

Выхадзец з дзіцячага дома

Падрабязнай біяграфіі Юрыя Авяр'янава знайсці не ўдалося. Але ў ягоных нешматлікіх інтэрв'ю адзін факт з дзяцінства праходзіць чырвонай радком — выхоўваўся ў дзіцячым доме.

«Я вырас у дзіцячым доме і ўсё сваё жыццё сам прабіваў сабе дарогу. У мяне жалезная загартоўка з дзяцінства, і таму ўсе мае праекты, якія першапачаткова іншымі ацэньваліся як правальныя, сёння паспяхова рэалізаваныя», — распавядаў Авяр'янаў падчас аднаго з пасяджэнняў клуба дырэктараў бізнэс-саюза ім. Куняўскага.

Некалькі знаёмых Авяр'янава ў гутарцы з карэспандэнтам TUT.BY казалі, што гэтая загартоўка дапамагла яму выжыць у «ліхія 90-е» і назапасіць прыстойны капітал. «Рэкет, сталыя разборкі, гульня без правілаў — выжыць у гэтых варунках маглі толькі такія, як Юра», — рэзюмуе бізнэсовец, які пачынаў бізнэс таксама ў 90-х. Але адмовіўся дэталізаваць поспехі свайго калегі.

Будаўнік кароўнікаў і свінарнікаў

Са слоў самога Авяр'янава, свае першыя сур'ёзныя грошы ён зарабіў яшчэ ў канцы 80-х.

— На той момант я працаваў у сістэме Сельбуду і ўжо тады займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, — распавядаў бізнэсовец у інтэрв'ю «Комсомольской правде». У мяне былі арганізаваныя, як тады называлі, брыгады шабашнікаў, людзей, якія хацелі і маглі зарабляць у вольны ад асноўнай працы час. Мы будавалі па Беларусі сельскія аб'екты, уключаючы кароўнікі, свінарнікі. Займаліся рэстаўрацыяй цэркваў і касцёлаў. Зараблялі на жыццё. Прычым нядрэнныя грошы! Калі Гарбачоў абвясціў, што можна ствараць кааператывы, я сказаў: пара працаваць легальна. Сышоў з дзяржаўнага прадпрыемства, паўгода нідзе не працаваў. Займаўся толькі будаўнічымі брыгадамі.

Пасля ягоны кааператыў займаўся многім, пачынаючы ад збору срэбра з адходаў фотаатэлье і заканчваючы вытворчасцю друкаванай прадукцыі метадам шаўкаграфіі.

Стваральнік рынкаў...

Першы вялікі поспех прыйшоў да Авяр'янава неўзабаве пасля распаду Савецкага Саюза, калі адкрыў рэчавы рынак у цэнтры Менску, на стадыёне «Дынама». Гандлёвыя месцы там арандавалі больш за дзве тысячы чалавек.

У 1994 годзе прадпрымальніку ўдалося пераканаць гарадскія ўлады перанесці напалову легальны аўтамабільны рынак ля стадыёна «Лакаматыў» на новую пляцоўку — за кальцавую дарогу побач з мікрараёнам «Малінаўка». З часам ён стаў найбуйнейшым у Беларусі і ператварыўся ў «Гандлёвы свет Кальцо», пад дахам якога стала магчыма купіць не толькі аўтамабіль, але і аўтазапчасткі, будматэрыялы і іншыя тавары.

Далей быў досвед стварэння будаўнічага рынку ва Уруччы на базе паўразбураных вайсковых казармаў. Камерцыйны поспех гандлю на ўскраіне горада тады называўся малаімаверным, таму ў 1998-м усё пачыналася толькі з 19 павільёнаў. Паступова рынак разросся да вялікіх памераў і працуе дагэтуль.

...клубаў, дыскатэк і рэстарацый

Другі буйны кірунак у бізнэсе Авяр'янава — забаўляльныя ўстановы. Гэта ён стварыў у Менску першы боўлінг-цэнтр Madison Club, першы кінатэатр пад адкрытым небам. Адкрыў некалькі клубаў, рэстарацый і дыскатэк. Сярод ягоных брэндаў — «Макс-шоў», «Бліндаж», U2, «Русалачка», «Акропаль», «Трыкліній»,

Юрый Авяр'янаў заснаваў першы прыватны парк атракцыёнаў «Дрымлэнд» на вуліцы Арлоўскай, побач з Палацам незалежнасці.

Зрэшты, і сам бізнэсовец любіў забаўляцца на шырокую нагу. Ладзіў шыкоўныя вечарынкі на Менскім моры, меў там самую дарагую яхту і верталёт, побач пабудаваў вялікі катэдж, пісала «Народная воля». «Даўно гэта было — гулянкі, дзяўчаты... ён пасталеў. Але з крэдытамі і аквапаркам, вядома, прамахнуўся. Яго ўсе адгаворвалі — [у Беларусі] тры месяцы сонца ў найлепшым выпадку, колькі можна зарабіць на гэтым «пляжы»? Утрымліваць даражэй [у астатнія 9 месяцаў]», — сказаў яго знаёмы.

Авантурыст

У аквапарк пад адкрытым небам Авяр'янаў планаваў укласці блізу 40 млн даляраў. Столькі ж — у стварэнне крытага рынку будматэрыялаў, яшчэ 17 млн — у новы аўтарынак. Для гэтых мэтаў ён паспеў прыцягнуць не толькі банкаўскія крэдыты, але грошы фізічных асоб (прынамсі, рэсурсы аўтарытэтнага расейскага бізнэсоўца). Яшчэ выношвалася ідэя стварыць у Менску сетку ліфтавых паркінгаў, а побач з Вілейскім вадасховішчам першы ў краіне буйны кемпінг. Патрабаваў рэсурсаў і навязаны калгас.

Фота: tmk.by

Па дыплому Авяр'янаў інжынер-механік. Аднак асновы бізнэсу спасцігаў з кніг. Самаадукацыя, памножаная на здаровы авантурызм, давала свае плады. «Той, хто будуе праекты, робіць дакладны эканамічны разлік, як мінімум распісаў бы бізнэс-праграму на год, а лепш на пяць гадоў. У гэтым плане я авантурыст», — прызнаваўся сам бізнэсовец.

Але ў крызіс такі падыход даў збой. У 2015 годзе банкі і прыватныя інвестары сталі патрабаваць разлічыцца за пазыкі. Праз год сітуацыя абвастрылася. Авяр'янаў палічыў за найлепшае весці дыялог з крэдыторамі з-за межаў Беларусі.

Пераследуюць сілавікі

У 2002 годзе Авяр'янаў ужо пакідаў Беларусь у сувязі з крымінальным пераследам. Яго і топ-мэнэджараў аўтарынка ў Малінаўцы абвінавачвалі ў вымагальніцтве грошай у прадпрымальнікаў за права гандляваць на рынку і ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Шасцёра кіраўнікоў рынку атрымалі па 3-3,5 года «хіміі» і штрафы, а Юрый Авяр'янаў быў абвешчаны ў вышук. Хоць усе ведалі, што ён знаходзіцца ў Нямеччыне, займаецца бізнэсам. Кажуць, нават атрымаў від на жыхарства. Зрэшты, праз два гады, калі ўсё сціхла, Авяр'янаў змог пераадолець цяжкасці і вярнуцца ў Беларусь. Знаёмыя бізнэсоўцы спадзяюцца, што і ў гэты раз «для Юры ўсё добра скончыцца, і ён неўзабаве вернецца на радзіму».

Шматдзетны бацька

У Авяр'янава чацвёра дзяцей: тры дачкі і адзін сын. «Сям'я для мяне — гэта надзейны тыл. Калі ў сям'і моцныя стасункі, то і ў бізнэсе будзе поспех», — казаў ён. Дзве дачкі атрымалі адукацыю ў Амерыцы і Італіі. Дзеці, як і другая жонка, сталі кіраваць сямейнымі актывамі: клубамі, салонам прыгажосці і крамай адзення.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках