8 траўня 2024, Серада, 5:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску міліцыянт збіў інваліда, у якога абрабавалі дом

42
У Віцебску міліцыянт збіў інваліда, у якога абрабавалі дом
Аляксандр Шкуратаў

Аляксандр Шкуратаў напісаў заяву аб збіцці і зафіксаваў пабоі.

Жыхар Віцебска, інвалід II групы Аляксандр Шкуратаў даведаўся, што ягоны пляц абрабавалі. Аб правапарушэнні Аляксандру паведамілі міліцыянты, якія прыехалі па пацярпелага ў лякарню, дзе ён знаходзіўся на лячэнні. Але замест таго, каб знайсці рабаўнікоў, міліцыянты пачалі ціснуць на пацярпелага, паведамляе «Белсат».

«Я адмовіўся размаўляць з міліцыянтамі ў такім тоне»

Аляксандр Шкуратаў перасоўваецца з дапамогай мыліц. Увосень 2017 года ён лёг на абследаванне ў лякарню праз праблемы з нагамі. 29 лістапада яму патэлефанавалі з Чыгуначнага РАУС Віцебска і паведамілі аб рабаванні дома.

«У мяне паралізаваныя ступні, не гояцца язвы на пятцы, таму праходзіў лячэнне. У канцы лістапада патэлефанавалі з міліцыі: «Вы ведаеце, што абрабавалі ваш дом?!» Пра гэта я даведаўся ад міліцыянтаў, якія прыехалі па мяне ў лякарню, патлумачыўшы, што патрэбная маё прысутнасць для афармлення дакументаў», - распавядае Аляксандр.

Прыватны дом пацярпелага жыхара Віцебска знаходзіцца пад сігналізацыяй, якая і спрацавала падчас рабавання. З пляцу скралі пару аўтамабільных акумулятараў, а таксама дзве бензапілы для нарыхтоўкі дроў. Са слоў Аляксандра Шкуратава, прыкладная матэрыяльная шкода склала 300 даляраў.

З лякарні Аляксандр паехаў у аддзяленне міліцыі, дзе разам з міліцыянтамі перасеў у іншую службовую машыну. Але разлічваць на аператыўны пошук маёмасці і зламыснікаў не давялося.

«Старэйшы лейтэнант Шарапаў (так прадставіўся міліцыянт - заўв.) пацікавіўся, што было выкрадзена, і запатрабаваў паказаць дакументы на кожную рэч. У мяне ёсць дакументы на аўтамабіль, але якія паперы могуць быць на акумулятары?

Міліцыянт сказаў: «Калі не пакажаш дакументы, я цябе пастаўлю «ракам» проста ў двары». Я адмовіўся размаўляць у такім тоне і паабяцаў паскардзіцца кіраўніцтву. У той жа момант міліцыянт схапіў мяне за каўнер швэдра і пачаў душыць, я стаў задыхацца і паспрабаваў укусіць яго за руку...Далей былі яшчэ ўдары», - распавядае Аляксандр Шкуратаў.

Напісаўшы заяву аб збіцці, пацярпелы інвалід зафіксаваў пабоі. Са слоў Аляксандра Шкуратава, ён атрымаў удар локцем у вуха і некалькі ў падбародак.

«У аўтамабілі яшчэ сядзелі прапаршчык і маёр, але ніхто з іх не сказаў ні слова. А Шарапаў дадаў, маўляў, калі б не знаходзіліся каля аддзялення, то ён бы мяне закапаў. Я ж не звяртаўся ў міліцыю, супрацоўнікі міліцыі прыехалі па мяне самі, а адзін з іх збіў бездапаможнага чалавека на мыліцах. На маё абурэнне адзін з іх адказаў: «Няма чаго было правакаваць міліцыянта», - кажа Аляксандр.

«Праз скаргу, якую я падаў, да мяне прыйшлі з ператрусам»

Але на гэтым ліхтугі Аляксандра Шкуратава не скончыліся: праз некалькі дзён да яго прыйшлі з ператрусам, які інвалід расцэньвае як ціск з боку праваахоўных органаў.

«Мяне сталі вінаваціць у скупцы крадзенага: нібыта ў двух грамадзян я набыў метал і бочку. Калі я папрасіў паказаць мне гэтых людзей, міліцыянт адказаў, што яны сядзяць у следчым ізалятары. Усе рэчы (трубы, батарэі, брук), якія ў мяне на пляцоўцы, я перавёз з лецішча ў Гарадоцкім раёне, дзе пачалі красці. З лякарні мяне выпісалі ў пятніцу, а з ператрусам прыйшлі ў панядзелак. Нават калі б я скупляў крадзенае, то ў мяне было б дастаткова часу ад усяго пазбавіцца. Калі міліцыянт паабяцаў «паставіць мяне на вушы», я разумеў, што будуць наступствы», - распавядае Аляксандр.

Цяпер аб факце збіцця вядуць службовы разбор. А ператрус Аляксандр звязвае выключна са скаргай на міліцыянта, які яго збіў.

Інвалід прызнаецца, што баіцца знаходзіцца дома адзін, таму і звярнуўся ў незалежныя СМІ з мэтай надаць сітуацыі агалоску.

«Адна са следчых пазней спытала: «Вас моцна пакрыўдзілі?» Як адказаць на гэтае пытанне, улічваючы, што я не быў падазраваным ці абвінавачваным?! Страшна ўявіць, што дазваляюць такія супрацоўнікі, як старэйшы лейтэнант Шарапаў у дачыненні да вінаватых людзей! Падпалкоўнік, які браў у мяне тлумачэнні, спытаў: «Як вы хочаце, каб мы яго пакаралі?» Мне ягоныя пакуты не патрэбныя, але дзеянні такога супрацоўніка павінны быць супастаўныя з законам», - кажа Шкуратаў.

Міліцыя адмоўчваецца

У Чыгуначным РАУС, работнікі якога выязджалі «на размову» з інвалідам, не каментуюць сітуацыю. Кіраўнік аддзела Аляксей Блахін адмовіўся размаўляць з журналістамі і з усімі пытаннямі накіраваў у прэс-службу УУС.

У сваю чаргу ў прэс-службе віцебскай міліцыі журналісты таксама не пачулі выразных адказаў на пытанні. Начальніца групы інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама Вольга Шкуратава заявіла, што не будзе даваць каментароў, бо «Белсат» не мае афіцыйнай акрэдытацыі ў Беларусі.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках