2 траўня 2024, Чацвер, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэальныя заробкі - «усім па $150»

24
Рэальныя заробкі - «усім па $150»
ФОТА: ТАСС

З якім настроем сустрэлі 2018 год жыхары беларускіх рэгіёнаў?

Раней прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў, што ў новым годзе эканоміка Беларусі павінна аднавіцца і ВУП вырасце на 3,5%. Але сярод простых беларусаў аптымізму нашмат менш.

Мазырскі НПЗ: «2018 год пачаўся не вельмі»

Кіраўнік пярвічнай арганізацыі Незалежнага прафзвязу ААТ «Мазырскі НПЗ» Юрый Швец паведаміў udf.by, што ў канцы мінулага года на прадпрыемстве адбылося павышэнне заробку – гэтай падзеі чакалі тры гады. Праўда, сказаць, што яна задаволіла ўсіх, нельга.

«Падвышалі заробак у два заходы. Але падвышэнне адбылося не ў тым фармаце, у якім чакалі. У кожнага былі свае каэфіцыенты, а цяпер работнікі сутыкнуліся і з рознымі адсоткамі ў росце заробкаў. Хтосьці задаволены, хтосьці не вельмі. Работнікі кажуць, што ад гэтага выйграла, перш за ўсё, кіраўніцтва», – распавёў Юры Швец.

З ягоных слоў, апошняя статыстыка адміністрацыі завода сцвярджае, што сярэдні заробак на прадпрыемстве складае 1600 рублёў. Але даходы работнікаў моцна адрозніваюцца. Вызначыць узровень заробку, які атрымлівае большасць, няпроста.

«Новы год пачаўся не вельмі. Дырэктар даслаў у прафзвяз прапанову прыпыніць дзеянне некаторых пунктаў калектыўнай дамовы. Прычына - адсутнасць прыбытку, – паведаміў Юры Швец. – Вось так пачынаецца новы год. Хоць у нас кожны год ужо традыцыйна дрэнна стартуе. А ў снежні выдаём граматы аднаму сябру, маўляў, усё было добра. Такое ў нас жыццё беларускае».

Нагадаем, у сярэдзіне 2017 года Лукашэнка заявіў, што «нафтаперапрацоўка з флагмана эканомікі ператвараецца ў стратную галіну, якую неабходна мадэрнізаваць». Цяпер на Мазырскім НПЗ рэалізуецца праект у мадэрнізацыі коштам больш за $1,7 млрд. Са слоў віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі, асноўныя работы павінны скончыць да канца 2018 года, а да сярэдзіны 2019-га выйсці на праектную магутнасць.

Берасце: «Людзям стала вылазіць бокам іх непісьменнасць і абыякавасць да сваіх правоў»

«Святы скончыліся, але сказаць, што яны надалі берасцейцам аптымізму, я не магу. На вуліцах цяжка сустрэць людзей са шчаслівым выразам твару, а вось панурых поўна. Людзі хутчэй асцерагаюцца, як бы не было горш», – распавяла журналістам прадстаўніца прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Берасцейскай вобласці Зінаіда Міхнюк.

Увесь 2017 год чыноўнікі казалі аб руху да сярэдняга заробку 1000 рублёў, але росту заробкаў у Берасці не адчулі. На вядомым некалі заводзе «Цветатрон» работніцы «як заўсёды зводзяць канцы з канцамі», - распавяла Зінаіда Міхнюк. У савецкі час на «Цветатроне» працавала дзесьці 7 тысяч чалавек, сёння засталося ўсяго некалькі сотняў.

Не рады і тыя, хто ў пошуках лепшага жыцця сыходзіў з прадпрыемстваў гандляваць на рынак.

«Дзяўчаты скардзяцца, што на хлеб не могуць зарабіць. Бываюць дні, калі гандаль наогул не ідзе, а за праезд аддай, булачку з гарбатай купі», – сказала прадстаўніца прафзвязу РЭП.

Нягледзячы на тое, што ва ўрадзе заяўлялі аб стварэнні 50 тысяч новых працоўных месцаў, у Берасці гэтага не заўважылі, распавяла Зінаіда Міхнюк:

«Нядаўна да нас прыходзіла жанчына, якую на прадпрыемстве вымусілі на тры месяцы аформіцца на дамову-падрад. Цяпер яна баіцца, што дамову падаўжаць не будуць, і яе звольняць».

З надыходам маразоў стала прыкметна, як на прадпрыемствах эканомяць на абаграванні памяшканняў: «Сустракаюцца выпадкі, калі кладаўшчыца скардзіцца: і асадка не піша, і змерзлыя пальцы трымаць яе не могуць».

«Людзям стала вылазіць бокам іх непісьменнасць і абыякавасць да сваіх правоў. У прафзвяз звярнулася жанчына, якая, толькі выйшаўшы на пенсію, зразумела, што ёй не стае страхавога стажу, які за апошнія гады некалькі разоў павялічыўся і павінен дасягнуць 20 гадоў», – распавяла Зінаіда Міхнюк.

Разам з тым, у Берасці назіраецца і невялікая актыўнасць гараджан: у гэтыя дні многія ставяць подпісы супраць будаўніцтва кітайцамі акумулятарнага завода, бо баяцца негатыўнага ўплыву на прыроду і сваё здароўе.

«Спадзяемся ў прафзвязе, што людзі падымуцца духам да 100-годдзя БНР. Хацелася б, каб 25 сакавіка адзначылі маштабна», – сказала Зінаіда Міхнюк.

«Усім па $500» у нас трансфармавалася ва «ўсім па $150»

Кіраўнік Слонімскай прафгруппы прафзвязу РЭП Міхаіл Сошка паведаміў журналістам, што ў горадзе востра стаіць праблема з наяўнасцю годных працоўных месцаў.

«Учора быў у цэнтры занятасці: прапанаваць мне нічога не змаглі. І гэта нядзіўна: прадпрыемствы ляжаць на лапатках. У Слоніме няма нармальных заробкаў – калі ты, вядома, не начальнік, не чыноўнік. Як там казаў кіраўнік Беларусі: «Усім па $500»? У нас гэта трансфармавалася ва «ўсім па $100-150». Да названай лічбы мясцовым вельмі далёка», – распавёў Міхаіл Сошка.

Са слоў кіраўніка прафгрупы, жыхары Слоніма хацелі б бачыць якія-небудзь перамены ў новым годзе.

«Незадаволеных вельмі шмат. Асабліва гэта відаць па размовах у сувязі з будучымі мясцовымі выбарамі. Людзі хацелі б бачыць сваіх прадстаўнікоў, якія б абаранялі іх інтарэсы. Пратэставаць яшчэ не гатовыя, але ў кожны момант пазіцыя можа змяніцца», – мяркуе Міхаіл Сошка.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках