6 траўня 2024, панядзелак, 11:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вадзім Саранчукоў: Зробім усё, каб 100-я ўгодкі БНР святкавала як мага больш людзей

Вадзім Саранчукоў: Зробім усё, каб 100-я ўгодкі БНР святкавала як мага больш людзей
Вадзім Саранчукоў

25 сакавіка сёлета павінна быць святам нацыянальнага фармату.

Пра гэта сайту Charter97.org распавёў лідар Гарадзенскай арганізацыі партыі Беларускі Народны Фронт Вадзім Саранчукоў пры каментаванні калектыўнага звароту 14 гарадзенскіх арганізацый да гарадскіх уладаў з прапановай адзначыць 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі разам.

- Аргкамітэт для святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі засядаў яшчэ ў пятніцу. А ўчора мы перадалі гарадскім уладам наш калектыўны зварот.

Мы запланавалі ў Гародні шэраг святочных мерапрыемстваў. Гэта камерныя сустрэчы для актыву, а таксама вулічная акцыя. Але справа ў тым, што на пастанову кіраўніка гарадскога савета, масавыя акцыі на цэнтральных плошчах горада могуць арганізоўвацца толькі тады, калі суарганізатарам выступае гарадская адміністрацыя. Вось гэта і стала адной з матывацый звароту.

І, безумоўна, мы зыходзілі таксама з таго, што нельга «прыватызаваць» такую важную дату, як 25 сакавіка. Трэба старацца далучыць да святкавання стагоддзя БНР максімальна шырокае кола людзей. Пакуль пад зваротам падпісалася 14 гарадзенскіх арганізацый, але я спадзяюся, што гэты спіс будзе і далей пашырацца.

- А ці ёсць ужо нейкая рэакцыя ўладаў на ваш зварот?

- Пакуль рэакцыі няма. У іх ёсць афіцыйна 15 дзён, каб даць адказ на зварот.

- Якія ў вас далейшыя планы?

- Аргкамітэт для падрыхтоўкі масавага святкавання працуе. Зварот да гарадскіх уладаў - гэта толькі адна частка падрыхтоўкі. Мы рыхтуем і іншыя мерапрыемствы.

Калі будзе станоўчы адказ на наш зварот, то будзем займацца падрыхтоўкай святкавання ў фармаце адным. Калі ж будзе адмова, што вельмі імаверна, то будзем прымаць пастановы пра іншую форму правядзення менавіта вулічнага мерапрыемства.

- А што асабіста для вас азначае дзень абвяшчэння незалежнасці БНР?

- Для мяне гэта перш за ўсё Дзень незалежнасці. Я не ўважаю Беларусь за маладую краіну, гісторыя якой пачалася ў 1991 годзе. 25 сакавіка - гэта дзень, калі мая краіна абвясціла незалежнасць.

Я паспрабую зрабіць усё, што максімальна ад мяне залежыць, для таго, каб святкаванне 25 сакавіка выйшла на новы ўзровень.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках