18 красавiка 2024, Чацвер, 13:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму блакаванне «Хартыі-97» нявыгаднае дзяржаве

64
Чаму блакаванне «Хартыі-97» нявыгаднае дзяржаве
ВІКТАР ПРАКАПЕНЯ
ФОТА: FACEBOOK

Пяць высноў паспяховага IT-бізнэсоўца.

Блакаванне сайта Charter97.org нявыгаднае ў першую чаргу самім беларускім уладам. Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў вядомы беларускі IT-бізнэсовец, адзін з аўтараў дэкрэту №8 аб развіцці лічбавай эканомікі Віктар Пракапеня:

«Пазаўчора ў Беларусі быў заблакаваны сайт Charter97.org. Я хацеў напісаць гэты зварот у канцы мінулага года, калі быў заблакаваны сайт «Беларускі партызан», але не паспеў дапісаць, бо сайт аднавіў працу цягам некалькіх дзён. Да гэтага ў краіне 20 гадоў быў цалкам свабодны інтэрнэт, калі не ўважаць кароткатэрміновыя блакаванні сайтаў падчас пратэстных мерапрыемстваў. У старажытнагрэцкай міфалогіі ў гідры, калі ёй адсякалі адну галаву, на яе месцы вырасталі тры. На мой погляд, гэта самая падыходная метафара для тлумачэння таго, што будзе адбывацца далей.

1. Няма найлепшай рэкламы сайтам чым іх блакіроўка. Досвед блакавання сайтаў у дзяржустановах паказвае, што блакаваныя сайты карыстаюцца ў чыноўнікаў вялікай папулярнасцю: проста доступ да іх адбываецца не з рабочых кампутараў, а з мабільных тэлефонаў. Каб абыйсці блакаванне, трэба паставіць іншую праграму для доступу ў інтэрнэт, напрыклад, Tor ці Opera. Нават пенсіянер спраўляецца з гэтай задачай менш чым за 5 хвілін. Няма сэнсу ў тым, каб секчы галовы гідры ці тушыць пажар бензінам. Заблакаваны сайт, павялічыўшы свой трафік за кошт такой рэкламы, хутчэй за ўсё яшчэ больш радыкалізуецца, гэтак жа як радыкалізуецца яго аўдыторыя. Google trends, хоць і не самы чысты інструмент для вымярэння, ужо паказвае рост папулярнасці заблакаванага сайта на 20%.

2. Магчымы пераход вялікай колькасці грамадзян на праграмы накшталт Tor або Opera прывядзе да ўскладнення працы ў расследаванні злачынстваў, у якіх выкарыстоўваўся інтэрнэт (цяпер такіх усё больш) - дзяржава не зможа бачыць не толькі грамадзян, што наведваюць заблакаваныя сайты, але і кожныя іншыя. Вялікая колькасць аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў стане немагчымай. Як вынік - калі раскрываць злачынствы складаней, то злачыннасць можа вырасці. У выпадку, калі сапраўды трэба будзе закрыць доступ да нейкіх сайтаў падчас нейкага «пажару», а большасць грамадзян выкарыстоўвае Тоr для доступу да інтэрнэту, закрыць доступ да гэтых сайтаў стане немагчыма.

3. Сайты сёння могуць выкладваць увесь свой кантэнт у сацыяльных сетках, напрыклад, instant articles у «Фэйсбуку». У выніку ўсё большая колькасць людзей пераходзіць у сацыяльныя сеткі для атрымання інфармацыі, што мае роўна супрацьлеглы эфект ад таго, што мае на ўвазе блакаванне сайта.

4. Блакаванне СМІ без папярэджання і без надання часу на ліквідацыю парушэнняў - гэта ўскладненне міжнародных дачыненняў. Шкода іміджу відавочная ўсім, пра яе нават няма сэнсу пісаць. Апошнім часам мы прарабілі вялікую працу з амерыканскімі юрыстамі і лабістамі, каб разблакаваць аплатную сістэму Paypal у Беларусі. Беларусы не могуць скарыстацца гэтай аплатнай сістэмай, у гэтым спісе мы побач з Зімбабвэ, Ліберыя і Паўночнай Карэяй.

Рaypal неабходны, каб маленькім кампаніям было лягчэй працаваць, а вялікія і так могуць працаваць праз свае філіялы. У выпадку прадаўжэння сітуацыі з блакаваннем сайтаў гэта немагчыма.

5. У сацыяльных сетках выказваюць меркаванні, што Лукашэнка асабіста аддаў загад аб блакаванні. Больш магчымым мне здаецца наступны сцэнар: нейкае міністэрства паставіла свой інтарэс вышэй за інтарэсы дзяржавы. Атрымаць 100 тысяч даляраў на баланс свайго міністэрства, калі дзяржава страціла 100 мільёнаў - гэта класіка жанру. Можа прайсці ўсяго пару тыдняў, і колькасць наведванняў на заблакаваным сайце вырасце. Але гэтая наведвальнасць не будзе адлюстроўвацца ў справаздачах беларускіх правайдэраў. Затое гэтае міністэрства зможа паведаміць пра тое, што паводле іх статыстыкі ніхто ў Беларусі заблакаваны сайт не наведвае. У выніку асобнае міністэрства ў плюсе, а дзяржаве панесла значныя страты. Гэта тлумачэнне мне здаецца найбольш магчымым».

Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі.

Падрабязная інструкцыя аб тым, як абыйсці блакаванне сайта Charter97.org, знаходзіцца тут.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках