19 сакавiка 2024, aўторак, 6:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія кіроўцы: Пара мяняць лысую гуму

53
Беларускія кіроўцы: Пара мяняць лысую гуму
Фота: bymedia

Аўтамабілісты на мяжы.

Улады ўводзяць для беларускіх аўтамабілістаў цэлы шэраг драконаўскіх захадаў. Па-першае, з наступнага года дарожны збор будуць плаціць асобна ад тэхагляду. Для таго, каб выявіць неплацельшчыкаў, камеры фотафіксацыі могуць перавесці ў бесперапынны рэжым працы.

У выніку пасля праезду пад адной камерай нядобрасумленны беларускі кіроўца можа атрымаць адразу тры «лісты шчасця»: за перавышэнне хуткасці, няпройдзены тэхагляд і нявыплачаны «дарожны збор».

Па-другое, Лукашэнка рыхтуе да выдання ўказ, згодна з якім купляць і прадаваць аўтамабілі за гатоўку будзе забаронена.

Што ў выніку чакае беларускага кіроўцу? На пытанні Charter97.org адказвае прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Гомелі Алесь Яўсеенка.

- Як вы пракаментуеце новаўвядзенне з дарожным зборам і тэхаглядам, паводле якога будуць прыходзіць замест аднаго адразу тры лісты шчасця?

- Відавочна, што ўлады спрабуюць адабраць у беларуса кожны лішні рубель. Больш за тое, шмат у каго забіраюць не толькі лішні, але і апошні. Не стае грошай у нашага рэжыму. Для таго, каб гэта заўважыць, не трэба быць вялікім эканамістам - досыць пагаварыць з людзьмі, зайсці ў краму, паслухаць, што кажуць у чэргах.

Другая прычына - рэпрэсіўная сутнасць рэжыму Лукашэнкі. Улады ўважаюць усялякае паслабленне і лібералізацыю за слабасць.

Такія новаўвядзенні - яшчэ адна спроба зрабіць людзей больш пакорлівымі.

Але трыванне ў беларусаў небясконцае, бо ніхто не ведае, калі ўпадзе сняжынка, якая выкліча лавіну. А аўтамабілісты ў Беларусі - даволі шырокі пласт грамадства. І, як мы памятаем з мінулага, даволі мабільны і пратэстны. Можна ўспомніць акцыі «Стоп-бензін!».

Калісьці ўлады пастанавілі, каб дагадзіць Расеі ўвесці «размытнёўку», каб беларусы не маглі ўвозіць добрыя патрыманыя аўтамабілі.

Надоечы стала вядома аб тым, што людзей хочуць пазбавіць магчымасці купляць ужыванае адзенне, каб хоць неяк праціснуць наш адсталы легпрам.

Выходзіць, што беларусам хочуць упіхнуць «Джылі», які каштуе проста касмічныя грошы і адзець у прадукцыю нашага легпраму. Там кошты зусім недэмакратычныя. Вось такі клопат пра людзей. А калі быць дакладным - пра свае інтарэсы, партманэты і дабрабыт.

- Што можа значаць на практыцы забарона на разлік гатоўкай пры продажы-куплі аўтамабіляў? У беларусаў цяпер будзе лягчэй забіраць даляры і транспартныя сродкі?

- Ведаеце, у нас усё магчыма. Я не здзіўлюся, калі надумаюць адбіраць тыя аўтамабілі, якія купляліся за гатоўку да ўвядзення гэтага закону. Тут, безумоўна, могуць быць падводныя камяні.

- Нядаўна беларус патрапіў у аварыю на «Джылі» айчыннай зборкі. У аўто не спрацавалі падушкі бяспекі. Кіроўца тры тыдні спрабаваў звязацца з кіраўніцтвам заводу «Джылі» і нават ездзіў да іх, каб атрымаць тлумачэнні. Але яго праігнаравалі. Як вы ацэньваеце гэты выпадак?

- Я думаю, што гэта проста абыякавае стаўленне да свайго народу. Усе выдатна ведаюць пра «кітайскія стандарты» якасці. А тут да іх дадалася бязладнасць, якая пануе на дзяржпрадпрыемствах.

Калі з'яўляюцца нейкі завадскі брак у прадукцыі сур'ёзных аўтагігантаў - то адклікаюцца мільёны транспартных сродкаў. Я не ўпэўнены, што калі з «Джылі» адбудзецца нешта такоўскае, то нашы ўлады адклічуць аўтамабілі.

- Ці можна сказаць што аўтамабіль у Беларусі становіцца раскошай?

- Тут няма ніякіх сумневаў. Аўтамабіль - гэта прадмет раскошы. У мяне шмат знаёмых, якія проста не могуць аплаціць страхоўку, тэхагляд, дарожны збор, заправіць яго. Гэта прыводзіць да таго, што ў нас з'яўляюцца «могілкі аўтамабіляў».

Але гэта не клопат пра здароўе нашых грамадзян і спроба перасадзіць усіх на ровары. Гэта банальнае рабаванне.

Ведаеце, я думаю, што лозунг «Пара мяняць лысую гуму!» - сёння актуальны як ніколі. Я камунікую з людзьмі, якія калісьці галасавалі за Лукашэнку. Яны проста клянуць сябе за тое, што аддалі за яго свой голас. Ведаеце, калі ўжо электарат Лукашэнкі пераходзіць у апазіцыю, то ў дыктатара справы зусім дрэнныя.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках