28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэйтынг беларускіх гарадоў: дзе найлепшая якасць жыцця

11
Рэйтынг беларускіх гарадоў: дзе найлепшая якасць жыцця
ФОТА: DEPOSITPHOTOS

Некаторыя гарады імкліва даганяюць, а дзе-нідзе і апярэджваюць Менск.

Згодна з вынікамі рэйтынгу беларускіх гарадоў, праведзенага «Цэнтрам новых ідэй», Менск апярэджвае іншыя беларускія гарады паводле шэрагу паказчыкаў. Тым не менш, імкліва даганяюць, а дзе-нідзе і апярэджваюць беларускую сталіцу Берасце і Гародня, піша «Ежедневник».

Эканамічныя паказчыкі, акрамя Менску, вышэйшыя за ўсё ў Наваполацка, Салігорска, Мазыра. У дэмаграфічныя і эканамічныя аўтсайдэры паводле рэйтынгу трапілі Ворша, Барысаў і Бабруйск.

У Берасця і Гародні ёсць патэнцыял

Як адзначыў на канферэнцыі Reshape-2018 старшы даследчык CASE Belarus Зміцер Бабіцкі, у апошнія гады Менск страчвае прамысловасць, якая актыўна замяняецца сэрвісам.

«Развіваецца і расце «агламерацыйнае кола» вакол Менска. У асноўным у нас прырост занятасці адбываецца ў межах гэтага кола. Таму такія аб'екты як Заслаўе, Койданава, Смалявічы - гэта цяпер топ месцаў, дзе адкрываюцца новыя працоўныя месцы», - сказаў ён.

Экспэрт звярнуў увагу на той факт, што ў Менскай вобласці занятых больш, чым тых, хто пражывае, што ў сваю чаргу характэрна таксама для Салігорска.

«Больш за 100 тысяч чалавек прыязджае штодня ў Менск на працу з іншых гарадоў, гэта значыць кожны дзясяты, які працуе ў Менску ў ім не жыве», - сказаў ён.

Зміцер Бабіцкі таксама пракаментаваў пазіцыі лідара, якія занялі ў рэйтынгу гарадоў Беларусі Гародня і Берасце. Эксперт падаў як прыклад Польшчу, дзе такія гарады, як Гданьск, Шчэцін, Уроцлаў, развіваюцца больш дынамічна, чым Варшава.

«І хай у Беларусі яшчэ такой тэндэнцыі нябачна, у Берасці, Гародні і яшчэ шэрагу гарадоў вельмі вялікі патэнцыял», - мяркуе Зміцер Бабіцкі.

«Чаму ў рэйтынгу ў лідарах Берасце і Гародня? У іх ёсць вялікі плюс у тым, што яны знаходзяцца на мяжы і таму моцна ўцягнутыя ў транспамежныя сувязі, у іх ёсць сталы доступ да новых ведаў, «разынак», і там ёсць каманды, якія спрабуюць усё гэта укараніць. І самае галоўнае, там ёсць чалавечы патэнцыял. Хтосьці адкрыў кавярню, за ёй падцягнуўся стартап, а за гэтым і стаіць будучыня гарадоў», - у сваю чаргу заўважыў дырэктар фонду «Інтэракцыя» Іван Шчадронак.

Чаму ў Воршы не маюць шанцаў?

Пры гэтым экспэрты салідарныя ў тым, што пры строгай вертыкалі ўлады, якая характэрная для Беларусі, рэгіёнам складана развівацца.

«У нас жа галоўны пажарнік і галоўны лекар сядзяць толькі ў абласным горадзе. Гэтаму адпавядаюць і фінансавыя плыні, як фармальныя так і не, - растлумачыў Зміцер Бабіцкі. - Увесь «тлушч» канцэнтруецца там, дзе ўлада, гэта значыць у абласных гарадах ці гарадах кшталту Салігорска, Наваполацка, дзе ёсць велізарныя прадпрыемствы. Таму Воршы з Барысавам спадзявацца няма на што, асабліва ўлічваючы адсутнасць там універсітэтаў».

На жаль, прызнае Іван Шчадронак, галоўная мэта кіраўніка раённага цэнтра ў тым, каб даваць паказчыкі.

«Ягоны галаўны боль - як павялічыць надоі і сабраць больш ўраджаю. А каб горад развіваўся трэба думаць, як зрабіць яго канкурэнтаздольным», - мяркуе экспэрт.

Іван Шчадронак прызнае, што гэтымі пытаннях мясцовай уладзе няма калі займацца, ды яна на гэта і не здольная.

«Уся сістэма працуе так: ёсць строгая вертыкаль, і пастановы, якія прымаюцца, прымаюцца цэнтрам, у выніку на месцах сядзяць не стратэгі, а выканаўцы. У гэтым, на мой погляд, самая вялікая хіба з пункту гледжання кіравання гарадамі», - упэўнены экспэрт.

Як будуць развівацца агламерацыі?

На погляд Івана Шчадронка, гарады кшталту Мазыра, Полацка-Наваполацка, Пінска, Глыбокага - гэта такія субрэгіянальных цэнтры, якія могуць у нейкай ступені складаць канкурэнцыю абласным гарадам і ў нейкай меры за імі таксама будучыня. Значыць, і яны маюць усе шанцы стаць прывабнымі для пражывання.

«Я не прыхільнік злучэння краіны ў адзін горад. Калі ў Беларусі пройдзе рэформа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення, упэўнены, стаўка будзе зробленая на агламерацыі. Галоўнае, каб гэтыя агламерацыі сталі цэнтрамі тых субрэгіёнаў, якія ў краіне фармуюцца», - сказаў на заканчэнне ён.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках