9 траўня 2024, Чацвер, 2:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашызм у сто разоў горшы»

26
«Лукашызм у сто разоў горшы»

Беларусы - пра сітуацыю з БРСМ.

Скандал, які выліўся напярэдадні, усё яшчэ разгортваецца. «Радыё Свабода» апублікавала відэа, знятае навучэнцамі адной са сталічных школ (пазней высветлілася, што гаворка ідзе пра гімназію №31). Адміністрацыя з дапамогай пагроз і абраз змушала падлеткаў уступіць у пралукашэнкаўскую арганізацыю БРСМ. Шмат каментароў з'яўляецца ў сацыяльных сетках, паведамляе «Белсат».

Вядомы палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі кажа:

«А хтосьці збіраўся раздаваць БРСМу аўтаматы. Ды туды ж заганяюць ледзь не пад руляй».

А вось Аляксандр Сцепаненка піша так на сваім ФБ:

«Мабыць, нездарма БРСМ уважае сябе за пераемніка ВЛКСМ. Прынамсі горшае ад камсамола - прымусовае ўступленне - яны дакладна перанялі».

Яму адказвае ў каментары Таццяна Зялко:

«Ды не! Як па мне, то лукашызм у сто разоў горшы. Я не апраўдваю ні камсамол, ні той час, але сённяшняе ўжо пераплюнула усе каноны, магчымыя і немагчымыя».

Пад тысячу каментароў з'явілася і ўласна пад скандальным ролікам на youtube. Піша карыстальнік Radix:

«Жывуць паводле настулату «я начальнік, ты дурань». Для іх асобы падначаленага не існуе наогул, для іх дзеці - ніхто. Іх не проста можна, а трэба сістэматычна зневажаць, а кожны супраціў ціснуць у зародку».

У нас атрымалася датэлефанавацца да 31-й сталічнай гімназіі і пагутарыць з намесніцай дырэктара Таццянай Чумавіцкай:

«Я думаю, што гэта не зусім тэлефонная размова, праўда? У кожным выпадку ўсё годна, усё прыгожа, усё правільна...»

Пагаворым з былым сакратаром БРСМ Венедыктам Кляўзэ:

«Інфармацыю гэтую я прачытаў яшчэ ўчора. Адразу падняўся ціск, таму што такі ўзровень аргументацыі, каб запрасіць людзей у БРСМ, не мае права быць. Я ў шоку ад інструменту, які цяпер выкарыстоўваецца. Цягам тых трох гадоў, калі я быў у БРСМ, у тым ліку быў сакратаром, БРСМ знаходзіўся, мне здаецца, на іншым узроўні развіцця. Ён толькі нараджаўся, таму там працавалі танчэй: больш схілялі, паказвалі плюсы, заваблівалі нейкімі зніжкамі, прэферэнцыямі пры размеркаванні і атрыманні месца ў інтэрнаце...»

Міністэрства адукацыі спачатку казала пра шок ад пачутага, але цягам дня шок прайшоў, і з'явілася афіцыйная заява:

«Незразумелае ні паходжанне роліка, ні тое, ці такая сітуацыя мела месца ў рэчаіснасці, ці гэта чарговая фэйкавая пастаноўка. І Міністэрства адукацыі не збіраецца праводзіць якіх-небудзь расследаванняў на гэты конт, а тым больш даваць каментары. Разам з тым, пазіцыя міністэрства выразная. Недапушчальна прымусовае ўступленне ў чальцы БРСМ».

Працяг размоў - у відэасюжэце.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках