Ці трэба плаціць мыту за тавар на 300 еўраў, калі часта ездзіш за мяжу?
6- 11.11.2018, 21:48
- 18,297
Як пацвердзіць кошт набытага за мяжой тавару.
У спецыялістаў Гомельскай мытні пацікавіліся, ці давядзецца плаціць мыту за куплены за мяжой планшэт коштам 300 еўраў, калі з апошняга выезду за мяжу не прайшло трох месяцаў. Мытнікі патлумачылі tut.by.
Мытнікі нагадалі, што беларусы, якія ездзяць за мяжу не часцей чым раз на тры месяцы, могуць правезці тавар для асабістага карыстання вагой да 50 кг і коштам не вышэй за 1500 еўраў. А тыя, хто ездзіць часцей, - 20 кг і 300 еўраў.
- У выпадку перавышэння сумы, эквівалентнай 300 еўраў, у дачыненні да кошту тавараў, што перамяшчаюцца часцей за адзін раз на тры месяцы, і (або) калі іх агульная вага перасягае 20 кілаграмаў, гэтыя тавары не будуць належаць да тавараў для асабістага карыстання - удакладнілі спецыялісты Гомельскай мытні.
З іх слоў, калі кошт увезенага тавару блізкі да коштавага абмежавання, для яго пацверджання трэба «падаць арыгіналы дакументаў на падставе якіх заяўлены кошт тавару - чэкі, рахункі, біркі, цэтлікі».
- Апроч гэтага, будуць прадстаўленыя прайс-лісты, каталогі, рэкламныя праспекты, і буклеты замежных арганізацый, якія вядуць раздробны продаж аналагічных тавараў, - тлумачаць мытнікі. - У тым выпадку, калі кошт тавару, заяўлены вамі не прымаецца, мытны орган вызначае кошт тавараў для асабістага карыстання на падставе сваёй інфармацыі. Калі такі кошт перавысіць эквівалент 300 еўраў, тавар не будзе прызнаны таварам для асабістага карыстання.
Нагадаем, у краінах ЕАЭС надумалі чарговым разам зменшыць ліміты на ўвоз тавараў з-за мяжы. Так, з 1 студзеня 2019 года жыхары краін ЕАЭС, якія вандруюць наземным транспартам, змогуць прывозіць тавараў на 500 еўраў і вагой да 25 кілаграмаў. Цяпер ліміты складаюць 1500 еўраў і 50 кілаграмаў. Змены прадугледжаныя пастановай Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі №91 ад 1 лістапада 2018 года. Новыя ліміты будуць дзейнічаць для жыхароў усіх 5 краін, якія ўваходзяць у ЕАЭС, у тым ліку і для Беларусі.