3 траўня 2024, Пятніца, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Наша свабода патрэбная толькі нам

18
Мікалай Статкевіч: Наша свабода патрэбная толькі нам
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Сябры і хаўруснікі ва ўсім свеце ў нас з'явяцца, як толькі народ падымецца на барацьбу.

Пра гэта адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч напісаў у «Фэйсбуку»:

- Захад зрабіў стаўку на захаванне беларускага дыктатара ва ўладзе. Гэта відаць з дзеянняў і заяў амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў.

Высокапастаўлены прадстаўнік амерыканскага ўрада назваў Беларусь «часткай бастыёна, які абараняе ад расейскага неаімперыялізму». Пры сустрэчы з дыктатарам ён заявіў: «... мы выдатна разумеем той поспех, якога вы дабіліся ў справе забеспячэння стабільнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці. Найперш, палітычнай стабільнасці ў Беларусі».

Вядома, мы таксама добра разумеем, што прычына поспеху ў справе забеспячэння палітычнай стабільнасці ў нашым бастыёне - датацыі Крамля. Цяпер праз расейскія эканамічныя праблемы яны зменшыліся з 27% да 10% беларускага ВУП. Але, усё адно - гэта беспрэцэдэнтная ў свеце сума міждзяржаўных датацый. Хоць дыктатару іх ужо недастаткова.

Бо татальны кантроль над грамадствам, адмова ад даўно наспелых эканамічных рэформаў, падтрыманне атмасферы ўсеагульнага страху, фальсіфікацыя выбараў, здушэнне пратэстаў, выкраданні, арышты і катаванні нязгодных патрабуюць усё большых выдаткаў. І досыць Расеі ўсяго толькі пачаць прадаваць Беларусі нафту і газ рынкавымі коштамі, як палітычная стабільнасць нашага бастыёна скончыцца за вельмі кароткія тэрміны.

Вось дыктатару і даводзіцца, седзячы на крамлёўскім павадку, гуляць у антырасейскі бастыён. А раптам Захад хоць колькі падасць на захаванне дыктатуры.

У заходніх чыноўнікаў свая праўда. Асноўная з іх - хай лепш такі буфер ад Расеі, чым ніякага. Беларусаў, вядома, шкада. Але свая бяспека даражэйшая.

Ну што ж, іх выбар - іх права.

Ніхто не будзе змагацца за нашу свабоду. Яна патрэбна толькі нам самім. А сябры і хаўруснікі ва ўсім свеце ў нас з'явяцца. Адразу ж пасля таго, як наш народ падымецца за сваю свабоду. Бо шчырае змаганне за чалавечыя правы і годнасць заўсёды знаходзіць водгук у сэрцах людзей, надзеленых пачуццём гонару.

Але цяпер нам давядзецца разлічваць толькі на сябе, на свае ўласныя сілы і сродкі. Будзем гатовыя да гэтага.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках