24 красавiка 2024, Серада, 4:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 фактаў пра зверхніка адзінай праваслаўнай царквы Украіны

9
10 фактаў пра зверхніка адзінай праваслаўнай царквы Украіны
ЕПІФАНІЙ
ФОТА: LIGA.NET

Епіфанія называюць правай рукой Філарэта і самым маладым зверхнікам украінскай царквы ў гісторыі.

Томас для новай Украінскай праваслаўнай царквы з рук патрыярха Варфаламея 6 студзеня атрымае вылучэнец УПЦ Кіеўскага патрыярхату Епіфаній, піша liga.net.

Аб'яднальны сабор, у якім удзельнічалі архірэі УПЦ КП, УАПЦ і два мітрапаліты ад УПЦ МП, выбраў мітрапаліта Пераяслаўскага і Белацаркоўскага зверхнікам царквы. Да людзей, што ўвесь дзень чакалі пастановы сабора на Сафійскай плошчы, Епіфаній выйшаў з прэзідэнтам Украіны - пад перазвон званоў Сафіі Кіеўскай і праз жывы калідор святароў.

Чым вядомы зверхнік Епіфаній, што ён кажа пра вайну і уплыў «расейскага свету» на жыццё царквы: 10 фактаў.

Правая рука Філарэта. Улетку 2013 г. мітрапаліт Епіфаній быў прызначаны патрыяршым намеснікам - гэта значыць фактычна выканаўцам абавязку патрыярха УПЦ КП. Па статуце, намеснік павінен быў дапамагаць зверхніку ў кіраўніцтве прыходамі ў Кіеўскай вобласці, а ў выпадку смерці Філарэта - стаць месцаахоўнікам патрыяршага пасаду. Паводле звестак крыніц LIGA.net, Філарэт бараніў кандыдатуру Епіфанія на пасаду зверхніка новай Украінскай царквы ўсімі магчымымі спосабамі. У тым ліку - настойваў на тым, каб галасаванне на аб'яднальным саборы праходзіла ў адкрытым рэжыме (у выніку яму гэта не ўдалося).

Вельмі малады. Зверхнікі праваслаўнай царквы ва Украіне, як правіла, людзі сталага веку. Напрыклад, патрыярху Філарэту было 66 гадоў, калі ён узначаліў УПЦ КП. Макарыю ў момант яго абрання кіраўніком УАПЦ у 2015 годзе - за 70. Епіфанію цяпер толькі 39 гадоў.

Імклівая кар'ера. З 2000 года Епіфаній служыў у Ровенскай дыяцэзіі. Але яго кар'ерны ўзлёт прыйшоўся на 2008 год. У канцы снежня-2007 ён быў пастрыжаны ў манаства арцыбіскупам Пераяслаў-Хмяльніцкім Дзмітрыям. Усяго праз два тыдні 6 студзеня 2008 года Філарэт пасвяціў яго ў іерадыяканы, а 20 студзеня ўзвёў у сан іераманаха. 25 студзеня Філарэт прызначыў Епіфанія сваім сакратаром 16 сакавіка - узвёў у сан архімандрыта, 30 траўня - аддаў яму ў кіраванне Кіеўскую епархію. 2009 - Епіфаній абраны біскупам Вышгародскім. 2012 - указам зверхніка УПЦ КП узведзены ў сан арцыбіскупа і стаў пастаянным сябрам сінода.

Ведае грэцкую мову. Падчас стажыроўкі ў Афінскім нацыянальным універсітэце (філасофскі факультэт) Епіфаній вывучыў грэцкую мову. Рэлігіязнаўцы мяркуюць, што тэарэтычна гэта дазволіць яму праводзіць прамыя перамовы з Сусветным патрыярхатам.

Даўні прыхільнік аўтакефаліі. Пра тое, што ў краіне павінна быць створаная свая памесная царква, мітрапаліт казаў яшчэ ў 2013 годзе.

Абвінаваціў УПЦ МП у залежнасці ад Крамля. У разгар агрэсіі Расеі ў 2015 годзе Епіфаній абвінаваціў Крэмль ва ўплыве на УПЦ МП, мэта якога - задушыць незалежнасць Украіны. Ён заявіў, што Маскоўскі патрыярхат залежыць ад расейскіх царкоўных і свецкіх структур: па царкоўнай лініі яго жыццё кантралюецца і накіроўваецца ва ўгоду крамлёўскай улады як асабіста патрыярхам Кірылам (Гундзяевым), так і структурамі Маскоўскай патрыярхіі. З яго слоў, Расея фінансава стымулюе дзейнасць царквы - звязаныя з УПЦ МП структуры за 2013-15 гады атрымалі толькі ў выглядзе так званых грантаў Пуціна чвэрць мільярда рублёў.

Разам з тым, Епіфаній верыць, што святары УПЦ МП «рана ці позна будуць з намі ў адзінай памеснай царкве».

Уважае Гундзяева агентам ФСБ: «І сам патрыярх, і гэтыя структуры залежаць ад расейскай улады і асабліва - ад спецслужбаў. А супрацоўнікі гэтых службаў не толькі ўзаемадзейнічаюць са структурамі МП, але і непасрэдна працуюць у іх, носячы хто - пінжакі, а хто - і рызы».

Выразна пазначыў ролю «расейскага свету» ў вайне... Упэўнены: украінскіх воінаў на перадавой і мірных жыхароў у Данбасе забіваюць не расейскія кулі, міны або «Грады», а ідэі расейскага свету, якія накіроўваюць рукі агрэсараў на стрэл. «І забіваюць творцы і прапагандысты гэтых ідэй», - напісаў ён у 2015 годзе ў звароце «Ці доўга яшчэ ў нашых душах будзе шнарыць рука Масквы?»

...І месца РПЦ у праваслаўным свеце без Украіны. «Для Масквы гэта вельмі балючае пытанне. Таму РПЦ цяпер прэтэндуе на першынство ў праваслаўным свеце. Без Украіны, вядома, яна не бачыць сябе такой. Калі мы адыдзем, то расейская царква страціць практычна палову парафій і вернікаў. Тады ўжо бескарыснымі будуць іх амбіцыі прэтэндаваць на першынство ў праваслаўным свеце» (2013 г.)

Гатовы працягваць аб'яднанне з МП. «Я хацеў бы заклікаць усіх нашых субратаў, архірэяў, усіх вернікаў далучыцца да новастворанай адзінай украінскай праваслаўнай царквы. Дзверы нашай царквы адкрыты для ўсіх, - сказаў Епіфаній падчас свайго першага выступу ў новым статусе кіраўніка аўтакефальнай царквы. - Мы заклікаем усіх да яднання... Наперадзе ў нас яшчэ шмат працы. Перш за ўсё, мы павінны скончыць справу аб'яднання ўкраінскага праваслаўя... Маліцца аб спыненні вайны. І няхай нам у гэтым дапаможа Бог».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках