7 траўня 2024, aўторак, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Новы час» зноў судзяць за артыкулы пра рэстарацыю ў Курапатах

10
«Новы час» зноў судзяць за артыкулы пра рэстарацыю ў Курапатах
ФОТА: SVABODA.ORG

Бізнэсовец патрабуе ад газеты кампенсацыі маральнай шкоды за артыкулы пра рэстаран ля месца расстрэлу ахвяр сталінізму.

Папярэдняе судовае пасяджэнне паводле пазову буйнога прадпрымальніка Леаніда Зайдэса да незалежнай беларускамоўнай газеты "Новы Час" прайшло ў панядзелак, 17 снежня, у судзе Маскоўскага раёна Менска. Улетку 2018 году выданне апублікавала шэраг расследаванняў журналіста Дзяніса Івашына пра тых, хто мае дачыненне да будаўніцтва каля народнага мемарыялу Курапаты рэстаранна-забаўляльнага комплексу "Паедем-поедим", піша DW.

Забаўляльная ўстанова размяшчаецца ў непасрэднай блізкасці да ўрочышча Курапаты, дзе ў 1937-1941 гадах падчас сталінскіх рэпрэсій праходзілі масавыя расстрэлы мірных грамадзян. З розных ацэнак, там загінулі і пахаваныя ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек. Будаўніцтва гэтай установы выклікала рашучы пратэст у дэмакратычнай грамадскасці Беларусі. Журналіст Дзяніс Івашын апублікаваў на старонках газеты шэраг артыкулаў, у якіх распавёў аб фірмах і асобах, звязаных з будаўніцтвам рэстарацыі. Суўладальнікам адной з такіх фірмаў аўтар расследавання назваў бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

Прадпрымальнік падаў пазоў

Прадстаўніца Зайдэса (сам бізнэсовец на судовым пасяджэнні не прысутнічаў) заявіла аб тым, што публікацыі ў газеце і на сайце выдання прычынілі шкоду гонару, годнасці і бізнэс рэпутацыі прадпрымальніка. Зайдэс патрабуе ад выдання пяць тысяч беларускіх рублёў, з журналіста - тры тысячы рублёў, а таксама кампенсацыі выдаткаў на адваката і іншыя судовыя выдаткі - усяго на суму блізу 3,5 тысячы еўраў ў эквіваленце. Са слоў прадстаўніка пазоўніка, сам Зайдэс і надалей не мае намер асабіста браць удзел у працэсе.

Адказчыкі і іх адвакат не прызналі патрабаванні бізнэсоўца і папрасілі суд не задавальняць пазоў, бо апублікаваная ў артыкулах інфармацыя тычыцца не асабіста Зайдэса, а толькі юрыдычных асоб, якія маюць дачыненне да будаўніцтва рэстараннага комплексу каля Курапатаў.

Гэта ўжо не першы судовы працэс у дачыненні газеты і журналіста, звязаны з згаданай рэстарацыяй. У жніўні 2018 года аналагічны пазоў у дачыненні да газеты "Новы Час" і журналіста Дзяніса Івашына падаваў бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіча. Ён сцвярджаў, што не мае дачынення да будаўніцтва гэтай установы, і што публікацыі ў газеце артыкулаў Івашына прычынілі яму маральныя страты, шкоду яго бізнэс рэпутацыі, гонару і годнасці. Аднак тады суд не задаволіў пазоў буйнога прадпрымальніка.

Супрацьстаянне працягваецца

Дэмакратычныя актывісты ўжо паўгода штодня прыязджаюць да рэстарацыі, патрабуючы яе закрыцця. Праваахоўныя органы за гэты час затрымалі ўжо дзясяткі людзей, якіх судзілі за правядзенне несанкцыянаваных акцый, непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. У выніку актывістаў або арыштоўвалі на тэрмін да 10 дзён, або выпісвалі велізарныя штрафы на сумы больш за 400 еўраў у эквіваленце. Тым не менш супрацьстаянне вакол забаўляльнага комплексу паблізу Курапатаў трывае.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках