15 траўня 2024, Серада, 21:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Японія выказала пратэст з нагоды інтэрнатаў для вайскоўцаў РФ на Курылах

1
Японія выказала пратэст з нагоды інтэрнатаў для вайскоўцаў РФ на Курылах
ВЫСПА ІТУРУП
ФОТА: AFP

Заява тычыцца выспаў Ітурупа і Кунашыра.

Японія выказала Расеі пратэст праз будаўніцтва кашар для вайскоўцаў на Курыльскіх выспах Ітурупе і Кунашыры. Як паведаміў прэс-сакратар японскага кабінета міністраў Есіхідэ Суга, адпаведная заява была зробленая 18 снежня праз дыпламатычныя каналы ў Маскве, паведамляе «Радыё Свабода».

Раней прадстаўнік Усходняй вайсковай акругі паведаміў, што два інтэрнаты для расейскіх вайскоўцаў на астравах Ітурупе і Кунашыры заселяць да канца 2018 года, інфармуе ТАСС. Паводле ягоных слоў, яшчэ чатыры казармы на выспах будуць здадзеныя ў эксплуатацыю ў 2019 годзе.

Паводле звестак міністэрства абароны Японіі, на дзвюх Курыльскіх выспах, якія Токіё ўважае за акупаваную тэрыторыю, знаходзяцца тры з паловай тысячы расейскіх вайскоўцаў.

У кастрычніку ўрад Японіі чатыры разы выказваў Расеі пратэсты ў сувязі з вайсковымі вучэннямі ля Курылаў.

Чатыры выспы Курыльскай грады - Ітуруп, Шыкатан, Кунашыр і Хабамаі - выклікаюць тэрытарыяльныя супярэчнасці паміж дзвюма краінамі з канца Другой сусветнай вайны. Тады Савецкі Саюз анексаваў належныя Японіі абшары. У 1956 годзе СССР і Японія падпісалі дэкларацыю аб заканчэнні ваенных дзеянняў, аднак мірная ўмова так і не была падпісаная.

У сярэдзіне лістапада пасля сустрэчы лідэраў Расеі і Японіі Крэмль паведаміў аб дамоўленасці вярнуцца да савецка-японскага мемарандуму 1956 года, паводле якога Масква згаджалася перадаць японскай старане два з чатырох астравоў - Хабамаі і Шыкатан пасля падпісання мірнай умовы. Паводле звестак японскіх СМІ, Абэ таксама разглядае магчымасць вярнуцца да тэзісаў дэкларацыі 1956 году. Раней Токіё згаджаўся на ўкладанне мірнай умовы толькі пасля вяртання яму ўсіх Паўднёвых Курыльскіх выспаў.

Чакаецца, што Пуцін і Абэ сустрэнуцца ў Расеі ў канцы студзеня.

Паводле звестак апытання "Левада-цэнтра", 74 адсоткі расейцаў выступаюць супраць перадачы Японіі Курыльскіх выспаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках