22 лiстапада 2019, Пятніца, 19:32
Праўда пра «выбары»
Рубрыкі

У Беларусі другога Крыма не будзе, будзе другі Афганістан

46
У Беларусі другога Крыма не будзе, будзе другі Афганістан

У беларусаў 500 гадоў партызанскай традыцыі.

Пра гэта ў інтэрв'ю ўкраінскаму тэлеканалу «Прамы» заявіў адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч.

У лідара беларускай апазіцыі спыталі: колькі часу засталося ў Лукашэнкі да працэсу поўнага паглынання Беларусі Расеяй? І ці будзе гэта адбывацца паводле ўкраінскага сцэнара (маецца на ўвазе ваеннага), ці гэта будзе нешта іншае?

– Я не думаю, што Беларусь будзе паглынутая. Таму што да Лукашэнкі ў нашага народа самая распаўсюджаная эмоцыя, у першую чаргу сярод ягонага былога электарату, гэта нянавісць. Дык вось, нават калі ненавісны народам дыктатар паспрабуе атрымаць чарговыя датацыі, чарговую дозу наркотыку для падтрымання свайго эканамічнага калгаса шляхам здачы рэальнага суверэнітэту, то гэта толькі паскорыць ягоны канец.

З сацыялагічных апытанняў, мільён беларусаў гатовыя з зброяй абараняць сваю краіну. Мы не дазволім гэтаму чалавеку, які 20 гадоў часткамі прадаваў нашу незалежнасць, закончыць гэты працэс цалкам. Урэшце, у нас 500-гадовая традыцыя партызанскіх войнаў. Тут другога Крыма не будзе – будзе другі Афганістан.

Так, Лукашэнка прадаваў нас часткамі. Ён прадаў нашу мову, культуру, гісторыю, тэлевізійную прастору, стратэгічныя пазіцыі ў эканоміцы. Але разумееце, у 90-я гады, калі толькі 27 адсоткаў беларусаў падтрымлівалі незалежнасць – жудасная лічба – дык вось тады, калі яны пачалі заключаць «саюзную дзяржаву», дзясяткі тысячаў людзей выходзілі на вуліцу. Былі вельмі жорсткія сутычкі з міліцыяй, дзясяткі і сотні параненых. Мы тады прымусілі яго спыніцца. А цяпер 90–95 адсоткаў людзей хочуць быць незалежнымі. У іх пакуль яшчэ мала надзеяў на дэмакратыю, хваля сацыяльнага і палітычнага пратэсту толькі нарастае. Але як толькі мы ўбачым рэальную небяспеку, то сотні тысячаў людзей выйдуць на вуліцу, – заявіў Мікола Статкевіч.