11 траўня 2024, Субота, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Стрыжак: Людзі кажуць – мы выйдзем супраць пенсійнай рэформы

17
Андрэй Стрыжак: Людзі кажуць – мы выйдзем супраць пенсійнай рэформы
АНДРЭЙ СТРЫЖАК

Незалежны прафзвяз РЭП даследаваў пратэстныя настроі ў грамадстве.

Прадстаўнікі незалежнага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) правялі сацыяльныя апытанні беларусаў аб стаўленні да павелічэння пенсійнага ўзросту.

Па падрабязнасці вынікаў апытання сайт Charter97.org звярнуўся да намесніка старшыні Гомельскага прафкама РЭП Андрэя Стрыжака:

- Мы апыталі амаль 1,5 тысячы чалавек у маштабе ўсёй краіны. Ахапілі ўсе вобласці і ўсе тыпы населеных пунктаў. Наш прафзвяз хацеў высветліць, якое стаўленне ў людзей да №534 указу, што тычыцца пенсійнай рэформы ў Беларусі. Адной з мэт апытання было таксама даведацца пра рэальны ўзровень дасведчанасці беларусаў наконт рэформы, наколькі людзі адсочваюць змены ў пенсійнай сістэме і некаторыя іншыя пытанні.

Хачу падзяліцца цікавымі лічбамі, якія былі выяўленыя падчас апытання. Напрыклад, 60% рэспандэнтаў заявілі, што яны гатовыя ў той ці іншай форме выказваць сваю незадаволенасць пенсійнай сістэмай. Гэта не кажа аб тым, што астатнія 40% не гатовыя выказацца. Сярод іх ёсць людзі, якія незадаволеныя, але, з розных прычын, не гатовыя пра гэта размаўляць.

Уразілі таксама адказы на пытанне «У чыіх інтарэсах праводзяцца змены?». У анкеце былі тры варыянты адказаў: дзяржавы, чыноўнікаў, простых людзей. Толькі 1% рэспандэнтаў адказаў на гэтае пытанне, што пенсійная сістэма рэфармуецца на карысць простых людзей.

Гэта кажа аб тым, што ў беларусаў няма ілюзій наконт таго, для каго праводзіцца пенсійная рэформа ў краіне. Адказы людзей вельмі красамоўныя.

Яшчэ цікавай была лічба наконт таго, якая колькасць людзей гатовая выступаць супраць рэформы пенсійнай сістэмы, удзельнічаючы ў тых ці іншых дазволеных уладай акцыях. Вынік - блізу 16%. Гэта вельмі вялікі адсотак! Ацэньваючы пратэстны патэнцыял, людзі кажуць: «Так, мы будзем абараняць свае правы. Мы выйдзем».

Як паказвае практыка, я маю на ўвазе тыя падзеі, які праходзілі год таму, калі вельмі будуць уціснутыя правы, то беларусы выходзяць на пратэсты. Рэакцыя на дэкрэт аб «дармаедах» яскрава паказала, што ў выніку беларусы дамагаюцца поспехаў, бо дэкрэт скасавалі. Праўда, ён быў заменены іншым, але ў гэтай канкрэтнай сітуацыі дзеянні апынуліся апраўданымі.

- Многія беларусы могуць застацца без пенсій праз тое, што прадпрыемствы не плацяць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Але ж работнік можа і не ведаць аб запазычанасці працадаўцы. Як беларусы могуць абараніць сябе?

- Я б сказаў так, з аднаго боку, гэта безумоўнае парушэнне з боку наймальніка. Тут не можа быць ніякай іншай ацэнкі. Працадаўца абавязаны цалкам аплачваць усе належныя з яго выплаты, як падатковыя, так і свае абавязанні перад ФСАН. Так вызначана законам. Не чалавек плаціць, як у ЗША, а менавіта наймальнік павінен гэта рабіць.

Але, з іншага боку, хачу вылучыць важны момант. Калі вы ўладкоўваецеся на працу альбо ўжо працуеце, то ваша адказнасць глядзець, якім чынам адбываюцца адлічэнні. На жаль, дзяржава самаўхіляецца ад кантролю ў гэтай сферы. Улады заяўляюць аб тым, што яны гэта кантралююць, але фактычна гэтага не адбываецца. У выніку адбываюцца прыкрыя сітуацыі, калі чалавек працаваў, а яму нічога не адлічвалі і ён не атрымлівае пенсію.

Варта цікавіцца, хто ваш наймальнік, якая ў яго крэдытная гісторыя. Як правіла, у працадаўцаў, якія маюць праблемы з выплатамі ФСАН, ёсць праблемы і ў іншых галінах. Напрыклад, з вамі не ўкладаюць доўгатэрміновую дамову, вы працуеце паводле дамовы найму альбо наогул ніяк не аформленыя. Як правіла, адно парушэнне чапляе другое і трэцяе. У 100% чыстага наймальніка не бывае такіх выпадкаў і хібаў, як нявыплаты ФСАН.

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што трэба ўважліва глядзець, калі ўладкоўваецеся на працу і выразна разумець, што калі вы ідзяце на працу, дзе вас не працаўладкоўваюць афіцыйна, то і ўнёскі ў ФСАН, ад якіх наўпрост залежыць пенсія, за вас плаціць не будуць.

- Адпрацаваўшаму больш за 30 гадоў случаку адмовілі ў працоўнай пенсіі. Ён сказаў, што ўлады паставілі пенсіянераў у такое становішча, што «калі працаваў - быў патрэбны, а стаў паджылым — выжывай, як хочаш». На ваш погляд, як беларусы могуць змагацца з сітуацыяй, якая склалася?

- Я так разумею, што калі гэтая сітуацыя будзе не адзінкавым выпадкам, а цыклічна паўтарацца, то мы будзем дзейнічаць — аб'ядноўвацца, у судах даводзіць сваю правату і дамагацца змены дзяржаўнага падыходу.

Збольшага, гэтаму служыць кампанія, якая цяпер ідзе пра прыняцце закона супраць дыскрымінацыі падчас прыёму на працу ў сувязі з узростам, полам і досведам працы.

Гэта паслужыць таму, што ў сітуацыі, калі беларус у 62 гады збярэцца выйсці на пенсію, але выкарыстаўшы абсалютна ўсе спосабы прававога рэгулявання так і не даможацца яе налічэння. Той закон дазволіць яму дапрацаваць гады, якіх яму не стае. Ні для каго не сакрэт, што цяпер чалавеку старэйшаму за 45 гадоў вельмі складана знайсці працу.

Хачу падкрэсліць, што ў сітуацыі случака, які адпрацаваў 30 гадоў, якому адмовілі ў пенсіі, трэба абавязкова звяртацца да праваабаронцаў, у незалежныя прафзвязы па кансультацыямі.

Сярод праваабаронцаў, незалежнага прафзвязу РЭП, юрыстаў, знойдуцца людзі, якія дэталёва разбяруцца ў сітуацыі, змогуць дапамагчы чалавеку. Не трэба заставацца адзін на адзін з бядой. Трэба казаць, заяўляць пра гэта і шукаць падтрымкі сярод тых, хто абараняе правы людзей.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках