20 красавiка 2024, Субота, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхару Слуцку, які адпрацаваў больш за 30 гадоў, адмовілі ў працоўнай пенсіі

48
Жыхару Слуцку, які адпрацаваў больш за 30 гадоў, адмовілі ў працоўнай пенсіі

Анатоль Самусевіч заплаціў амаль $1 000 000 падаткаў і збораў.

Жыхар Слуцку Анатоль Самусевіч працаваў на мэблевай фабрыцы, служыў у Савецкай арміі, пасля развалу СССР стварыў прыватнае прадпрыемства і забяспечыў працай больш за сто чалавек, піша kurjer.info. Але калі ў 60 гадоў ён звярнуўся па прызначэнне працоўнай пенсіі, яму адмовілі. Чаму так адбылося?

Анатолю Самусевіч 62 гады. Працаваць пачаў адразу пасля заканчэння школы: паўтара года на мэблевай фабрыцы, потым у аўтакалоне. З 1974 года да 1992 года cлужыў у войску. Пасля развалу Савецкага Саюза патрапіў пад скарачэнне.

30 сакавіка 1992 года стаў апошнім днём службы маёра Самусевіча, а 24 красавіка з'явілася Пастанова Вярхоўнага Савета БССР, адпаведна з якой вайскоўцы, звольненыя «адпаведна з аргмерапрыемствамі» і з выслугай больш за 15 гадоў ва Узброеных сілах, атрымалі права на вайсковую пенсію.

Менш за месяц не выстарчыла Анатолю, каб стаць вайсковым пенсіянерам.

Самусевіч у 1992 годзе адкрыў прыватнае прадпрыемства «Алеся» і стаў яго дырэктарам. На прадпрыемстве перапрацоўвалі другасную сыравіну, шылі рабочую вопратку. Восем гадоў яно паспяхова працавала, за што двойчы атрымлівала міжнародныя прэміі за дынамічнае развіццё.

У розныя гады на прадпрыемстве працавала ад 70 да 125 чалавек. «Браў беспрацоўных з біржы, - распавядае Анатоль Самусевіч. - Навучаў, заробак плаціў і ў ФСАН унёскі пералічваў, праўда, не заўсёды рэгулярна.

Штрафы за два гады несвоечасовай выплаты ўнёскаў для мяне склалі суму, супастаўную з коштам кватэры ў Слуцку».

Пасля закрыцця прадпрыемства Самусевіч займаўся грамадскай дзейнасцю, абараняў інтарэсы малога бізнэсу, паўтара года чытаў лекцыі ў вышэйшай навучальнай установе.

У 2015 годзе Анатолю споўнілася 60 гадоў, і ён звярнуўся ў пенсійны аддзел па прызначэнне пенсіі.

Поўнай нечаканасцю для яго стала адмова. Як патлумачылі спецыялісты, у яго няма 15 гадоў страхавога стажу. Нягледзячы на тое, што агульны працоўны стаж больш за 30 гадоў, у страхавы стаж залічылася толькі восем гадоў і некалькі месяцаў. У яго не ўвайшла служба ў войску і перыяды, калі ён працаваў прадпрымальнікам, але не ў час плаціў страхавыя ўнёскі ў ФСАН.

Адзінае, на што Анатоль можа разлічваць, калі не зменіцца заканадаўства, - сацыяльная пенсія. Цяпер гэта 90 з невялікім рублёў.

«Гэта несправядлівае стаўленне да чалавека, - кажа Анатоль. - Бо фактычна я служыў у войску і працаваў больш чым 30 гадоў. Калі быў прадпрымальнікам, адных падаткаў заплаціў дзяржаве больш за мільён даляраў. Даваў працу людзям. Уважаю пенсійнае заканадаўства за недасканалае. Выходзіць, калі працаваў - быў патрэбны дзяржаве, а як стаў старым - выжывай як хочаш. Застаецца разлічваць толькі на сябе».

Куды плаціў Анатоль Самусевіч

Прадпрыемства, якое стварыў жыхар Слуцку, цягам васьмі гадоў пералічвала абавязковыя аплаты ў розныя мясцовыя і рэспубліканскія фонды.

- ФСАН (фонд сацабароны);

- дарожны фонд;

- сельскагаспадарчы фонд;

- транспартны збор;

- падатковыя адлічэнні.

Адсюль, з ягоных ацэнак, за восем гадоў, і набралася сума $1 млн апалт і адлічэнняў.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках