19 красавiка 2024, Пятніца, 15:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчанка перамагла ў судзе супраць забудоўніка, які арганізаваў падвойныя продажы

2
Мянчанка перамагла ў судзе супраць забудоўніка, які арганізаваў падвойныя продажы
ФОТА: ONLINER.BY

Пацярпелыя ад рук Андрэя Краўчанкі мянчане прадаўжаюць змагацца за свае кватэры і правы.

Справа Андрэя Краўчанкі, падазраванага ў тым, што ён здолеў арганізаваць цэлую сетку падвойных продажаў кватэраў у Менску, набірае абароты, піша onliner.by.

21 лютага стала вядома, што следчы камітэт прызнаў пацярпелымі ўжо восем чалавек, заявы яшчэ пятнаццаці знаходзяцца ў стадыі разгляду. Змянілі і артыкул, паводле якога павінен праходзіць кіраўнік падраднай арганізацыі «Копинстрой»: з адносна мяккай «крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры» справа перакваліфікаваная ў суровую «махлярства ў асабліва буйным памеры». Праўда, як паказвае практыка, такія справы расследуюцца доўга, а значыць, вердыкт мы пачуем яшчэ не хутка. У той самы час пацярпелыя мянчане прадаўжаюць змагацца за свае кватэры і правы. 22 лютага ў судзе разглядалася справа Алены, якая больш за год спрабуе даказаць, што «трохпакаёўка» ў даўгабудзе на Смаргоўскім тракце належыць ёй.

Сітуацыя Алены адрозніваецца ад тых, у якую трапілі амаль два дзясяткі яе таварышаў у няшчасці: разам з мужам жанчына набывала не абяцанні і паветра, а канкрэтныя квадратныя метры – дом быў ужо амаль дабудаваны, заставаліся толькі тэхнічныя моманты. Муж і жонка паспелі пабываць у прапанаванай ім кватэры, у думках расстаўлялі мэблю ў пакоях і цярпліва чакалі, калі ж шасцігадовы даўгабуд будзе здадзены гораду. А чаго сумнявацца – усё бакі (забудоўнік, падрадчык і пакупнікі) заключылі трохбаковую дамову саступкі правоў і патрабаванняў. $ 70 000 паляцелі ў кацёл Краўчанкі.

ФОТА: ONLINER.BY

А калі шчаслівы момант усё ж такі настаў, мянчане высветлілі, што ўсё пайшло не так. Забудоўнік – кампанія «Белкамунбудмантаж», у якой да таго моманту змянілася кіраўніцтва, – паняцця не мае, хто такія Алена з мужам, і ніякіх дакументаў, што «трохпакаёўка» на трэцім паверсе павінна належаць ім, у вочы не бачыў. Пачаліся суды, у іх зрэшты, Алена паспяхова перамагла – Феміда пастанавіла, што БКБМ павінен выканаць свае абавязальніцтвы. Забудоўнік кожны раз аспрэчваў вынесеную пастанову. Цяжба задоўжылася амаль на паўтара года. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што менавіта гэтая кватэра апынулася ў закладзе ў «інвестара» П., які, паводле чутак, пазычыў Краўчанку парадку $ 250 000.

І вось пасля шматлікіх пакутаў адбыўся разгляд касацыйнай скаргі на пастанову суда ад 19 кастрычніка 2017 года (хоць, шчыра кажучы, адбыцца ён павінен быў значна раней, але з незразумелых для жанчыны прычынаў пастаянна пераносіўся).

На пасяджэнне, якое нарэшце паставіла кропку ў гэтым пытанні, прыйшлі не толькі пазоўнік, адказчык, іх прадстаўнікі, мянчанін П., які пазычыў суму больш за $ 250 000 «Копинстрою», але і іншыя пацярпелыя – у невялікай зале судовых пасяджэнняў ледзь змясціліся ўсе ахвотныя. Зрэшты, спачатку сітуацыя не выглядала аптымістычнай: высветлілася, што забудоўнік, падрадчык і «інвестар» П. вядуць перакрыжаваныя баі ў судах Менска. Тэарэтычна гэта магло б застопарыць працэс, але, на шчасце, не на гэты раз.

Што тычыцца пазіцыі менчука П., які прэтэндуе на тую самую кватэру, што і сям'я Алены, то ягоны падыход максімальна просты: угода з «трохпакаёўкай», на якую ён паводле дамоўленасці з Краўчанкам меў права, здзяйснялася без ягонай згоды. І калі ён не атрымае гэтае жыллё, то на кампенсацыю сваіх выдаткаў праз дамову закладу спадзявацца не зможа: перад ім не менш за 20 спаганяльнікаў з вялікімі сумамі.

«Белкамунбудмантаж» – забудоўнік, які больш за пяць гадоў узводзіў усяго адзін дом, люта пярэчыў супраць таго, каб трохбаковая дамова, якую Алена і яе муж заключылі ў 2016-м, была прызнаная. Матывацыя наступная: угода не была зарэгістраваная, сума на рахунак забудоўніка не прыйшла, а дзеянням (і подпісам) былога дырэктара веры няма. Больш за тое, пад сумнеў трапіла не толькі дамова саступкі права патрабаванняў, але і акты ўзаемазаліку паміж забудоўнікам і падрадчыкам.

А вось адвакат «Копинстроя» на здзіўленне ўсімі фібрамі сваёй душы выступаў за пастанову на карысць Алены. Выслухаўшы ўсе бакі, суд пастанавіў: «Пастанову суда Цэнтральнага раёна горада Менска ад 19 кастрычніка 2017 пакінуць без змены. Касацыйныя пратэсты пакінуць без задавальнення». Гэта значыць, што ўжо заўтра Алена са сваім асобнікам дамовы можа ісці ў Менгарвыканкам, рэгістраваць яго, а ўжо потым звяртацца да забудоўніка па даведку і афармляць права ўласнасці ў Менскім гарадскім агенцтве дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. У парадку нагляду забудоўнік і мянчанін П. яшчэ могуць падаць скаргу, але галоўнае, што асноўная пастанова ўступіла ў сілу.

– Якое шчасце, што гэты жах скончыўся, – не стрымала слёзаў Алена. – Таго, каб пастанова ўвайшла ў законнае дзеянне, давялося чакаць доўгія чатыры месяцы. Справа вывучалася больш за год, аналізавалася з усіх бакоў. Мы, сумленныя дзельнікі, якія заплацілі грошы падрадчыку, заключыўшы дамову з усімі бакамі, былі вымушаныя жыць як на вулкане: адбяруць у нас усё ці яшчэ ёсць надзея на нармальнае жыццё. Самае крыўднае, што на час цяжбаў наша сям'я падзялілася: я з мужам і дваімі маленькімі дзецьмі жывем на здымнай кватэры. Двое старэйшых дзяцей-школьнікаў жывуць у бабулі і вельмі перажываюць, што мы не разам. Спадзяюся, што забудоўнік выканае пастанову суда і не будзе перашкаджаць выдачы ключоў, а таксама хутка аформіць даведку для таго, каб мы маглі падаць дакументы на афармленне права ўласнасці на кватэру.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках