18 траўня 2024, Субота, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лебядзінае возера»: Што будзе пасля Пуціна

12
«Лебядзінае возера»: Што будзе пасля Пуціна

У Расеі ніколі не ведаеш ні сапраўднага канца гісторыі, ні хто пераможа.

Уладзімір Пуцін, вынік дзейнасці якога на пасадзе кіраўніка Расеі поўны кантрастаў, павінен быць пераабраны на новы тэрмін, піша на старонках Les Echos (пераклад – inopressa.ru), адзін з асноўных сусветных экспертаў у сферы энэргетыкі, кіраўнік кампаніі Russian Technology Foundation Дамінік Фаш.

Сімвал «чорнага лебедзя», які ўвёў філосаф Дэвід Юм для ілюстрацыі паняцця непрадказальнасці і які пасля папулярызаваў эканаміст і трэйдар Насім Талеб у сваёй працы пра крызіс 2008 года, накладвае адбітак на расейскае ўяўленне, выходзячы далёка за рамкі балета Чайкоўскага і ягонай дваістасці паміж белым і чорным лебедзем, барацьбой дабра і зла. Пачатак расейскай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі аколены цьмянай няўпэўненасцю, хоць ніхто не будуе ілюзіяў наконт канчатковага выніку, адзначае аўтар артыкула.

«Ксенія Сабчак, новая асоба ў расейскай палітыцы, заяўляе, што Уладзімір Пуцін ужо абраны і што яна б'ецца за наступны "раўнд". Сказаць шчыра, калі сур'ёзна задумацца над сітуацыяй, якая склалася, становіцца ясна, што Пуцін ужо належыць гісторыі. Цыкл заканчваецца, і важным пытаннем становіцца наступная серыя, яе разгортванне і яе акцёры», – мяркуе Фаш.

Ужо не першы раз Расея заблытваецца ў сваёй уласнай гісторыі, а канец цыкла або паваротныя моманты даюць падставу да ўзнікнення фарсаў – трагічных, неверагодных і непраўдападобных. Такія паўстанне дзекабрыстаў, смутны час, бальшавікі, якія нібыта апынуліся ў большасці, а на самай справе – у меншасці, сыход Берыі, ліквідаванага крадком пасля смерці Сталіна, ці развал СССР, прызнаны найвялікшай гістарычнай катастрофай самім Пуціным, нагадвае аўтар.

Столькі нечаканых «чорных лебедзяў», якія псуюць планы найлепшых розумаў і пацвярджаюць поўнае народнай мудрасці выказванне расейскага палітычнага кіраўніка Віктара Чарнамырдзіна (1938–2010): «Хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды!» Нібы да лёсу Расеі прылеплены нейкі гістарычны нешанцунак, гаворыцца ў артыкуле.

«Яшчэ не прыйшоў час падводзіць вынік прэзідэнцтва Пуціна. Гісторыкі зробяць гэта ў патрэбны час і на свежую галаву. Яно поўнае кантрастаў. Некалькі дыпламатычных поспехаў былі адкінутыя назад усюдыісным "газпрамаўскім" парадкам і дробнымі расколінамі, якія ўзніклі праз узяцце закладнікаў у маскоўскім тэатры ў 2002 годзе, у Беслане ў 2004-м, падчас трагедыі з падлодкай "Курск" (2000), і амаль сцёртыя блефам у Крыме», – піша Фаш.

«Калі задумацца над пытаннем пра гэтыя расейскія выключэнні і пра тое, чаму заўсёды магчымы сыход у бок ад самага гладкага сцэнарыя: становіцца вельмі складана прымусіць суіснаваць высокую мараль з няспынна новай рэальнасцю структурнай карупцыі, якая прасякае ўсё грамадства, у тым ліку і ў асаблівасці – эліты. З гэтых падвойных пастулатаў, якія не паддаюцца дысцыпліне, могуць раптам узнікнуць лёсавызначальныя і цяжкапераадольныя сітуацыі, не прадугледжаныя нават у самых смелых сцэнарах. Усё магчыма, але не дай бог! Расея – як "Лебядзінае возера". Ніколі не ведаеш ні сапраўднага канца гісторыі, ні хто пераможа, белы або чорны лебедзь», – падсумоўвае Фаш.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках