18 траўня 2024, Субота, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маршрутнікі: Час мяняць лысую гуму

94
Маршрутнікі: Час мяняць лысую гуму
ФОТА: TYT.BY

Кіроўцы міжгародніх маршрутак настроеныя цвёрда.

Беларусы актыўна карыстаюцца паслугамі міжгародніх маршрутак. Часцяком яны таннейшыя за рэйсавыя аўтобусы, хутчэйшыя, ходзяць да позняга вечару.

Гэты від дзейнасці называецца «нерэгулярнымі аўтамабільнымі перавозкамі пасажыраў». У чым жа адрозненне ад рэгулярных перавозак? Не трэба ўзгадняць расклад з дзяржорганамі.

З 26 лютага «нерэгулярнікі» павінны стаць «рэгулярнікамі». Улады прапаноўваюць перавознікам перайсці на іншую схему працы, а менавіта: выпраўляцца з вакзала, распрацаваць маршрут і расклад, спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках. Самае галоўнае змяненне – трэба плаціць за паслугі аператару аўтамабільных перавозак і аўтавакзала. Дзяржава пастанавіла зрабіць рынак пасажырскіх перавозак падкантрольным. Як індывідуальныя прадпрымальнікі рэагуюць на падобныя змены – сайт Charter97.org даведаўся ў перавозніка з Баранавічаў Уладзіслава:

– Першая інфармацыя пра магчымыя змены ў заканадаўстве з'явілася яшчэ летась. Але, на жаль, грамадскі рэзананс і нейкія дзеянні пачаліся толькі тады, калі «певень дзёўбнуў». На мінулым тыдні давялося прадаць адзін мікрааўтобус, думаю, што давядзецца прадаць і другі. Ведаеце, аж сэрца ёкнула, калі аддаваў ключы новаму гаспадару. Бо гэта свая справа, ужо родная.

Некалі для таго, каб распачаць свой бізнэс, давялося доўгі час працаваць за мяжой. Некалькі сезонаў збіраў трускаўкі ў Нарвегіі. На адкладзеныя грошы атрымалася набыць мікрааўтобус. Справа пайшла ў гару, набыў другі аўтамабіль, наняў кіроўцаў. Безумоўна, было шмат перашкодаў і цяжкасцяў, то кошты на паліва падымуць, то шмат бюракратычных затрымак. Займацца індывідуальным прадпрымальніцтвам у Беларусі – гэта тое самае, што плысці супраць плыні. Але неяк атрымоўвалася трымацца. Больш за тое, я ствараю працоўныя месцы, плачу падаткі – здавалася б, што яшчэ дзяржаве трэба?!

Усе гэтыя змены маюць пад сабой толькі адну прычыну: дзяржаўныя перавознікі не могуць канкураваць з прыватнікамі. У мяне гнуткі графік маршрутаў, сістэма зніжак, працуем у сацыяльных сетках, робім рэкламу, у мікрааўтобусе ёсць бясплатны інтэрнэт.

А дзяржаўныя перавознікі «спачываюць на лаўрах». Яны не думаюць пра кліентаў, жывуць нейкімі «саўковымі» стандартамі, маўляў «пасажыру няма куды падзецца, і так паедзе». Індывідуальныя прадпрымальнікі стварылі канкурэнцыю, а замест таго, каб развівацца, дзяржава пастанавіла задушыць прыватную ініцыятыву.

– А што думаюць вашыя калегі пра змены правілаў пасажырскіх перавозак?

– Ведаеце, усе выдатна разумеюць, што нас проста хочуць выжыць з рынку перавозак. Нам сказалі, што для таго, каб прадаўжаць працаваць, мы павінны падаць спіс машынаў, пазначыць год выпуску, марку, мадэль транспартнага сродку. Нам выдадуць картку, паводле якой можна ездзіць тры месяцы. А далей – болей: праз тры месяцы аператар правядзе тэндар на перавозкі па маршрутах. Для перамогі будзе важнае ўсё: колькі гадоў аўтамабілям, наяўнасць уласнай рамонтнай зоны, колькасць машынаў. Тут ужо сябе могуць праявіць дзяржаўныя перавознікі. Абновяць аўтапарк паводле льготных коштаў, а нас паспяхова перавядуць у разрад «дармаедаў». Нядаўна чытаў, што менскія таксісты выйшлі на страйк; калі гэтае бязладдзе не спыніцца – выйдзем і мы.

– Год таму ў Беларусі пракацілася хваля пратэстаў супраць падатку на «дармаедства». Усё пачалося з эканамічных і сацыяльных патрабаванняў, але яны вельмі хутка перараслі ў палітычныя патрабаванні. Як вы мяркуеце, ці магчыма адно без другога?

– Галоўны вінаваты ўсіх бедаў у нашай краіне – дзяржава. Яна не з'яўляецца гарантам стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Ведаеце, я раней прытрымліваўся такога прынцыпу, што знаходжуся па-за палітыкай. Але сёння зразумеў, што гэта проста немагчыма. Адразу ж на розум прыходзіць вядомы выраз, які трохі перафразую: калі прыйшлі па апазіцыю – я маўчаў, калі прыйшлі па ІП – я маўчаў, калі прыйшлі па «дармаедаў» – я маўчаў, сёння прыйшлі па нас.

Дзяржава сама нас штурхае займацца палітыкай, удзельнічаць у акцыях пратэсту. Мой род дзейнасці прадугледжвае зносіны з кліентамі, сталую камунікацыю, перавознікам якраз складаць сацыялагічныя апытанні. За апошні год я не чуў ніводнага станоўчага водгуку пра Лукашэнку, ягоны рэйтынг упаў ніжэй за плінтус. А ўсім калегам скажу: хутка вясна, час мяняць лысую гуму.

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках