8 траўня 2024, Серада, 23:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хронікі малочнай вайны

10
Хронікі малочнай вайны

Прэзідэнт Татарстана паскардзіўся прэм'еру РФ на сухое малако з РБ

Беларускае сухое малако апошнія гады было каменем спатыкнення ў спрэчках айчынных экспарцёраў і расейскага агралобі: па-першае, яго шмат; па-другое, з яго можна вырабляць іншыя малочныя прадукты. «БелГазета» яшчэ ў 2015–2016 гадах меркавала, што менавіта гэтая пазіцыя стане «апошнім довадам каралёў» у замежнагандлёвых спрэчках РФ і РБ. Прадчуванні не падманулі рэдакцыю.

16 лютага прэзідэнт Татарстана Рустам Мініханаў у Сочы на сустрэчы кіраўніка ўрада з губернатарамі ў рамках Расейскага інвестыцыйнага форуму звярнуўся да прэм'ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева з просьбай абмежаваць абарот сухога малака. «Наша рэспубліка вырабляе шмат малака, сёлета здарылася такая сітуацыя, што вывазу няма, кошт на RUR5-8 меншы, чым летась, што стварае вялікую праблему насельніцтву. Гэта адбылося таму, што завезлі сухое малако. Малкамбінаты набылі сухое малако, аднаўляюць прадукцыю. З сухога малака якая прадукцыя, якое здароўе? Без вашага ўплыву гэтая тэма не развяжацца. Калі мы будзем спрыяць запуску сухога малака і вытворчасці з яго прадукцыі, гэта абернецца сур'ёзнымі стратамі», – цытуе казанскае выданне «Бізнес Online» скаргу Мініханава. Зазначце: Беларусь ні разу не згаданая, але ўсім зразумела, у каго набылі сухое малако камбінаты.

Даведка: Татарстан займае паводле аб'ёмаў вытворчасці малака 1-е месца ў РФ: у 2017 г. у рэспубліцы выраблена 1,8 млн т, што на 2,7% больш, чым у 2016 г.

«Дварковічы пытанне не развяжуць»

Калі зазірнуць у татарстанскія СМІ, высветліцца, што гэты зварот не першы і Мініханаў рупіцца не з уласнай ініцыятывы, а на просьбы працаўнікоў. На нядаўняй калегіі Мінсельгасхарча Татарстана да прэзідэнта звярнуўся кіраўнік Атнінскага раёна Габдулахат Хакімаў, канстатаваўшы, што скаргі віцэ-прэм'еру Аркадзю Дварковічу і міністру сельскай гаспадаркі Аляксандру Ткачову безвыніковыя, таму татарскія малочнікі даюць свайму прэзідэнту паўнамоцтвы на пошук праўды пра сухое малако на самым версе: «Дварковічы, Ткачовы не развяжуць пытанне! Ваш аўтарытэт – аўтарытэт рэспублікі! Вам звяртацца трэба да галоўнага чалавеку ў Расеі – Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна!» Татарскія аграрыі сустрэлі гэтую ініцыятыву грамавымі воплескамі. Так што ўсё вельмі сур'ёзна. Паводле ацэнкі міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Татарстана Марата Ахметава, на фоне масавага завозу сухога малака ўпаў попыт на мясцовае, не сухое малако. Трэйдары і перапрацоўнікі зніжаюць закупачныя кошты, фермеры адчуваюць вострыя праблемы са збытам, нясуць страты. Мясцовая антыманапольная ўстанова – УФАС – завяла на найбуйнейшых трэйдараў справу, западозрыўшы ў коштавай змове.

Вачыма трэйдараў сітуацыя глядзіцца яшчэ больш драматычна: на іхнюю ацэнку, рэгіён завалены танным САМ (сухім абястлушчаным малаком) з РБ. «Там [у РБ. – заўв.] кошты нашмат ніжэйшыя за расейскія, у Маскве адкрыта кажуць, што працуюць на беларускім САМ: кошты ніжэйшыя, якасць задавальняе», – заявіў «Бізнес Online» дырэктар групы кампаній «Канталь» Рашыд Шагідулін.

Даведка: У снежні 2017 г. сярэдні кошт вытворцаў САМ да 1,5% тлустасці ў РФ дасягаў RUR146 за кг, у РБ – RUR130.

Калі ўжо сумленна, у злыбедах татарскіх жывёлаводаў іхнія беларускія калегі мелі важную, але зусім не вызначальную ролю. 2017 год на глабальным малочным рынку адзначыўся падзеннем вытворчасці малака і ростам коштаў на яго. Цяпер трэнд змяніўся: са снежня ў РФ кошты падаюць праз рост вытворчасці, з лютага, як і прагназавалі аналітыкі, падзенне зрабілася рэзкім. У жывёлагадоўчым Татарстане гэта асабліва адчувальна – тамтэйшыя СМІ пішуць пра 20–25% цэнапад толькі ў снежні.

Даведка: Паводле прагнозу некамерцыйнага партнёрства развіцця малочнай галіны «ВЕМА», у 2018 г. кошт на малако ў РФ упадзе на 7%, аб'ёмы вытворчасці знізяцца з цяперашняга 31 млн т да 30,5 млн т, сабекошт вырасце на 2-4%.

Можа, беларусы неяк асабліва выдасканалена дэмпінгуюць? Ды не, падобна, яны проста выкарыстоўваюць свае канкурэнтныя перавагі, а кошты апускаюць следам за рынкам. Характэрна, што з боку татарскіх малочнікаў прамых скаргаў на коштавую палітыку беларускіх экспарцёраў не прагучала.

Даведка: 11 студзеня Мінсельгасхарч РБ паводле рэкамендацыі працоўнай групы штодзённага маніторынгу рэалізацыі малочнай прадукцыі на ўнутраным і знешнім рынках знізіў мінімальныя рэкамендаваныя экспартныя кошты на малако сухое абястлушчанае «Экстра», малако сухое абястлушчанае «Стандарт», сухі малочны прадукт, малочна-сыроватачны канцэнтрат, малако сухое часткова абястлушчанае і натуральнае, сухія малочныя прадукты тлустасцю вышэйшыя за 1,5% на RUR10. 13 лютага мінімальныя рэкамендаваныя экспартныя кошты на малако сухое часткова абястлушчанае і натуральнае, сухія малочныя прадукты тлустасцю вышэйшыя за 1,5% паніжаны яшчэ на RUR5.

«НА ДУЛЮ НАМ ТАКІЯ ПРЫНЦЫПЫ»

Ды і ў цэлым зварот аграрыяў Татарстана да прэм'ера РФ па пратэкцыянісцкую абарону быў абстаўлены па-ўсходняму дыпламатычна і акуратна. Наўпрост на афіцыйным узроўні беларускае САМ ніхто не атакаваў.

Тым цікавейшая рэакцыя Мядзведзева на гэтую просьбу, добра, што словы прэм'ер-міністра РФ сталіся растыражаваныя не толькі татарскімі, але і федэральнымі СМІ: «Я дам даручэнне ў гэтым усім разабрацца, мне цяжка запярэчыць супраць тых аргументаў, якія прывёў кіраўнік Татарстана. Мы павінны развіваць малочную прамысловасць».

Мядзведзеў таксама Беларусь наўпрост не назваў, але адразу перавёў праблему з галіновай плоскасці ў міждзяржаўную: «Так, у нас агульны рынак з сябрамі, партнёрамі з ЕАЭС, больш за тое, мы не можам яго абмяжоўваць у сілу падпісанага пагаднення, але павінны думаць пра нашых грамадзянаў. Калі мы блакуем пастаўкі нармальнага малака і адкрываем рынак для сухога малака толькі дзеля захавання эканамічных прынцыпаў, то на дулю нам такія прынцыпы патрэбныя? Трэба толькі падумаць, як з гэтага выйсці».

Безумоўна, пасланыя на дулю прынцыпы інтэграцыі ў Менску пакрыўдзяць многіх, прычым зусім не толькі малочнікаў. Якое выйсце кіраўнік урада РФ будзе шукаць з сітуацыі, якая склалася, не зусім зразумела. Хутчэй за ўсё, гаворка можа ісці пра ўскосную забарону перапрацоўнікам выкарыстоўваць САМ пры наяўнасці мясцовай нявысушанай сыравіны або дзеянні ФАС, Расспажыўнагляду і іншых установаў у гэтым кірунку.

Відавочна, што ў рэгіёнах, якія не вырабляюць (у адрозненне ад Татарстана) неабходных перапрацоўнікам і гандлю аб'ёмаў малака, беларускае САМ усё адно будзе запатрабаванае. Таму забарона ягонага звароту, мабыць, стане лакальнай і абмежаванай у часе.

Разам з тым на ўзроўні ЕАЭС тэма ўсплыве яшчэ не раз і не два – занадта ўжо адчувальны экспартны артыкул – беларускае сухое малако.

Даведка: Паводле звестак Белстата, у студзені-лістападзе 2017 г. РБ паставіла ў РФ 168,8 тыс. т малака і вяршкоў згушчаных і сухіх на $ 347,637 млн. У натуральным выразе да аналагічнага перыяду 2016 г. гэты аб'ём складае 94,8%, у вартасным – 89,9%.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках