24 траўня 2024, Пятніца, 0:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітайскія СМІ: Расею загубіць пыха

35
Кітайскія СМІ: Расею загубіць пыха
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Пыха не дазваляе Расеі вучыцца ў іншых.

Нядаўна на сайце быў апублікаваны фотаздымак мадэлі перспектыўнага расейскага шматмэтавага цяжкага авіяносца. Гэты праект прадэманстраваў нам, што на авіяносцы плануецца наяўнасць двух трамплінаў і катапульты для разгону самалётаў. І самае цікавае, што ўпершыню будзе ўсталяваная электрамагнітная катапульта. Такая мадэль авіяносца дэманструе нам ажыццяўленне ідэй, якія былі выкладзеныя ў стратэгіі развіцця ваенна-марскіх сілаў да 2030 года, зацверджанай Пуціным сёлета. Паводле здагадак спецыялістаў, гэтая мадэль авіяносца стане прататыпам расейскага авіяносца, піша кітайскае выданне Sina.com, (пераклад - inosmi.ru).

Але на самай справе тут няма нічога дзіўнага, цягам апошніх гадоў расейскія СМІ і Міністэрства абароны РФ стала прапануюць розныя планы і праекты развіцця авіяносцаў. Прайшло ўжо столькі гадоў, але акрамя мадэляў так нічога і не было зроблена. Выбітных праектаў таксама не было прапанавана. Некалі магутны Ваенна-марскі флот СССР ужо страціў былую моц. Ужо няма крылаў у двухгаловага арла, позірк якога накіраваны і на Еўропу, і на Азію (у 1497 годзе двухгаловы арол упершыню з'явіўся ў якасці дзяржаўнага сімвала Расейскай дзяржавы, а ў 1993 годзе стаў гербам Расейскай Федэрацыі – заўв. аўтара).

Кажучы пра электрамагнітную катапульту, варта зазначыць, што сёння толькі ЗША пабудавалі і выкарыстоўваюць катапульту такога ўзроўню. Такія катапульты выкарыстоўваюцца на авіяносцах тыпу «Німіц» і «Джэральд Р. Форд». Яны былі ўведзеныя ў строй толькі ў ліпені 2017 года. Электрамагнітная катапульта – гэта ўстаноўка для паскарэння аб'ектаў з дапамогай электрамагнітных сілаў. Прынцып дзеяння падобны на электрамагнітную гармату. Функцыі электрамагнітнай і паравой катапульты вельмі падобныя: абедзве катапульты за кароткі час і дыстанцыю павялічваюць хуткасць самалёта для ягонага бяспечнага ўзлёту з авіяносца. Стварэнне электрамагнітных катапультаў патрабуе самых перадавых тэхналогій. У цяперашні час такімі тэхналогіямі валодае толькі ЗША і Кітай. Ходзяць чуткі, што наш трэці авіяносец будзе выкарыстоўваць электрамагнітныя катапульты. Калі мы зможам іх усталяваць, то Кітай стане другой краінай у свеце, якая абсталюе свае авіяносцы электрамагнітнымі катапультамі ўласнай вытворчасці. Але электрамагнітныя катапульты на расейскіх авіяносцах – гэта ўсё ж такі далёкая мара. З часоў Савецкага Саюза тэхналагічны ўзровень і электроннае абсталяванне Расеі далёка адстаюць ад сярэдняга ўзроўню сучасных краінаў Захаду. Сучаснай Расеі з адсталай прамысловасцю будзе яшчэ больш складана распрацоўваць і вырабляць такое перадавое тэхнічнае абсталяванне, як электрамагнітныя катапульты.

Баюся, што сучасная Расея нават не зможа самастойна вырабіць авіяносец з звычайным трамплінам, не кажучы ўжо пра электрамагнітныя катапульты. Паводле словаў Юрыя Макарава, дырэктара Чарнаморскага суднабудаўнічага завода, для пабудовы авіяносца неабходны СССР, цэнтральны камітэт партыі, дзяржаўны планавы камітэт, а таксама ваенна-прамысловая камісія, дзевяць міністэрстваў абароннай прамысловасці, 600 спецыялістаў у адпаведнай сферы і 8 тысячаў працоўных. Пабудову авіяносца можа ажыццявіць толькі вялікая дзяржава. Распад Савецкага Саюза цалкам разваліў адну з перадавых прамысловых сістэмаў, якая пасля была раздробленая паміж былымі савецкімі рэспублікамі. Так, напрыклад, Чарнаморскі суднабудаўнічы завод цалкам адышоў да Украіны, што прывяло да разбурэння суднабудаўнічай галіны. Пасля гэтага стала немагчыма вырабляць авіяносцы. Разам з гэтым да Украіны адышоў «Навукова-вытворчы комплекс газатурбабудавання «Зара» – «Машпраект», а таксама завод для вытворчасці паравых катлоў. Такі падзел з'яўляецца смяротным для прамысловасці. Гэта прывяло да таго, што Расея цягам доўгага часу не магла вырабляць вялікія караблі.

Ёсць два відочныя прыклады наступстваў такога падзелу. Пасля распаду СССР Расея практычна не вырабляла вялікіх караблёў з водазмяшчэннем больш за пяць тысячаў тонаў. Іншы агульнавядомы факт, што іншыя краіны пачалі перарабляць савецкія авіяносцы. Гэты «вясёлы» авіяносец – кпіна ва ўсіх вайсковых колах. Усё гэта зносіла калісьці вялікая марская дзяржава. Пазбавіўшыся Чарнаморскага суднабудаўнічага завода, заставалася толькі працаваць у Северадзвінску, побач з паўночным палярным кругам, дзе вечная зіма. Але перасоўванне туды абсталявання заўсёды задоўжвалася, што прывяло да тэхналагічнай адсталасці, выцечкі мазгоў і да блытаніны. Пры такіх абставінах, заявы Расеі, што яна хоча пабудаваць авіяносец з электрамагнітнай катапультай – усяго толькі словы. На мой погляд, Расеі цяпер неабходна засяродзіць сваю ўвагу на аднаўленні прамысловасці для вытворчасці авіяносцаў. І самы лепшы варыянт – гэта пачаць мадэрнізаваць адзіны авіяносец, які знаходзіцца на службе, – «Кузняцоў» – і нанова вучыцца.

Нягледзячы на тое, што ў сучаснага ваенна-марскога флоту Расеі шмат праблемаў, але мара Пятра Вялікага ператварыць Расею ў вялікую марскую дзяржаву ўсё яшчэ застаецца ў сэрцах ваяўнічых расейцаў. На жаль, у расейцаў засталася пыха, якая не дазваляе ім вучыцца ў іншых. Яна іх і загубіць.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках