26 красавiка 2024, Пятніца, 15:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Атручванне Скрыпаля: Мэй вылучыла Расеі ўльтыматум

44
Атручванне Скрыпаля: Мэй вылучыла Расеі ўльтыматум

У МЗС Злучанага Каралеўства выклікалі расейскага амбасадара.

Расея да вечара аўторка, 13 сакавіка павінна растлумачыць, якім чынам адбылося атручэнне былога палкоўніка ГРУ і брытанскага экс-агента Сяргея Скрыпаля, а таксама яго дачкі Юліі. Як паведамляе «Нямецкая хваля», пра гэта заявіла, выступаючы ў парламенце Вялікабрытаніі, прэм'ер-міністарка краіны Тэрэза Мэй. Акрамя таго, у сувязі з атручваннем Скрыпаля ў МЗС Злучанага Каралеўства выкліканы расейскі амбасадар. Ад яго чакаюць тлумачэнняў, ці ідзе гаворка пра непасрэдныя дзеянні Расеі супраць Вялікабрытаніі, ці ж Масква не забяспечыла належны кантроль над нервова-паралітычным рэчывам, якім быў атручаны Скрыпаль і якое апынулася ў трэцiх асоб.

«Незаконнае прымяненне сілы»

Калі ўдзел Расеі ў злачынстве будзе даказаны, урад Вялікабрытаніі будзе лічыць гэты факт «незаконным прымяненнем узброенай сілы» Масквой, падкрэсліла Мэй.

Выступаючы перад парламентам, яна заявіла, што за атручваннем 66-гадовага Сяргея Скрыпаля і яго 33-гадовай дачкі «з высокай доляй імавернасці» стаіць Расея. «Расея альбо нясе прамую адказнасць за атаку, альбо дапусціла трапленне яду не ў тыя рукі», - адзначыла прэм'ер.

Яна ўдакладніла, што, паводле звестак расследавання «экспэртаў сусветнага ўзроўню», Скрыпаль і яго дачка былі атручаныя распрацаваным у РФ вайсковым нервова-паралітычным рэчывам тыпу «Навічок». «Нам вядома, што раней Расея вырабляла гэта рэчыва і можа працягваць яго вытворчасць», - падкрэсліла Мэй. З ейных слоў, улады Расеі «разглядаюць перабежчыкаў як законную мэту для забойства».

Шпіёнская гісторыя

Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі выяўленыя без прытомнасці 4 сакавіка ў горадзе Солсберы. Следства сцвярджае, што яны былі атручаны нервова-паралітычным рэчывам. Супрацоўнік брытанскай паліцыі, што першым прыйшоў на дапамогу пацярпелым, таксама быў шпіталізаваны з сімптомамі атручвання. У 2006 годзе Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі за шпіянаж на карысць брытанскай выведкі, а ў 2010 годзе атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі ў рамках абмену шпіёнамі.

9 сакавіка газета Financial Times паведаміла, што Скрыпаль працягваў працаваць на заходнія спецслужбы і пасля таго, як быў высланы з Расеі. Хаця цікавасць да яго як да аператыўнай крыніцы інфармацыі хутка знікла, Скрыпаля на працягу некаторага абмежаванага перыяду часу выкарыстоўвалі для абмеркавання магчымасцяў расейскай выведкі. Інфарматары выдання не выключылі, што якраз гэта і магло стаць прычынай замаху на Скрыпаля.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках