6 траўня 2024, панядзелак, 10:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Пенсійная пастка» можа замкнуцца ў Драздах

39
«Пенсійная пастка» можа замкнуцца ў Драздах
ВЫЯВА: КАЦЯРЫНА МАРЦІНОВІЧ/KP.BY

Пасля перамен у краіне ўсё будзе прыведзенае ў норму.

Даслоўна за пару гадоў страхавы стаж беларусаў, які ўлічваецца пры вызначэнні права на працоўную пенсію, вырас больш чым на дзесяць гадоў. Да 2014 года ён складаў пяць гадоў, але з 1 студзеня 2014 гады тэрмін павялічыўся да дзесяці, а праз год - да пятнаццаці. У 2015-м ён ужо быў роўны 15 гадоў і 6 месяцаў. З пачатку 2017 года страхавы стаж паднялі яшчэ на паўгода - цяпер ён складае 16 гадоў. Планка будзе павялічвацца на шэсць месяцаў штогод, пакуль не дасягне 20 гадоў.

Тысячы чалавек апынуліся закладнікамі сітуацыі і спрабуюць стачыць канцы з канцамі. Як растлумачыць гэты феномен «сацыяльнай дзяржавы» і чаму пенсіянераў у нашай краіне прыраўнялі да «дармаедаў» - сайт Сharter97.org звярнуўся па каментар да прадстаўніцы прафзвязу РЭП у Берасцейскай вобласці Зінаіды Міхнюк:

- Я таксама з'яўляюся пенсіянеркай і атрымліваю 194 рублі маючы 39 гадоў працоўнага стажу. Прыбралі вучобу, прыбралі пяць гадоў за догляд дзіцяці, заробак на прадпрыемстве, дзе я працавала, таксама быў не самы высокі. Вось такая арыфметыка атрымліваецца.

Сёння ўсе пастановы і законы прымаюцца не на карысць простых пенсіянераў. Чыноўнікі спадзяюцца на вялікую пенсію і розныя «бонусы» на старасць гадоў. Таму абсалютна не думаюць пра звычайных людзей. А людзям, якія сядзяць у кабінетах і налічваюць пенсію - прыходзіцца чырванець і хаваць вочы. Сорамна паглядзець у твары тых пенсіянераў, якім яны выплачваюць грошы. Мабыць чыноўнікі не думаюць, што ўсё ў нашай краіне можа памяняцца і тады «пенсійная пастка» замкнецца ў Драздах. Да чаго мы ў нашай краіне прыйшлі? Людзі даведзеныя да галечы падчас сваёй працоўнай дзейнасці, а калі іх адпраўляюць на «заслужаны адпачынак» - галеча прадаўжаецца.

Зусім нядаўна ехала на суд у Пінск, прадстаўляць інтарэсы сябра нашага прафзвязу, распавядала аб праблемах працоўных - і ўбачыла, як людзі зацікавіліся размовай. Пасажыры электрычкі кажуць: «Наколькі ж трэба не любіць свой народ, каб беларусы выязджалі на заробкі ў іншыя краіны, рызыкавалі сваім жыццём, дзеці не бачаць бацькоў, жонкі сваіх мужоў».

Менавіта ў такіх электрычках і раздаецца сапраўдны голас народа. Ведаеце, асабліва радуе напярэдадні 100-годдзя БНР, якое мы будзем адзначаць 25 сакавіка, што ў людзей прыходзіць усведамленне, хоць і на побытавым узроўні, з кім мы маем справу. З такім народам у нахабнай улады няма шанцаў.

- Падчас леташніх пратэстаў людзі адзначалі, што пенсіянеры, якіх заўсёды прылічвалі да «электарату Лукашэнкі», ператварыліся ў сапраўдных ворагаў дыктатара. Вы не заўважалі змены настрою сярод пенсіянераў?

- Я з вамі пагаджуся. Мяне вельмі ўразілі «дармаедскія» пратэсты мінулага года. Асабліва запомнілася акцыя ў Пінску, калі сваю гісторыю незалежным журналістам распавяла адная жанчына. Яна сорак гадоў прапрацавала ў культуры, а атрымлівае пенсію 190 рублёў. А затым яна на ўсю плошчу пачала крычаць: «Людзі! Я хачу жыць, а не выжываць! Не бойцеся, нас апусцілі ніжэй за ліштву, куды нам адступаць далей?» Я асабіста не прысутнічала на гэтай акцыі, але сядзела каля экрана, а слёзы самі капалі з вачэй. Чалавек падняўся з каленяў і заявіў пра сябе на ўсю краіну. Мне ўсё больш і больш падабаецца тое, што сказала актывістка нашага прафзвязу. Яна працавала на адным з самых буйных прадпрыемстваў у Берасці, але ў яе не выстарчыла працоўнага стажу, каб атрымаць годную пенсію. Але ў яе ёсць такая ўпэўненасць, што сітуацыя ў краіне зменіцца і ўсё будзе прыведзена ў норму і справядлівасць пераможа. Мы, прафзвязы, выступаем і змагаемся за правы людзей, якія трапілі ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі. Выступаем за тое, каб у пенсіянераў быў нейкі мінімум. Годны мінімум. Ведаеце, я вельмі рада, што ў сваёй прафзвязнай дзейнасці я бачу вынік. Людзі мяняюцца, дзякуючы «Хартыі-97», дзякуючы іншым незалежным СМІ, дзякуючы салідарнасці людзей.

Я мару, каб пунктам адпраўлення ў свядомасці людзей сталі 100-я ўгодкі БНР, каб людзі зразумелі, што ўлада - гэта мы, а не жменька набліжаных вяльможаў. А чыноўнікам скажу: запомніце, пенсія не за гарамі!

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках