27 красавiка 2024, Субота, 0:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Настаўніца гісторыі: Працую 38 гадоў, а налічылі восем гадоў стажу

53
Настаўніца гісторыі: Працую 38 гадоў, а налічылі восем гадоў стажу

Як працуе «арыфметыка» працоўнага стажу ў Беларусі.

Алена - настаўніца гісторыі. Працуе ў школе 38 гадоў. 9,5 з іх - піянерважатай, год - метадысткай у Палацы піянераў, 9 гадоў - завучам. Паралельна выкладае гісторыю. За школьныя «заслугі» працягласцю ў паўжыцця настаўніцы налічваюць усяго... восем гадоў прафесійнага стажу. А гэта значыць, што яна не можа пайсці на пенсію з нагоды выслугі ў 50 гадоў, паведамляе «Еўрарадыё».

«Дэкрэты ў стаж не пайшлі - з адным дзіцем паўтара года сядзела, з другім - год і 10 месяцаў. Курсы падвышэння кваліфікацыі таксама не ўлічваюцца. Я і цяпер на курсах - процьма сертыфікатаў. Яно мне трэба?» - разводзіць рукамі настаўніца.

А вось ейная калега, Святлана з прычыны стану здароўя наважвае сысці на льготную пенсію: настаўнікі маюць права пакінуць працу ў 50 гадоў пры ўмове, што маюць 25 гадоў прафесійнага стажу (у іншым выпадку чалавека чакае невялікая пенсія з улікам агульнага стажу). Святлану не адпускаюць: высвятляецца, гэтая лічба - з раздзелу фантастыкі.

«Напрыклад, з 2009 да 2017 год мне залічылі ў працоўны стаж пяць гадоў і чатыры месяцы. З педагагічнага стажу выкідваецца ўсё, акрамя непасрэдна выкладчыцкіх гадзін. Атрымліваецца, што я тры гады лынды біла, а не працавала», - кажа Святлана.

Згодна з заканадаўствам, прафесійны стаж - гэта праца ў асаблівых умовах застрахаванай асобы, за якія працадаўца выплачвае ўнёскі на прафесійнае пенсійнае страхаванне. А асаблівыя ўмовы - гэта выкананне настаўнікам штотыднёвай нагрузкі (20 рабочых гадзін, 18 - выкладчыцкая дзейнасць, дзве - класнае кіраўніцтва). Гэта значыць, выканаў крытэрыі - тыдзень працы пайшоў у стаж. Нешта з гэтага не зрабіў на працягу тыдня (не правёў класную гадзіну) - ніякага табе прафесійнага стажу.

«Калі настаўнік едзе ў выправу на дзень (напрыклад, на алімпіяду), то ў прафесійны стаж не залічваюць цэлы тыдзень! - абураюцца нашы суразмоўцы. - З лістком непрацаздольнасці тая ж гісторыя: два дні хварэў, выкідваюць цэлы тыдзень. З летнімі настаўніцкімі канікуламі, працягласць якіх выклікае ў многіх зайздрасць, тое ж самае! Каб два месяцы патрапілі ў педагагічны стаж, павінны супасці зоркі».

Згодна з заканадаўствам, летні адпачынак беларускага настаўніка пойдзе ў прафесійны стаж толькі пры ўмове, што пачнецца на наступны дзень пасля таго, як настаўнік выпрацуе тыднёвую нагрузку. Напрыклад, апошні дзень заняткаў прыпадае на чацвер. Натуральна, што за чатыры дні настаўнік можа выканаць сваю «норму», і на наступны дзень сысці ў ідэальны (гэта значыць, са стажам) адпачынак. Але, калі 31-га траўня прыпадае на панядзелак, то настаўнік фізічна не можа адвесці 18 урокаў. Таму прафесійны стаж за два месяцы злятае ў трубу. З патрэбных 25-ці гадоў настаўнік страчвае такім чынам 4 гады прафесійнага стажу.

«А ў адпачынку чым мы займаемся? Усе мінулае лета праседзела з вучнем: РАНА папрасіла-прымусіла напісаць даследчую працу. Як ты адмовіш? Дзіця атрымала ўзнагароду на конкурсе і планшэт. А настаўніца нічога», - кажа Алена.

На пенсію наяўнасць педагагічнага стажу ніяк не ўплывае: штомесяц былая настаўніца ў сярэднім атрымлівае дзесьці 350 рублёў.

«Адзінае, з 50-ці гадоў нам плацяць невялікую надбаўку за прафесійны стаж», - тлумачаць Еўрарадыё настаўніца.

Атрымліваецца, што каб пайсці на пенсію з прычыны выслугі гадоў, беларускі настаўнік павінен працаваць не менш за 50 гадоў? Нават пры прафесійным выгаранні і нежаданні больш працаваць педагогі павінны заставацца ў школе – дапрацоўваць да 25 гадоў педагагічнага стажу. У той жа час маладыя спецыялісты, асабліва ў рэгіёнах, вымушаныя заставацца без працы і сыходзіць з прафесіі.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках