Пашынян: Расійская ваенная база павінна дзейнічаць паводле законаў Арменіі
- 15.05.2026, 6:06
- 2,208
Прэм'ер Арменіі пракаментаваў скандальны закон Дзярждумы РФ.
Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што расійская 102-я ваенная база, якая знаходзіцца на тэрыторыі краіны, павінна дзейнічаць у межах армянскага заканадаўства. Так ён пракаментаваў прыняты Дзярждумай РФ закон аб прыцягненні расійскай арміі для абароны расіян, арыштаваных за мяжой.
«У мяне няма занепакоенасці, паколькі 102-я ваенная база, незалежна ад таго, якія законы дзейнічаюць у РФ, павінна дзейнічаць у межах заканадаўства і паўнамоцтваў Арменіі. Занепакоенасці быць не можа», — сказаў Нікол Пашынян журналістам.
13 мая Дзярждума ў другім і трэцім чытаннях прыняла закон, які дазваляе прыцягваць узброеныя сілы краіны для абароны расіян, арыштаваных па рашэннях замежных судоў, прынятых без удзелу Расіі або не на падставе міжнароднай дамовы. Рашэнне будзе прымацца паводле ўказу прэзідэнта.
102-я ваенная база размешчаная ў армянскім Гюмры з 1995 года. Першапачаткова Арменія і Расія заключылі пагадненне тэрмінам на 25 гадоў, а ў 2010 годзе яго падоўжылі да 2044-га.