6 траўня 2024, панядзелак, 11:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі хочуць падняць стаўкі адзінага падатку

13
У Беларусі хочуць падняць стаўкі адзінага падатку

Стаўкі прапануецца ўзняць на 7,4%.

У Беларусі хочуць падняць стаўкі адзінага падатку за месяц з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб. Адпаведныя праекты пастаноў вынеслі Мінгарвыканкам і некаторыя аблвыканкамы. Стаўкі прапануецца ўзняць на 7,4%, піша tut.by.

Так, у Гомельскай вобласці праектам пастановы «Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб» сума ставак адзінага падатку ў сярэднім праіндэксаваная на 7,4%. Да прыкладу, для тых, хто займаецца выкананнем паслуг цырульняў і салонаў прыгажосці без прыцягнення наёмных работнікаў, у Гомелі стаўку адзінага падатку прапануецца ўзняць да 97 рублёў, у Мазыры, Жлобіне, Рэчыцы і Светлагорску - да 86 рублёў, а ў астатнiх населеных пунктах вобласці - да 54 рублёў.

У Віцебскай вобласці таксама хочуць для «адаптацыі да інфляцыйных працэсаў і забеспячэння даходнай часткі бюджэту» на 7,4% павысіць стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб.

Да прыкладу, стаўкі адзінага падатку з ІП пры выкананні імі паслуг без прыцягнення наёмных работнікаў за тэхабслугоўванне і рамонт аўтамабіляў прапануецца падняць у Віцебску да 237 рублёў, у Полацку, Наваполацку і Воршы - да 222 рублёў, у райцэнтрах - да 147 рублёў, а ў астатніх населеных пунктах - да 136 рублёў.

«У індывідуальных прадпрымальнікаў - плацельшчыкаў адзінага падатку даход ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг павялічыўся больш як на 25% за 2017 год у параўнанні з 2016 годам, - адзначаецца ў абгрунтаванні праекта падвышэння. - Да прыкладу, рост даходу індывідуальных прадпрымальнікаў, якія вядуць раздробны гандаль нехарчовымі таварамі, склаў 129,4%, тых, хто выконвае паслугі рамонту прадметаў асабістага карыстання, бытавых вырабаў - 128%, паводле дзейнасці таксы - 132,5%».

Чакаецца, што індэксацыя ставак адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб дазволіць дадаткова прыцягнуць у 2018 годзе ў мясцовы бюджэт 0,6 мільёна рублёў.

У Менску падаткавікі прапануюць таксама дзейныя стаўкі адзінага падатку павялічыць на 7,4%. «Чаканыя паступленні адзінага падатку ад фізічных асоб, у тым ліку зарэгістраваных у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, у бюджэт Менска ў 2018 годзе ў сувязі з прыняццем пастановы складуць 26,0 млн рублёў. Такім чынам, у 2018 годзе ў бюджэт паступіць на 1,8 млн рублёў больш, чым у 2017 годзе», - адзначаюць падаткавікі.

Да прыкладу, стаўкі адзінага падатку за рэпетытарства хочуць падняць да 36 рублёў (+2 рубля), для таксістаў - да 171 рубля за месяц, вытворцам мэблі на замову спажыўцоў, уключаючы мантаж, устаноўку мэблі ўласнай вытворчасці - да 207 рублёў (+13 рублёў) , за кампутарнае праграмаванне - да 124 рублёў (+8 рублёў). За арэнду для кароткатэрміновага пражывання аднакватэрных жылых дамоў (iх частак), летніх дамкоў, лецішчаў паводле ўкладзеных у каляндарным годзе двух і больш дамоў, працягласць кожнай з якіх не перасягае 15 дзён (па кожнаму жылому памяшканню, летняму дамку, лецішчу), трэба будзе заплаціць 345 рублёў (цяпер - 323 рублі), за перагон з-за мяжы (за мяжу) аўтамабіляў - 262 рубля (цяпер - 245 рублёў), за тэхабслугоўванне і рамонт аўтамабіляў - да 215 рублёў (цяпер - 201 рубель).

Апошнім разам у Менску стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб павышалі ў снежні 2016 года. Тады яны выраслі ў сярэднім на 12%.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках