10 траўня 2024, Пятніца, 19:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Курэйчык: Тухлае асяроддзе «Беларусьфільма» засмоктвае дырэктараў аднаго за адным

8
Курэйчык: Тухлае асяроддзе «Беларусьфільма» засмоктвае дырэктараў аднаго за адным
Андрэй Курэйчык

Вядомы сцэнарыст і рэжысёр - аб прызначэнні новага дырэктара кінакампаніі.

У экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» Андрэй Курэйчык ацаніў шанцы на поспех новага гендырэктара «Беларусьфільма» Уладзіміра Карачэўскага.

- Я яго ведаю даўно і рады, што выбралі менавіта яго, бо былі значна горшыя варыянты, - заўважыў ён. - Для мяне гэта чалавек з пакалення Паўла Латушкі, які, уласна, і прывёў яго ў міністэрства культуры. Мне наогул здаецца, што найлепшы перыяд за ўсё існаванне Мінкульта быў якраз тады, калі ў ім працавалі Латушка і Карачэўскі.

Суразмоўца прызнае, што новы кіраўнік кінастудыі ў мінулым «сапраўды выявіўся эфектыўным кіраўніком тэатра».

- У ягоную бытнасць там адбыліся прэм'еры даволі вострых п'ес: напрыклад, «Кар'ера доктара РАУС» Віктара Марціновіча, цэлы шэраг яскравых сучасных спектакляў. Я там рабіў прэзентацыю сваёй п'есы «Пакрыўджаныя. Расея»... Як мне здавалася, гэта быў вельмі свабодны і адкрыты тэатр, што з'яўляецца рэдкасцю для нашай краіны.

Але, мне здаецца, тут пытанне ў іншым. Нават калі чыноўнік досыць сучасных поглядаў прыходзіць у замшэлае, неэфектыўнае прадпрыемства, то паўстае пытанне - а што ён будзе далей з ім рабіць? Без глабальнай рэформы, каго туды не прызнач, вынік будзе вельмі слабым, - мяркуе Андрэй Курэйчык.

З ягоных слоў, «Беларусьфільм» як быў, так і застаўся «савецкім монстрам, рудыментам - у тым выглядзе, як ён цяпер працуе».

- Там ужо змянілася процьма дырэктараў - і ніхто не змог нічога зрабіць, бо сама структура гэтага прадпрыемства не адпавядае сучасным патрабаванням кінарынку. Я вельмі спадзяюся, што ў Карачэўскага выстарчыць сіл на нейкую выразную рэформу.

Калі змясціць свежы агурок у бочку з салёнымі агуркамі, то ён таксама праз нейкі час стане салёным. Тухлае асяроддзе «Беларусьфільма» засмоктвае і перамолвае дырэктараў аднаго за адным. І ўвесь рэфарматарскі запал ў іх неўзабаве астывае. Будзем спадзявацца, што досвед папярэдніх гадоў будзе улічаны, - рэзюмуе вядомы драматург.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках